Афганец, настаўнік, хлебароб

- 10:17Людзі адукацыі

Што такое шчасце і што неабходна для таго, каб чалавек адчуваў сябе шчаслівым? Адназначнага адказу на гэтыя пытанні няма. У кожнага сваё разуменне шчасця. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Фёдаравіч Нікалаюк з Пажэжынскай базавай школы Маларыцкага раёна лічыць, што адным з галоўных складнікаў чалавечага шчасця з’яўляецца мірнае неба над галавой, побач з блізкімі, у родных мясцінах. Менавіта гэта акрыляе і дае стымул жыць.

Настаўнік фі­зіч­най культуры і здароўя старшы лейтэнант запасу У.Ф.Ніка­лаюк.

З Уладзімірам Фёдаравічам не паспрачаешся. Ён выдатна ведае цану міру на зямлі, сапраўдны кошт чалавечага жыцця і шчасця. Амаль два гады У.Ф.Нікалаюк знаходзіўся ў самым пекле Афганскай вайны, не раз глядзеў смерці ў вочы. У любы момант яго магла падкасіць варожая куля, але абышлося. Маці вельмі радавалася, што сын вярнуўся з вайны жывым і здаровым. Суседскім жанчынам так не пашанцавала.

Уладзімір рос звычайным вясковым хлопчыкам: любіў пабегаць, паганяць мяч і шайбу, пакатацца на санках і лыжах. Сярод равеснікаў яго вылучалі сур’ёзнае стаўленне да спорту і дакладны выбар жыццёвага шляху, зроблены яшчэ ў 7 класе. З году ў год мара стаць ваенным толькі ўзмацнялася. Пасля заканчэння школы ён, не раздумваючы, разам з сябрам павёз дакументы ў Кіеўскае вышэйшае ваеннае вучылішча сувязі. Уладзімір паспяхова прайшоў усе іспыты і быў залічаны курсантам. Але жыццёвыя абставіны прымусілі вярнуцца ў родную вёску, дзе ён уладкаваўся ў мясцовы калгас трактарыстам (гэтую прафесію юнак асвоіў у вучэбна-вытворчым камбінаце).

— У кастрычніку 1984 года мяне прызвалі ў армію, — расказвае Уладзімір Фёдаравіч. — Гэтага моманту чакаў з нецярпеннем, нават рыхтаваўся да вайсковай службы. Пасля некалькіх месяцаў у вучэбцы накіравалі ў далёкі Афганістан. 3 лютага 1985 года ранішні Кандагар сустрэў цішынёй. Пачынаўся новы і невядомы этап жыцця, які стаў добрай школай, асэнсаваннем перажытага, часам сталення і ўзмужнеласці. Вайна моцна ўздзейнічае на чалавека. Атмасфера рэальнага бою адкладвае адбітак на ўсім. Але нават у самай цяжкай сітуацыі трэба заставацца чалавекам.

Уладзіміра Фёдаравіча залічылі ў мотастралковую брыгаду. Спачатку ён быў вадзіцелем бронетранспарцёра, затым — стралком, а апошнія 6 месяцаў службы — намеснікам каман­дзіра ўзвода. З першага дня ў Афганістане юнак імкнуўся пайсці ў сапраўдны бой. І гэты момант неўзабаве надышоў.

— Наша брыгада прыкрывала адзін з самых напружаных і небяспечных напрамкаў, дзе праходзілі караваны маджахедаў, якія перапраўлялі з Пакістана ў паўднёвыя правінцыі Афганістана збро­ю і боепрыпасы, — успамінае Уладзімір Фёдаравіч. — Калі пачуліся стрэлы і пачалася першая атака, апанаваў вялікі страх. Але бегчы не было куды. Ды і не для гэтага я прыехаў у Афганістан. Сцішыўся. Сэрца страшэнна калацілася. У думках ужо развітваўся з жыццём. Так захацелася ў родныя Чарняны, каб яшчэ раз пачуць матулю… І толькі рэзкі голас камандзіра вывеў са стану небыцця.

У.Ф.Нікалаюк прызвычаіўся да іншай культуры, чужога побыту і клімату,  хаця спачатку было трохі нязвыкла есці марынаваную бульбу ў трохлітровых слоіках.

