Адзіны выбарны дзень установяць у Беларусі

- 15:13Інфармацыйная гадзіна

Мы не станем прымаць надыктаванае нам звонку рашэнне, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ў час пасяджэння пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання.

У Авальнай зале ён прадставіў у першым чытанні законапраект “Аб змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.

“Больш за чвэрць стагоддзя мінула з моманту, калі ў сценах Авальнай залы быў прыняты наш Асноўны Закон, які на доўгія гады замацаваў уласны шлях развіцця маладой суверэннай дзяржавы. Закладзеныя ў той перыяд канстытуцыйныя асновы беларускай дзяржаўнасці забяспечваюць неабходныя ўмовы для таго, каб Беларусь стала моцнай і стабільнай краінай, сапраўднай дзяржавай для народа. Відавочна, што самастойны палітычны суб’ект у цэнтры Еўропы, які не жадае гуляць па навязаных звонку правілах, шмат каму не дае спакою. У ход ідуць самыя езуіцкія метады і прыёмы — ад хлусні да надуманых санкцый”, — сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, падзеі апошняга часу даказалі, што мы не станем прымаць надыктаванае нам звонку рашэнне. “І будзем самі прымаць рашэнне, заснаванае на патрэбах і запытах беларускага грамадства. Менавіта такім рашэннем з’яўляецца прадстаўлены сёння законапраект, — адзначыў прэм’ер. — Гэты дакумент прадугледжвае карэкціроўку Канстытуцыі ў частцы правядзення выбараў дэпутатаў парламента і мясцовых Саветаў дэпутатаў у адзіны дзень, а таксама прадаўжэнне кадэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га склікання. Такая прапанова атрымала канкрэтныя юрыдычныя фармулёўкі ў выніку агульнанацыянальнага збору ініцыятыў па змяненні Канстытуцыі. Грамадзяне накіроўвалі значную колькасць прапаноў, якія змяшчалі меркаванне аб мэтазгоднасці адначасовага правядзення выбараў дэпутатаў усіх узроўняў”.

Гэтая ініцыятыва прайшла высокапрафесійную экспертную ацэнку Канстытуцыйнай камісіі, падтрымана Нацыянальным сходам і па яго хадайніцтве ўнесена кіраўніком дзяржавы ў парламент.

“У гэтым кантэксце хачу асабліва адзначыць актыўную пазіцыю нашых суграмадзян, іх неабыякавасць да палітычнай будучыні краіны. Няма сумненняў, што такая ініцыятыва, якая ідзе ад людзей, будзе служыць на карысць Беларусі, — падкрэсліў Раман Галоўчанка. — Хтосьці можа задацца пытаннем: чаму цяпер, чаму не ў ходзе рэферэндуму па змяненні Канстытуцыі? І навошта трэба прымаць гэтае рашэнне фактычна напярэдадні правядзення гэтага самага рэферэндуму? Я растлумачу. У адпаведнасці з дзеючым канстытуцыйна-прававым рэгуляваннем, наступныя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў павінны адбыцца ў пачатку 2022 года, а ў парламент — у 2023-м. Такім чынам, у выпадку замацавання па выніках рэферэндуму ў Канстытуцыі адзінага электаральнага дня дэпутаты мясцовых Саветаў, выбраныя ў 2022 годзе, будуць ажыццяўляць свае паўнамоцтвы крыху больш за год — да выбараў у парламент 2023 года. Такі кароткі тэрмін паўнамоцтваў неспрыяльна паўплывае на эфектыўнасць іх работы і панізіць цікавасць да вылучэння кандыдатаў на выбары 2022 года. А выбраныя ў студзені будучага года дэпутаты за адведзены прамежак часу аб’ектыўна не змогуць забяспечыць рэалізацыю сваіх паўнамоцтваў у частцы выканання праграм і наказаў выбаршчыкаў”.

Замацаваны ў законапраекце падыход дазволіць мясцовым Саветам дэпутатаў 28-га склікання ажыццяўляць свае паўнамоцтвы да пачатку тэрміну паўнамоцтваў мясцовых Саветаў, выбраных у адзіны дзень галасавання. Такім чынам будуць нівеліраваны названыя непажаданыя наступствы.

Адначасова палажэнні законапраекта накіраваны на ўстанаўленне дадатковых пераваг. Першая — эканомія бюджэтных сродкаў. Другі момант — упарадкаванне электаральных цыклаў. Трэцяе — адзіны дзень галасавання дазволіць сканцэнтраваць актыўнасць выбаршчыкаў, планамерна ўвесці вылучэнне кандыдатаў у перадвыбарную агітацыю, што прадаставіць дадатковыя гарантыі выбарчых правоў грамадзян — ад права быць выбраным да забеспячэння волевыяўлення.

Прагназуецца, што адзіны дзень галасавання дасць выбарам дэпутатаў мясцовых Саветаў і Палаты прадстаўнікоў аднолькавую значнасць. Пры гэтым павысіцца інфармаванасць людзей аб народных выбранніках ва ўсіх інстытутах прадстаўнічай дэмакратыі, што дасць магчымасць лепш разабрацца ў нюансах выбарчага працэсу, адзначыў прэм’ер-міністр.