Адзначылі лепшых студэнтаў

Лепшых студэнтаў па выніках 2019/2020 навучальнага года адзначылі ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Мерапрыемства прайшло ва ўрачыстай атмасферы. Са значнымі дасягненнямі студэн­таў віншавалі рэктар УВА Віталь Веліканаў, прарэктар па выхаваўчай рабоце Максім Патапенка, старшыня студэнцкага прафкама Віталь Сідзюк.

 — На працягу 12 гадоў па ініцыятыве прафкама ў акадэміі праходзіць агляд-конкурс, які дазваляе належным чынам адзначыць поспехі выдатнікаў вучобы, лепшых у культурна-масавай і спартыўна-аздараўленчай дзейнасці, студэнцкім самакіраванні. Сёлетні агляд быў адметным, бо мы павялічылі колькасць індывідуальных намінацый у розных сферах студэнцкага жыцця, — паведаміў старшыня прафкама студэнтаў Віталь Сідзюк.

Як аказалася, па выніках мінулага навучальнага года ў БДСГА нямала студэнтаў, якія вызначыліся ў вучобе, спорце, творчасці. Усе яны былі адпаведна адзначаны. Так, “Лепшай у мастацкай творчасці” была прызнана студэнтка факультэта бухгалтарскага ўліку Хрысціна Марозава. Яна ж была названа і “Лепшым студэнтам-даследчыкам”. “Лепшым старшынёй студсавета інтэрната” і “Лепшым грамадскім дзеячам” прызналі студэнтку факультэта бухгалтарскага ўліку Аліну Таптунову. У намінацыі “Лепшы ў студэнцкім спорце” перамогу атрымала студэнтка факультэта бізнесу і права Ксенія Заец. Лепшым прафсаюзным лідарам стаў аспірант эканамічнага факультэта Канстанцін Борэль. “Адкрыццём года” назвалі студэнтку эканамічнага факультэта Кацярыну Чорную. Пераможцы ва ўсіх гэтых намінацыях былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі з уручэннем футболкі і кепкі з надпісам, які пацвярджае адпаведнае званне. Акрамя гэтага, кожнаму з іх прызначана надбаўка да стыпендыі ў памеры трох базавых велічынь.

Падчас урачыстасці былі адзначаны і лепшыя акадэмічныя групы. Крытэрыямі ацэнкі для вызначэння пераможцаў гэтай намінацыі былі абсалютная паспяховасць кожнага студэнта групы, удзел у навуковай дзейнасці, спорце, культурна-масавым і грамадскім жыцці. У выніку “Лепшай групай акадэміі” стала другая група 4-га курса факультэта бізнесу і права. Прадстаўнікі гэтага вучэбнага калектыву ўзнагаро­джаны дыпломам, салодкімі падарункамі, пераходным кубкам і грашовым сертыфікатам на 120 базавых велічынь.

Завяршылася святочнае мерапрыемства ўзнагароджаннем уладальнікаў звання “Лепшы студэнт акадэміі”. Пераможцай у гэтай прэстыжнай намінацыі стала прадстаўніца факультэта бізнесу і права Ксенія Заец. Дзяўчына атрымала ўзнагароду — імянны знак, надбаўку да стыпендыі ў памеры дваццаці базавых велічынь, кепку і футболку “Лепшы студэнт БДСГА 2019/2020 навучальнага года”, а таксама планшэт ад прафкама студэнтаў.

Своеасаблівым падарункам для ўсіх прызёраў агляду-конкурсу быў цудоўны канцэрт ад творчых калектываў акадэміі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.