Адзначылі Дзень пчол

- 10:44Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

Студэнты і выкладчыкі кафедры прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова адзначылі Cусветны дзень пчол. Гэты дзень стаў адзначацца ў 2017 годзе па рашэнні Генеральнай Асамблеі ААН.

Дзень пчол педагогі і студэнты правялі на базе структурнага падраздзялення ўніверсітэта — аграбіялагічнай станцыі “Любуж”. Тут ужо не першы год дзейнічае сапраўдны пчальнік. Зараз на ім стаіць пяць пчаліных домікаў і штогод збіраецца істотная колькасць цалкам натуральнага мёду.

Падчас святкавання студэнты арганізавалі “пчаліныя” віктарыны, конкурсы. Удзел у іх прынялі некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх — член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці прарэктар універсітэта па вучэбнай рабоце А.В.Дзячэнка.

— Папулярызацыі пчалярства МДУ імя А.А.Куляшова надае вялікае значэнне, улічваючы ролю гэтай галіны ў развіцці чалавецтва, расліннага, жывёльнага свету і захаванні навакольнага асяроддзя. Па-першае, гэта выдатная магчымасць для студэнтаў-біёлагаў атрымаць каштоўныя навыкі і падмацаваныя практыкай веды, якія будуць запатрабаваны імі ў далейшым жыцці. Па-другое, мы актыўна развіваем адукацыйныя і асветніцкія праграмы па пчалярстве для ўсіх жадаючых, у першую чаргу для насельніцтва Магілёўскага раёна, на тэрыторыі якога размешчана аграбіястанцыя. У цэнтры ўвагі таксама навучэнцы агульнаадукацыйных школ горада і раёна. У летні перыяд мы прапануем для іх некалькі займальных пазнавальна-забаўляльных праектаў прыродна-экалагічнай накіраванасці, звязаных не толькі з пчалярствам, — адзначыў у ходзе мерапрыемства А.В.Дзячэнка.

У планах універсітэта — стварыць на аграбіястанцыі свое­асаблівы музей пчалярства. Выкладчыкі і студэнты вырашылі зрабіць на пчальніку шведскі, кітайскі, туркменскі і іншыя пчаліныя домікі. Але больш за ўсё энтузіясты мараць адрадзіць багатыя традыцыі беларускіх бортнікаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота msu.by