Афлайн і анлайн

- 11:36Дырэктарскі клуб, Суразмоўца, Суразмоўца

Сярэдняя школа № 1 Ліды — тэхнічна сучасная, мае адзіную інфармацыйную адукацыйную прастору. Камп’ютары, мультыборды, інтэрактыўныя панэлі, робататэхніка — усё дзеля павышэння якасці навучання. А яна ў гэтай установе на высокім узроўні. У скарбонцы дасягненняў — рэспубліканскія і міжнародныя перамогі вучняў і педагогаў. Пра карысць інфармацыйных тэхналогій, якія зрабілі школу прагрэсіўнай, гутарым з яе дырэктарам Сяргеем ФАНАСАВЫМ.

— Сяргей Анатольевіч, вы не раз падкрэслівалі, што адным са складнікаў паспяховасці навучальнай установы з’яўляецца развіццё адкрытай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы. Вы яе стварылі. Што далей?

— Укараненне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс — па-ранейшаму інавацыйная кіраўніцкая задача. Цяпер ідзе гаворка не проста пра актыўнае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, а пра стварэнне і развіццё інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы ўстановы адукацыі — адзінай інфармацыйнай прасторы школы на аснове лакальнай сеткі, і, як вынік, пераход да адкрытай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі. Каб развіваць нашу інфармацыйную адукацыйную прастору, мы пастаянна ўдасканальваем матэрыяльна-тэхнічную базу за кошт пазабюджэтных, бюджэтных і спонсарскіх сродкаў. Коль­касць камп’ютараў унутранай лакальнай сеткі складае больш за 100, ва ўсіх прадметных кабінетах устаноўлены інтэрактыўныя комплексы. У пяці кабінетах устаноўлены інтэрактыўныя дошкі або інтэрактыўныя панэлі. Гэта дазваляе настаўнікам выкарыстоўваць мультымедыйныя прадукты ў кожным вучэбным кабінеце школы.

Адзіная інфармацыйная адукацыйная прастора дазваляе кожнаму педагогу мець доступ да віртуальных кабінетаў, архіваў электроннай пошты, фатаграфій, загадаў, баз даных, дае магчымасць перадаваць і капіраваць любыя матэрыялы, ажыццяўляць сумеснае рэдагаванне дакументаў, абменьвацца паведамленнямі, што ў сваю чаргу дазваляе аператыўна прымаць кіраўніцкія рашэнні.

Мы пастаянна абнаўляем і пашыраем матэрыялы віртуальных прадметных кабінетаў, якія створаны па ўсіх прадметах вучэбнага плана (18 віртуальных кабінетаў), развіваем віртуальныя метадычныя кабінеты вучэбнай і выхаваўчай работы, што дазваляе ўдасканальваць працу з педагагічнымі кадрамі, спрыяе павышэнню якасці арганізацыі адукацыйнага працэсу, эканоміць час і забяспечвае хуткі прафесійны рост маладых спецыялістаў. Адзіная інфармацыйная адукацыйная прастора дазваляе кожнаму педагогу мець доступ да віртуальных кабінетаў, архіваў электроннай пошты, фатаграфій, загадаў, баз даных, дае магчымасць перадаваць і капіраваць любыя матэрыялы, ажыццяўляць сумеснае рэдагаванне дакументаў, абменьвацца паведамленнямі, што ў сваю чаргу дазваляе аператыўна прымаць кіраўніцкія рашэнні.

— Такая віртуальна насычаная дзей­насць вашай школы патрабуе не проcта спецыяльнай падрыхтоўкі педагогаў, а іх пераключэння ў зусім іншы фармат работы. Наколькі проста (ці складана) было перацягнуць настаўнікаў на той бок экрана?

