Афганістан — наша памяць і боль

У лютым у Забродскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна штогод ладзіцца дэкада грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. Так, у рамках дэкады 14 лютага для навучэнцаў 7—11 класаў прайшло мерапрыемства “Афганістан — наша памяць і боль”. 15 лютага — гэта і свята афганцаў-ветэранаў, і дзень памяці і смутку аб усіх загінулых воінах-інтэрнацыяналістах.

Кожны год беларусы ўспамінаюць дзень вываду савецкіх войск з Афганістана з болем у сэрцы, кожны год з сумам людзі нясуць кветкі да помнікаў воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі пры выкананні воінскага доўгу. Многіх нашых землякоў таксама не абышла Афганская вайна. Тады яшчэ зусім юныя хлопцы, якія толькі што скончылі школу і будавалі планы на будучыню, нават уявіць не маглі, што ім выпадзе служыць у далёкім Афганістане, а незнаёмыя назвы Баграм, Герат, Кабул стануць амаль роднымі. З выпускнікоў Забродскай сярэдняй школы ў Афганістане ваявала 18 чалавек: Сяргей Барсукоў, Сяргей Жураўлёў, Аляксандр Французаў, Аляксандр Бурмакоў, Святаслаў Саўкін, Анатоль Гальцаў, Аляксандр Архіпаў, Міхаіл Аўтушэнка, Аляксандр Сяркоў, Анатоль Емяльянаў, Сяргей Шустаў, Алег Брыкін, Сяргей Гурынаў, Барыс Патапаў, Сяргей Усцінаў, Аляксандр Махрачоў, Сяргей Сляпцоў, Сяргей Халянкоў. Што яны ведалі пра вайну? Хіба з апавяданняў і мастацкіх фільмаў… І вось ім, бязвусым 18-гадовым хлапчукам, давялося сутыкнуцца з жахамі вайны, паглядзець у вочы смерці, перажыць страту таварышаў…

Афганская вайна стала ўжо гісторыяй. А сведкі і непасрэдныя ўдзельнікі гэтай драматычнай гістарычнай падзеі жывуць сярод нас. І кожны год мы запрашаем у школу воінаў-інтэрнацыяналістаў, нашых выпускнікоў. Сёлета гасцямі мерапрыемства былі жыхары Славенскага сельсавета Сяргей Уладзіміравіч Жураўлёў і Сяргей Мікалаевіч Барсукоў. Там, у далёкім Афганістане, нашы дзеці праявілі лепшыя чалавечыя якасці: мужнасць, стойкасць, высакароднасць. У неймаверна цяжкіх умовах баявога жыцця, удалечыні ад дома, штогадзіны падвяргаючыся небяспецы, яны захавалі вернасць ваеннай прысязе, воінскаму і чалавечаму доўгу. Праз гады яны пранеслі ў сабе не толькі гераізм, але і пачуццё таварыскасці. Школьнікі з вялікай цікавасцю слухалі апавяданні-ўспаміны пра баявыя будні герояў-землякоў. Вучні падрыхтавалі для гасцей цікавае выступленне, у якім былі і вершы пра Афган, і душэўныя песні, і відэафрагменты пра мужнасць і гераізм, і апавяданне пра гісторыю іх роднай школы, якой у 2017 годзе споўнілася 80 гадоў. Такія сустрэчы з героямі, якія сталі ўжо традыцыйнымі, дапамагаюць узняць патрыятызм моладзі на належны ўзровень.

Аляксандра ДАВІДОВІЧ,
Галіна БАРСУКОВА,
класныя кіраўнікі 8 і 10 класаў Забродскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна.