Адзнака за вучнёўскую працу

- 12:03Адукацыйная прастора

Навучэнцаў школ і гімназій Гродна — пераможцаў і прызёраў абласнога  этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 2019 года — запрасілі ў Гродзенскі гарвыканкам. Словы падзякі прагучалі ў гэты дзень для 190 навучэнцаў, іх настаўнікаў і бацькоў.

Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой уручае прэмію навучэнцы 11 класа сярэдняй школы № 8 Гродна Маргарыце Пілічавай, якая атрымала дыплом І ступені на абласным этапе алімпіяды па хіміі.

— Вы — наша гордасць, прыклад для іншых, — звярнуўся да таленавітай моладзі старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. — 2019 год — Год малой радзімы, а гэта тое месца, дзе праходзіць станаўленне нас як асоб. Тут мы набываем першыя веды і вопыт, адбываецца станаўленне нашага характару. Упэўнены, што Гродна чакае выдатная будучыня, калі ў нас ёсць такая выдатная моладзь. А гарантам вашай добрай адукацыі з’яўляюцца педагогі, якія дапамаглі падрыхтавацца і стаць лепшымі. Хочацца ўсім вам, паважаныя настаўнікі, выказаць вялікую ўдзяч­насць за прафесіяналізм, уменне зацікавіць вучняў і стварыць умовы для іх інтэлектуальнага і духоўнага развіцця.

Удзел у цырымоніі прынялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лілія Кір’як, кіраўнікі адміністрацый Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Гродна Алег Бялінскі і Іван Курман, начальнік аддзела адукацыі гарвыканкама Андрэй Сяманчык, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гродна Аксана Тарасевіч і Алена Адамовіч.

Гарадскія ўлады традыцыйна заахвочваюць пераможцаў алімпіяды — сёлета вучні атрымалі прэміі ў памеры ад 4 да 6 базавых велічынь. Як адзначыў А.А.Сяманчык, з году ў год расце колькасць узнагароджаных навучэнцаў. Так, у мінулым годзе іх было 180. Найбольшая колькасць іх вучыцца ў Гродзен­скай гарадской гімназіі і гімназіі № 1 імя Я.Карскага. Сярод прадстаўнікоў апошняй быў і адзін з самых юных удзельнікаў урачыстасці — навучэнец 7 класа Ула­дзіслаў Гулінскі. Хлопец атрымаў дыплом ІІІ ступені на абласным этапе алімпіяды па кітайскай мове.

У гэтыя дні 111 навучэнцаў з Гродна прымаюць удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.