— І проста, і складана. Удасканаленню інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці педагогаў удзяляем вялікую ўвагу. Таму штогод у школе арганізуем і праводзім практыка-арыентаваныя семінары, конкурсы па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій, ініцыіруем павышэнне кваліфікацыі педагогаў у галіне інфармацыйных тэхналогій на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Дзякуючы мэтанакіраванай працы, настаўнікі школы не толькі актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя і воблачныя тэхналогіі ў сваёй педагагічнай дзейнасці, але і ствараюць электронныя вучэбныя матэрыялы, актыўна ўдзельнічаюць у даследчых і праектных формах работы з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, неаднаразова перамагалі на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

Для развіцця адкрытага адукацыйнага асяроддзя мы імкнёмся да таго, каб большая (з цягам часу і ўся) частка інфармацыйнай адукацыйнай прасторы школы была размешчана не толькі ў лакальнай сетцы, але і на школьным сайце. Цяпер на сайце школы размешчаны аўтарскія электронныя адукацыйныя рэсурсы — тэматычныя і прадметныя блогі, вучэбныя электронныя курсы, у якія ўключаны завочныя ўрокі і алгарытмы для самастойнага вывучэння асноўных тэм праграмы, заданні для самакантролю, для падрыхтоўкі да экзаменаў.

— Таму і пандэмія не стала для вас выпрабаваннем. Дапамог праект “OnLine школа”?

— Так. Праект “OnLine школа” па ўсіх прадметах вучэбнага плана на сайце нашай школы працуе пяць гадоў. Задзейнічаны ўсе педагогі. Ідэя такой школы заключаецца не ў дыстанцыйным навучанні, а ў дыстанцыйным суправаджэнні навучання. На гэтай платформе кожны настаўнік у любы час, не звяртаючыся да адміністратара сайта (праз свой Google-дыск), можа размясціць любыя электронныя матэрыялы, якія выкарыстаў на ўроку. Вучань дома мае магчымасць паўтарыць і замацаваць матэрыял. Для работы яму неабходна зайсці на сайт школы, выбраць вучэбны прадмет, настаўніка, неабходную папку або дакумент. “OnLine школа“ з’яўляецца часткай адукацыйнай прасторы нашай установы, зразумелай для навучэнцаў, бацькоў, і садзейнічае пабудове індывідуальнай адукацыйнай траекторыі дзіцяці.

Праект дыстанцыйнага суправаджэння навучання “OnLine школа” ў поўнай меры прадэманстраваў свае магчымасці пры дыс­танцыйным навучанні, у арганізацыі работы навучэнцаў, якія засвойваюць школьную праграму, знаходзячыся на дамашнім навучанні.

— З 2009 года на базе вашай школы дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па павышэнні прафесійнай кваліфікацыі педагогаў. Як вы ацэньваеце яго дзейнасць?

— Мы змаглі захаваць статус, пашы­рыць напрамкі яго дзейнасці да шасці. Цяпер на базе цэнтра можна павысіць кваліфікацыю па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у адукацыйнай і кіраўніцкай дзейнасці; па фарміраванні і развіцці інтэлектуальных і даследчых здольнасцей навучэнцаў на аснове інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Можна асвоіць інфармацыйна-метадычнае забеспячэнне ідэалагічнай работы і грамадзянска-патрыятычнага выхавання. У нас ёсць магчымасць павысіць прафесійную кваліфікацыю па выхаванні культуры энергаспажывання з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, а таксама па арганізацыі ўзаемадзеяння сям’і і школы на аснове інфармацыйных тэхналогій. Таксама прадугледжана павышэнне прафесійнай кваліфікацыі педагога па суправаджэнні працэсаў сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы (класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы).

Пры арганізацыі дзейнасці рэсурснага цэнтра мы не толькі праводзім семінары, практычныя заняткі, майстар-класы, але і размяшчаем метадычныя матэрыялы з вопыту работы па ўсіх напрамках дзейнасці на сайце школы ў рубрыцы “Рэсурсны цэнтр”, што значна павышае эфектыўнасць працы. Спасылкі на рэсурсны цэнтр размешчаны на сайтах Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і раённага ўпраўлення адукацыі. За час яго існавання выпушчана больш за 100 брашур па пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу. Неаднаразова вопыт працы педагогаў школы быў адзначаны дыпломамі на рэспубліканскіх выставах навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту. Нашы настаўнікі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы матэрыялаў, размешчаных на партале адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу Міністэрства адукацыі. Школам патрэбен быў рэсурс, каб аб’яднаць метадычны вопыт настаўнікаў, акумуляваць іх дыдактычныя напрацоўкі. Акрамя таго, стварэнне такога рэсурсу — важны крок у лічбавай трансфармацыі адукацыйнага працэсу, таму вельмі прыемна, што і мы маем дачыненне да гэтай справы. 

