Агарод у горадзе

Я вучылася ў вялікай вясковай школе, дзе захоўваліся ўсе традыцыі школьнага агародніцтва. Я дагэтуль памятаю плантацыі морквы, капусты, цыбулі, якія мы, сотні навучэнцаў, апрацоўвалі, падзяліўшы на часткі паміж класамі. Шмат гадоў назіраючы за тым, як развіваецца агародніцтва ў школах краіны, адзначаю для сябе і для нашых чытачоў, як яно відазмяняецца. Мяняюцца і тэрыторыі прышкольных агародаў (яны сталі намнога меншымі ці ўвогуле зніклі), мяняецца і роля вучняў (аднастайную фізічную працу з рыдлёўкалі і матыкамі ўсё часцей замяняе “разумны агарод” з прыроднымі прынцыпамі ці “аўтаматыка”, дзе праца чалавека мінімізавана.

Якое яно — сучаснае агародніцтва і якой можа быць юнацкая работа заўтра? Як можна агароднічаць без агародаў? На гэтыя і іншыя пытанні атрымалі нядаўна адказы педагогі-эколагі краіны падчас вэбінару па актуальных напрамках развіцця раслінаводства. Яго правяла Ганна Міхайлаўна Пашкевіч, загадчыца сектара бабовых агароднінных культур Інстытута агародніцтва — адзінага ў рэспубліцы даследчага, навукова-метадычнага і каардынацыйнага цэнтра па агародніцтве.

Г.М.Пашкевіч.

Градка ад куцюр

Ініцыятарам гэтага анлайн-семінара выступіў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства ў адказ на шматлікія запыты педагогаў. Алена Фёдараўна Пільнік, метадыст аддзела прыкладной батанікі і фітадызайну РЦЭіК, аргументуючы нагоду яго правядзення, зазначыла: “Педагогі часта пытаюцца ў нас, што новага сёння ў агародніцтве, якія ёсць сучасныя і самыя актуальныя кірункі, якія б дапамагалі зацікавіць яшчэ больш дзяцей працай на зямлі. Здавалася б, ну што новага тут можа быць? Але кожны год, аб’яўляючы розныя намінацыі ў рэспубліканскіх конкурсах, мы бачым новыя і новыя формы і кірункі работы. Так, калі агародніцтва атрымлівае тэму, то мяняецца рытм усёй юнацкай работы, і яно пачынае іграць па-новаму. Напрыклад, раней у нас былі прывычныя плантацыі з градамі, але з нашай падачы яны часткова замяніліся “садкамі гурманаў”. Гэта прыгожыя, эстэтычна аформленыя агародзікі. І цяпер перыядычна ў розных варыяцыях мы абыгрываем гэтую ідэю. Гэта можа быць агароднінная клумба, прыпаднятыя градкі і інш. На іх выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі, каб пры меншых працазатратах быў больш істотны вынік. Гэта і эстэтыка таго, што мы бачым, і эстэтыка працы. Так, агарод можа прыносіць не толькі ўраджай, але і эстэтычную асалоду.

Некалькі гадоў назад мы прапанавалі дзецям паэксперыментаваць з прышчэпкамі. Гэта быў цікавы вопыт: удалося атрымаць ураджай не толькі агуркоў з гарбузовых прышчэпак, але нават, прышчапіўшы таматы на бульбу, вырасціць адначасова і вяршкі, і карэньчыкі. Нашы навучэнцы сабралі ўраджай таматаў, пры­шчэпленых на бульбу, а выкапаныя кусты далі ураджай самой бульбы.

Упэўнена, што агародніцтва хавае ў сабе яшчэ шмат новага і цікавага. І мяркуючы па тым, што да нашай трансляцыі падключыліся калектывы каля 30 экалагічных цэнтраў з усёй краіны (ад педагогаў і метадыстаў да кіраўнікоў устаноў), гэтая тэма вельмі цікавіць педагогаў. А намацаўшы новыя кірункі, па якіх сёння варта павесці юннатаў, упэўнена, нас з вамі чакае яшчэ шмат сюрпрызаў ад іх”.

Максімум карысці на міні-тэрыторыях

Галоўная ідэя вэбінару — паказаць, як на мінімальных тэрыторыях атрымаць максімум ураджаю. Гэты кірунак адзін з самых новых і атрымаў назву “гарадское агародніцтва”, іншымі словамі — агародніцтва ў закрытых памяшканнях ці ў кантралюемых умовах.

