Свята заканчэння зімы заўсёды адзначаецца ў канцы лютага ці пачатку сакавіка. Раніцай на Масленіцу, першы дзень якой прыпадае на панядзелак, кожная гаспадыня пячэ шмат бліноў. Ядуць іх з першым збітым маслам, каштуюць таксама сыр і твораг. А дзяўчаткі ў гэтыя дні водзяць карагоды і спяваюць масленічныя песні.
Самым цікавым заўсёды з’яўляецца апошні дзень свята. Людзі рабілі саламяную бабу – пудзіла зімы. Потым неслі яго ўсім гуртам за вёску ў поле і спальвалі там, а попел раскідвалі па зямлі, каб яна была ўрадлівая і шчодрая.
На базе этнаграфічнага музея “Спадчына” Разанцаўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці вывучаюцца фальклорныя абрады і святы нашага народа. Ужо стала традыцыяй святкаваць Масленіцу. Гэты год не стаў выключэннем для вучняў і настаўнікаў нашай установы. Фальклорная група, якая створана на базе музея, паказала тэатралізаванае прадстаўленне. Песні і гульні захапілі ўсіх. А якія смачныя былі бліны! Іх пакаштаваць маглі ўсе жадаючыя.
Тамара ЕРАСЦЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Разанцаўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна.