Адзначаны істотны прагрэс па прывядзенні заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з правіламі СГА

- 11:10Інфармацыйная гадзіна

Дзяржавы — члены Сусветнай гандлёвай арганізацыі на дзясятым афіцыйным пасяджэнні рабочай групы па далучэнні Беларусі падтрымалі крокі, якія прымае ўрад краіны ў гэтым напрамку. Такая інфармацыя размешчана на сайце пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Дэлегацыю Беларусі на пасяджэнні ўзначаліў першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Аўдачэнка. У яе склад увайшлі прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі, фінансаў, юстыцыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, сувязі, лясной гаспадаркі, аховы здароўя, Нацыянальнага банка, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Дзяржстандарту і Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці.

Андрэй Еўдачэнка расказаў пра развіццё беларускай эканомікі, праведзеную работу па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства, завяршэнне двухбаковых перагавораў па доступе на рынкі з Нарвегіяй, Эль-Сальвадорам, Гватэмалай і Ісландыяй.

Прадстаўнікі Еўрасаюза, Канады, Расіі, Арменіі, Кыргызстана, Казахстана, Таджыкістана, Кітая, В’етнама, Індыі, Новай Зеландыі, Аўстраліі, Бразіліі, Мексікі, Украіны, Швейцарыі, Нарвегіі, Турцыі, Японіі, Рэспублікі Карэя, Сальвадора, Эквадора, Кубы, Гватэмалы, Грузіі, Малдовы і іншых краін у сваіх выступленнях падтрымалі крокі, якія прымае Урад Беларусі па далучэнні да СГА, адзначылі істотны прагрэс у частцы прывядзення заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з правіламі арганізацыі. Большасць дзяржаў адзначыла, што ўступленне Беларусі ў СГА будзе садзейнічаць умацаванню міжнароднай гандлёвай сістэмы, што вызначае важнасць хутчэйшага завяршэння перагаворнага працэсу.

Бакі дэталёва абмеркавалі праект даклада рабочай групы па эканамічнай палітыцы Беларусі, рэгуляванні экспарту і імпарту, тэхнічных бар’ерах у гандлі, санітарных і фітасанітарных мерах, гандлёвых аспектах правоў на інтэлектуальную ўласнасць, гандлі паслугамі. Беларуская дэлегацыя адказала на пытанні аб прававым рэгуляванні эканомікі, валютна-фінансавым рэгуляванні, доступе замежных інвестыцый у эканоміку краіны. Чакаецца, што трэцяя рэдакцыя праекта даклада будзе разгледжана на наступным афіцыйным пасяджэнні, запланаваным на чацвёрты квартал 2018 года.