“Клімат глабальна мяняецца, мы не можам прадбачыць тэмпературу паветра, колькасць ападкаў, таму так часта нашы расліны на ўчастках то сохнуць, то вымакаюць. Моц­на ўплываюць на ўра­джайнасць і экалагічныя праблемы, напрыклад, забруджванне глебы і вады (гэта не так актуальна для Беларусі, але ў многіх краінах вада ўжо настолькі забру­джаная, што прымяняць яе небяспечна). З ростам гарадоў абмяжоўваюцца і тэрыторыі ворных зямель. Згодна з прагнозамі, да 2050 года 70% насельніцтва Зямлі будзе жыць у гарадах, таму попыт на ворныя землі і агародніну будзе толькі павялічвацца,” — тлума­чыць перспектыўнасць новага кірунку Ганна Міхайлаўна. Яна засяро­дзілася ў сваім выступленні на 5 кірунках. Іх разгледзім падрабязней.

Мікразеляніна

“Вырошчванне мікразеляніны — самы новы ў нашай краіне кірунак, бо выкарыстоўваецца ўсяго 3—4 гады. У Расіі ён прымяняецца 8—9 гадоў, а азіяцкія краіны і ЗША вырошчваюць яе ў сябе ўвогуле з 40-х гадоў мінулага стагоддзя, — расказвае Г.М.Пашкевіч. — Мікразеляніна — гэта новы клас ядомых спецыялізаваных раслін, вызначаных як далікатная няспелая зеляніна. Яе вырошчваюць з насення агародніны, траў або збожжавых культур, уключаючы дзікія віды. У залежнасці ад гатунку і ўмоў вырошчвання мікразеляніну звычайна збіраюць на ўзроўні глебы пасля з’яўлення першай пары сапраўднага лісця, звычайна на працягу 7—21 дня пасля прарастання насення ў залежнасці ад віду расліны. Але думаю, тут для юннатаў будзе цікавы не толькі вынік — сам ура­джай, але і эксперыменты падчас вырошчвання: прасачыць, як сябе праяўляюць розныя гатункі адной і той жа культуры, вызначыць, якія субстраты лепшыя для адной і той жа культуры ці для некалькіх, разгледзець розныя спосабы абеззаражвання насення (фізічныя і хімічныя), розныя тыпы асвятлення, вывучыць біяхімічны склад мікразеляніны”.

Бэбі-агародніна

Як расказала выступоўца, міні-агародніна, ці бэбі-агародніна — спецыя­лізаваная агароднінная група, якая мае меншыя памеры ў параўнанні са звычайнай, бо змяшчае ў сабе адпаведныя гены мініяцюрнасці. Пачатак селекцыйных даследаванняў у галіне міні-агародніны і міні-садавіны быў пакладзены ў канцы 60-х гадоў ХХ стагоддзя пасля эксперымента ў такійскіх супермаркетах (Японія), дзе рэзка ўзрос абарот палавінак і чвэртачак агародніны, якія куплялі адзінокія людзі, якіх на той момант было больш як  41% насельніцтва краіны. Потым швейцарскай селекцыйнай фірмай быў выпушчаны на рынак шырокі асартымент міні-агародніны, памер якой у 2—3 разы меншы, чым у яе “арыгінала”.

“Каб вырошчваць міні-агародніну ў Беларусі неабходна дасвечванне, бо ў нашых умовах раслінам хапае сонца толькі летам, але ў гэты час дзеці на канікулах. Калі абсталяваць памяшканне, то ласавацца агароднінай можна круглы год, — тлумачыць Ганна Міхайлаўна. — Сярод бэбі-агародніны самымі распаўсюджанымі з’яўляюцца карнішоны, таматы чэры, міні-перац, бэбі-патысон, міні-баклажан, жамчужная цыбуля, бэбі-морква, міні-бульба і інш.”.

Даказана, што з-за невялікіх памераў эпідэрміс у міні-агародніне развіваецца мінімальна, што робіць яе больш далікатнай на смак. Выяў­лена, што бэбі-агародніну не трэба рэзаць, таму пры кулінарнай апрацоўцы вітамінаў і мікраэлементаў у ёй захоўваецца значна больш. Гаворачы пра перспектывы доследнай дзейнасці юннатаў у гэтым кірунку, спецыяліст інстытута мяркуе, што можна выпрабоўваць розныя гатункі міні-агародніны, вывучаць умовы яе вырошчвання (субстрат, асвятленне, паліў, падкормка).

