Афганскі стоп-кадр

- 16:43Нам пішуць

15 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Нікім і нікому не аб’яўленая, гераічная і адначасова трагічная вайна… Да гэтага часу застаюцца актуальнымі пытанні: ці патрэбны былі нашы хлопцы ў Афганістане і ў імя чаго яны ваявалі? Ні на адно з гэтых пытанняў няма адназначнага адказу. Зразумела адно: Афганская вайна патрабуе глыбокага асэнсавання. Менавіта таму мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у 9 класе сярэдняй школы № 3 Навагрудка, вырашылі правесці ў форме круглага стала, за якім сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў.

На сустрэчу былі запрошаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны Афганскай вайны, настаяцель Барысаглебскай царквы, ваенны камісар Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў. На працягу цёплай, шчырай гутаркі навучэнцы быццам перагортвалі старонкі гісторыі той вайны. А ўспаміны воіна-афганца М.С.Барысевіча дазволілі дзевяцікласнікам па-новаму зірнуць на ваенныя падзеі.

Сустрэча нікога не панікула абыякавым. Вершы, песні, успаміны ўдзельнікаў вайны і маці загінуўшых воінаў выклікалі шчырыя эмоцый. Кожны вучань спрабаваў выказаць свой пункт гледжання на падзеі Афганскай вайны. У канцы мерапрыемства і дарослыя, і дзевяцікласнікі прыйшлі да высновы: гэта быў воінскі доўг. А наша задача — памятаць і паважаць, перадаваць будучым пакаленням вершы і песні, народжаныя на вайне, і быць дастойнаю зменаю тых, хто з гонарам выканаў свой доўг салдата на той далёкай Афганскай вайне.

Ніна ШАФАР,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Навагрудка.