Праект “OnLine школа” па ўсіх прадметах вучэбнага плана на сайце нашай школы працуе пяць гадоў. Задзейнічаны ўсе педагогі. Ідэя такой школы заключаецца не ў дыстанцыйным навучанні, а ў дыстанцыйным суправаджэнні навучання.

— Сяргей Анатольевіч, ведаю, што выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій паўплывала і на арганізацыю выхаваўчага працэсу ў вашай школе. Чаго ўдалося дасягнуць? 

— Развіццё інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы дазваляе ўдасканаль­ваць выхаваўчы працэс, актывізуе ўзаемадзеянне педагога з навучэнцамі і бацькамі ў віртуальнай прасторы, садзейнічае развіццю дзіцячай і маладзёжнай ініцыятывы. На сайце школы размешчаны матэрыялы інтэрнэт-праектаў, прафарыентацыйныя матэрыялы, пазітыўны вопыт сямейнага выхавання, матэрыялы праекта “Школа актыўнага грамадзяніна“, штомесячны школьны выпуск інфармацыйнай праграмы “Пяць мінут пра галоўнае”, анлайн-віктарыны. У раздзеле “Экскурсіі” віртуальнага школьнага музея прапаноўваюцца распрацаваныя навучэнцамі сцэнарыі экскурсіі, размешчаны спасылкі на інтэрактыўныя карты распрацаваных маршрутаў.

Важным складнікам адкрытага адукацыйнага асяроддзя з’яўляецца камунікатыўнае ўзаемадзеянне. Мы актыўна выкарыстоўваем для работы з навучэнцамі сацыяльныя сеткі, дзе арганізавана работа дзіцячых сall-цэнтраў “Міласэрнасць”, “Моладзь сярэдняй школы № 1 Ліды”, “БРПА сярэдняй школы № 1 Ліды”, з 2020 года рэалізуецца анлайн-праект “Ліда — горад муж­насці”. Не пакідаем без увагі і праблему бяспечных паводзін дзяцей у сацыяльных сетках. У школе праводзіцца цэлы комплекс узаемазвязаных мерапрыемстваў па фарміраванні бяспечнага анлайн-асяроддзя для дзяцей і дарослых, які рэалізуецца па прынцыпе “роўнае навучанне”, працуе група валанцёраў “Тэрыторыя бяспечнага інтэрнэту”.

— У пачатку мы гаварылі, што развіццё інфармацыйнай адукацыйнай прасторы садзейнічае павышэнню якасці адукацыі. Фактычна праз тыдзень закончыцца навучальны год. З якімі вынікамі падыходзіць да фінішу сярэдняя школа № 1 Ліды?

— 2021/2022 навучальны год быў шчодры на перамогі і поспехі як нашых навучэнцаў, так і настаўнікаў, педагагічнага калектыву школы. У нашай школе вучыцца 850 чалавек. Сярэдні бал па выніках года — 7,9. Больш за 12% навучэнцаў заканчваюць навучальны год на выдатна. Кожны чацвёрты вучань школы — пераможца прадметнай алімпіяды. За мінулы навучальны год педагогі нашай установы падрыхтавалі 121 пераможцу раённага этапу прадметных алімпіяд, 10 пераможцаў алімпіяд абласнога ўзроўню. Шэсць навучэнцаў прадстаўлялі нашу ўстанову на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Чатыры вучні сталі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, інфарматыцы, гісторыі. Прыемна адзначыць, што 2 навучэнцы 11 класа фактычна ўжо з’яўляюцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў.

Працягнута дзейнасць даследчага таварыства навучэнцаў “Пошук”. За 2021/2022 навучальны год у розных навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах даследчага характару навучэнцы школы заваявалі 26 дыпломаў, з іх 10 — абласнога ўзроўню, 4 — рэспубліканскага, 2 — міжнароднага.

Навучэнцы школы на працягу навучальнага года з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі шматлікіх акцый і конкурсаў. У прыватнасці, заваяваны дыпломы І ступені ў рэспубліканскім этапе конкурсу “Валанцёр-2021” у намінацыі “Асабісты ўклад”, на XV Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гг. у гістарычнай памяці народа”, на Міжнародным конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”. 

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.