Адзначылі лепшых выпускнікоў

- 11:54Навіны рэгіёнаў

Лепшых выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўшанавалі ў Магілёўскім раёне. Урачыстае мерапрыемства адбылося на мемарыяльным комплексе “Буйніцкае поле”, а яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы, якія за дасягнутыя поспехі ў вучобе атрымалі атэстаты з адзнакай і залатыя медалі.

Павіншаваць маладых людзей з першымі і вельмі значнымі жыццёвымі поспехамі прыйшлі іх бацькі і педагогі. Наведалі ўрачыстасць і ганаровыя госці. Сярод іх старшыня Магілёўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Ярошчанка, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Алекса і інш.

Урачыстасць прайшла ў цёплай, кранальнай атмасферы. У адрас лепшых выпускнікоў раёна было сказана нямала добрых слоў. Гучалі і пажаданні, каб у новым, ужо самастойным, жыцці яны сталі паспяховымі і запатрабаванымі людзьмі, дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Дарэчы, сёлета ў Магілёўскім раёне залатых медалёў Міністэрства адукацыі “За выдатныя веды” ўдастоены 9 выпускнікоў. Гэта навучэнкі Усходаўскай сярэдняй школы Лідзія Драбкова, Аляксандра Ісачанка і Настасся Пяшко, навучэнкі Раманавіцкай сярэдняй школы Арына Галаўнёва і Дар’я Ярохава, вучань Мяжысецкай сярэдняй школы Іван Зайцаў, навучэнкі Кадзінскай сярэдняй школы Валерыя Карпечына і Вікторыя Мароз, а таксама вучаніца Камінтэрнаўскай сярэдняй школы Ганна Шышова.

— Кожны з лепшых выпускнікоў атрымаў заслужаную ўзнагароду за выдатную вучобу з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Ярошчанкі. Ён таксама ўручыў ім падарункі ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталлі Тарасенка. Акрамя таго, мы адзначылі і іх бацькоў. Мамам і татам за ўклад у выхаванне і навучанне дзяцей былі ўручаны падзячныя лісты, — расказала начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама Н.У.Колас. — Завяршылася ўрачыстасць школьным вальсам. Мерапрыемства праходзіла ў значным для ўсіх жыхароў Прыдняпроўскага краю месцы — мемарыяле “Буйніцкае поле”, таму вельмі сімвалічна, што спачатку ў танцы закружыліся юнакі і дзяўчаты ў ваеннай форме, а ўжо потым вальс станцавалі сённяшнія выпускнікі. Гэта стала своеасаблівым напамінам моладзі аб значнасці міру і стабільнасці ў нашай краіне.

Паводле слоў Наталлі Уладзіміраўны, значная колькасць залатых медалістаў сярод выпускнікоў раёна — гэта не разавы высокі паказчык, а ўжо сталая тэндэнцыя.

— У школах раёна створаны ўсе ўмовы для таго, каб дзеці атрымлівалі сапраўды якасную адукацыю. Усе навучальныя ўстановы маюць сучасную матэрыяльную базу, неабходнае вучэбнае абсталяванне. Але галоўнае — паўсюдна ў нас працу­юць цудоўныя, высокакваліфікаваныя педагогі, якія любяць дзяцей і сваю прафесію. Сярод настаўнікаў раёна нямала тых, хто станавіўся прызёрам розных этапаў рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. А дзве нашы школы — Кадзінская і Мяжысецкая — прызнаваліся Міністэрствам адукацыі лепшымі сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэспублікі, размешчаных у сельскай мясцовасці. Усё гэта станоўча ўплывае на ўзровень ведаў вучняў і іх матывацыю да вучобы. Летась сярод выпускнікоў у нас было 9 залатых і 1 сярэбраны медаліст. У гэтым годзе сярод 127 выпускнікоў 11-х класаў таксама 9 залатых медалістаў. Акрамя таго, шмат выдатнікаў вучобы сярод выпускнікоў 9-х класаў. Пасведчанне аб базавай адукацыi асаблівага ўзору сёлета атрымалі 13 навучэнцаў, — адзначыла Н.У.Колас.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Алега ФАЙНІЦКАГА, БелТА.