Нядаўна ў Алматы завяршылася XІ Міжнародная Жаўтыкаўская алімпіяда школьнікаў па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы. У алімпіядзе прынялі ўдзел 58 каманд (391 удзельнік) з Казахстана, Расіі, Украіны, Беларусі, Азербайджана, Грузіі, Арменіі, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана, Балгарыі, Румыніі, Сербіі і Манголіі.
Як вядома, гэтая алімпіяда з’яўляецца праектам Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан. Як і ў мінулым годзе, у гэтых міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах ад нашай краіны прымала ўдзел толькі каманда Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У выніку Міжнародная Жаўтыкаўская алімпіяда школьнікаў па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы камандзе Ліцэя БДУ прынесла 3 месца, якое нашы ўдзельнікі падзялілі са зборнымі фізіка-матэматычнай школы імя У.М.Камарова Тбілісі (Грузія) і ліцэя № 31 Чэлябінска (Расія).
Міжнародная Жаўтыкаўская алімпіяда школьнікаў па матэматыцы; фізіцы і інфарматыцы праводзіцца штогод у студзені на базе Рэспубліканскай спецыялізаванай фізіка-матэматычнай сярэдняй школы-інтэрната для адораных дзяцей імя Арымбека Жаўтыкава ў Алматы (Рэспубліка Казахстан).
Алімпіяду арганізоўвае і праводзіць Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр “Дарын” і Рэспубліканская спецыялізаваная фізіка-матэматычная сярэдняя школа-інтэрнат для адораных дзяцей імя А.Жаўтыкава сумесна з вядучымі УВА рэспублікі. Алімпіяда праводзіцца пры падтрымцы акімата Алматы.
У склад кожнай каманды, як правіла, павінна ўваходзіць не больш за 7 удзельнікаў: да трох чалавек па матэматыцы, да двух па фізіцы і да двух удзельнікаў па інфарматыцы і аднаго ці двух кіраўнікоў (фізік, матэматык, інфарматык). Студэнты вышэйшых навучальных устаноў для ўдзелу не дапускаюцца. Афіцыйныя мовы алімпіяды — казахская, руская і англійская. У алімпіядзе могуць прыняць удзел каманды некалькіх школ з адной краіны.
У выніку на рахунку каманды беларускіх ліцэістаў 7 медалёў рознай вартасці:
Валянцін Віцязь — сярэбраны медаль па матэматыцы;
Дзяніс Кім і Ягор Лаўрэнаў — бронзавыя медалі па матэматыцы;
Мікіта Паўлюкевіч, Яўген Шурыгін — сярэбраныя медалі па фізіцы;
Дзмітрый Калабук — сярэбраны медаль па інфарматыцы;
Сяргей Амелянюк — бронзавы медаль па інфарматыцы.
У якасці кіраўніка каманды выступіла выкладчык матэматыкі ліцэя Таццяна Пятроўна Бахціна.
У камандным заліку гран-пры ўпершыню заваявала каманда Рэспубліканскай спецыялізаванай фізіка-матэматычнай сярэдняй школы-інтэрната для адораных дзяцей імя А.А.Жаўтыкава (Казахстан, Алматы), абышоўшы каманду з МДУ (Расія, Масква), якая, дарэчы, 7 разоў станавілася ўладальніцай гран-пры. На гэты раз юныя расіяне апусціліся на адну пазіцыю ніжэй і занялі 1 месца. 2 месца падзялілі каманды Фізіка-матэматычнай школы ЕДУ (Арменія, Ерэван) і Сафійскай матэматычнай школы (Балгарыя, Сафія).
Кожнаму ўдзельніку пераможнай каманды былі ўручаны каштоўныя прызы: за 1 месца — IPod, 2 месца — смартфоны, 3 месца — планшэты. Усім членам каманды, якая заваявала гран-пры, былі ўручаны ўльтрабукі. 6 каманд адзначаны граматамі.
Па выніках асабістага першынства залатыя медалі атрымалі 31 удзельнік алімпіяды, сярэбраныя — 63 удзельнікі, бронзавыя — 88 алімпійцаў. Усяго было разыграна 182 медалі.
Міжнародная Жаўтыкаўская алімпіяда з’яўляецца працягам традыцый усесаюзных алімпіяд. Яна дае ўдзельнікам унікальны шанс для далейшага росту, развіцця сваіх здольнасцей да дакладных навук, якія становяцца ўсё больш запатрабаванымі ў век імклівага развіцця інавацый і тэхналогій.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.