— Таварышы па службе расказвалі, як выжываць ва ўмовах гарачага клімату, чаго ні ў якім разе нельга рабіць, каб не абразіць мірнае насельніцтва мусульманскай краіны, як засцерагацца ад інфекцыйных захворванняў пры пастаянным дэфіцыце пітной вады… — расказвае Уладзімір Фёдаравіч.

Дадому ён пісаў сціплыя пісьмы, расказваў пра горы, на якіх і летам ляжыць снег, пра сезоны дажджоў. І ні слова пра небяспеку. Нялёгка было пераносіць і перапады тэмпературы: зімой слупок тэрмометра ноччу апускаўся да –15 градусаў, а днём падымаўся да +50.

У.Ф.Нікалаюк ведаў з аповедаў саслужыўцаў пра тое, як здзекаваліся з палонных савецкіх салдат. Таму, ідучы на выкананне любога баявога задання, памятаў, што ў бязвыхаднай сітуацыі неабходна абавязкова пакінуць апошні патрон ці гранату для сябе. А жыццём даводзілася рызыкаваць амаль штодня. За адзін з іх у лютым 1986 года Уладзімір Фёдаравіч быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Дзякуючы мужнасці і гераізму яго і яшчэ двух саслужыўцаў, усе салдаты ўзвода засталіся жывымі.

— Мы трапілі ў засаду, — гаворыць У.Ф.Нікалаюк. — Ма­джахеды акружалі з усіх бакоў. Мы былі ўжо ўзяты ў паўкольца. Камандзір прыняў рашэнне адыходзіць. Для прыкрыцця пакінуў мяне і яшчэ двух салдат. Мы разумелі, што шансаў застацца ў жывых у нас амаль не было. Але дзякуючы ўмельству і неверагоднаму жаданню выжыць, з акружэння выйшлі не толькі ўсе салдаты, але і мы, якія павінны былі загінуць ад варожых куль. Пераадолець страх дапамагала падтрымка таварышаў, якія неаднойчы выратоўвалі, калі падчас бою заканчваліся патроны. Асабліва было горка, калі гінулі сябры, знаёмыя, землякі. 2 лістапада 1986 года ў званні старшыны сеў у самалёт, які накіраваўся ў СССР.

Пасля дэмабілізацыі Ула­дзімір Фёдаравіч вырашыў звязаць лёс са школай. Паступіў на факультэт фізічнага выхавання тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Вучыцца было нялёгка, бо У.Ф.Нікалаюк ужо стаў сямейным чалавекам. Але ва ўсім дапамагала жонка Алена Паўлаўна, якая сёння працуе настаўніцай фізікі і матэматыкі ў Пажэжынскай базавай школе. Дарэчы, дзве дачкі таксама пайшлі па слядах бацькоў і сталі педагогамі.

Пасля заканчэння інстытута маладога спецыяліста накіравалі ў пажэжынскую школу, дзе ён працуе да гэтага часу. Спачатку ён выкладаў пачатковую ваенную падрыхтоўку, а потым яшчэ і фізкультуру.

— Пасля таго як школа стала базавай, застаўся толькі настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Дзякуй лёсу, што так склалася жыццё. Пра тое, што выбраў настаўніцкую прафесію, не шкадую. Яна прыносіць радасць і задавальненне, — прызнаецца Уладзімір Фёдаравіч.

Фізічнае выхаванне ўключае не толькі ўрокі, але і пазакласныя спартыўна-масавыя мерапрыемствы. У.Ф.Нікалаюк любіць і ўмее гэтым займацца. На яго ўроках няма незацікаўленых вучняў. Вопытны педагог дапамагае кожнаму школьніку стаць першаадкрывальнікам у свеце спорту. Галоўнае для яго — любоў вучняў, павага калег і бацькоў.

Нельга абысці ўвагай і той факт, што амаль 25 гадоў настаўнік працуе летам у мясцовай гаспадарцы камбайнерам. Калі калегі адпачываюць, Уладзімір Фёдаравіч шчыруе на жніве, з радасцю мяняючы настаўніцкую прафесію на хлебаробчую. Праца на зямлі дае не толькі дадатковы заробак, але і вялікае маральнае задавальненне, усведамленне неабходнасці і значнасці таго, што робіш ад душы і шчыра.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.