Афганістан — наш боль

- 16:35Нам пішуць

15 лютага Беларусь ушаноўвае памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў. Гэтай традыцыі прытрымліваецца і калектыў Вараб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна. Мэтай урока мужнасці “Афганістан — мой боль”, праведзенага сярод вучняў 4—9 класаў, стала выхаванне пачуцця абавязку, адказнасці, самаахвяравання, патрыятызму, цікавасці да ваеннай гісторыі.

Вучні даведаліся аб ваеннай кампаніі ў Афганістане ў 1979—1989 гадах, аб малавядомых старонках і героях той вайны. Хвілінаю маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых салдат. Вучні 6 класа падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Рэха далёкай вайны”. На інфармацыйным стэндзе, прысвечаным воінам-інтэрнацыяналістам, дэманстраваліся фотаздымкі воінаў-афганцаў Вараб’евіцкага краю П.П.Дзічко і Ф.А.Лобача. Скончылася мерапрыемства праглядам дакументальнага фільма “Хроніка Афгана”. Прыкладам незгасальнай памяці аб подзвігу савецкіх салдат падчас Афганскай вайны служаць акцыі па добраўпарадкаванні магіл воінаў-інтэрнацыяналістаў Вараб’евіцкай зямлі.

Кожны час нараджае сваіх герояў. Але ратны подзвіг ва ўсе часы стаяў на самым высокім п’едэстале. Мы заўсёды павінны памятаць аб тых, хто ў мірны час аддаваў сваё жыццё дзеля будучых пакаленняў, дзеля міру на ўсёй Зямлі.

Таццяна БОРЫС,
настаўніца гісторыі Вараб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.