Дзікія лекі

Дзікарослыя віды лекавых, вострых і агароднінных культур — яшчэ адзін кірунак для юнацкіх даследаванняў.

“У цяперашні час ядомымі прызнаны больш за 6000 відаў раслін, аднак выкарыстоўваюцца ў ежу каля 15 відаў, што пакрываюць 90% энергіі, што атрымліваецца за кошт ежы. Такое нешматлікае выкарыстанне ядомых раслін прыво­дзіць да звужэння аграбіяразнастайнасці, недахопу дыет, выклікаючы медыцынскі і генетычны крызіс. Таму актуальным кірункам у сучасным раслінаводстве з’яўляецца пошук новых відаў раслін з добрымі смакавымі якасцямі і біяхімічным складам, — гаворыць Ганна Міхайлаўна. — У экалагічных цэнтрах у межах даследаванняў можна заняцца пошукам новых відаў, вывучэннем іх біяхімічных і вітамінных уласцівасцей, карыснасці, вывучэннем іх смакавых якасцей і ацэнкай прыдатнасці да ўжывання”.

Замест глебы — вада і паветра

“Наступствы імклівага росту насельніцтва адбіліся на экасістэме да такой ступені, што разам са змяненнем клімату адбываецца хуткае пагаршэнне якасці глебы і водных рэсурсаў. На фоне гэтага актуальнасць набыў пошук бессубстратных тэхналогій агародніцтва, такіх як гідрапоніка, аэрагідрапоніка, аэрапоніка, — адзначыла Ганна Міхайлаўна і развеяла міф пра яе недохопы: — Калі мы гаворым пра гідрапоніку, то, як правіла, маем на ўвазе цяпліцы, дзе найчасцей вырошчваюцца культуры, якія доўга захоўваюцца. Але калі сорт добра захоўваецца, то ў яго вельмі нізкія смакавыя якасці. Таму, на жаль, слова “гідрапоніка” асацыіруецца са словам “нясмачна”. Калі ж вырошчваць на гідрапоніцы сарты не лёжкія, а звычайныя, то яны будуць такімі ж смачнымі, як і вырашчаныя ў грунце”.

Па меркаванні спецыяліста інстытута агародніцтва, у экалагічных цэнтрах можна прымяніць самыя простыя і бюджэтныя тэхналогіі: пасіўную сістэму гідрапонікі ці сістэму плаваючай платформы. Але, магчыма, нехта зможа стварыць і больш складаныя: тэхніку пажыўнога пласта, глыбіннага патоку, сістэмы кропельнага арашэння. Самыя затратныя — аэрагідрапоніка, аэра- і аквапоніка — хутчэй за ўсё могуць вывучацца дзецьмі толькі для азнаямлення.

Ідзём па вертыкалі

Вертыкальнае раслінаводства дазваляе на аднолькавай плошчы вырошчваць у 26—30 разоў больш прадукцыі ў вагавым эквіваленце. З гэтай прычыны ідзе пошук аптымальных вертыкальных канструкцый розных мадыфікацый. Гэта цікавая тэма, таму ў экалагічных цэнтрах можна заняцца вывучэннем розных вертыкальных канструкцый (стэлажная вертыкальная сістэма, фітагоркі, стэлажная гарызантальная сістэма і г.д.) і вывучэннем іх эканамічнасці.

Разам па новым шляху

Трэба адзначыць, што некаторыя з агучаных на вэбінары кірункаў ужо пачалі прымяняцца ў экалагічных цэнтрах. Напрыклад, навучэнцы РЦЭіК ужо пакаштавалі свой першы ўраджай, вырашчаны на гідрапоніцы. Нядаўна тут з’явілася і вертыкальная зялёная сцяна. Першыя спробы ўзняць агарод над зямлёй зрабілі юныя эколагі і ў рэгіёнах. Падрабязная прэзентацыя і прадэманстраванае ў відэароліку практычнае прымяненне інавацыйных кірункаў, несумненна, паспрыяюць іх больш шырокаму прымяненню.

Назіраючы за тым, якую цікавасць выклікалі выступленне і відэамайстар-клас Г.М.Пашкевіч у педагогаў, Алена Фёдараўна адзначыла:

“Спадзяёмся, што гэты вэбінар стане пачаткам аднаўлення супрацоўніцтва з інстытутам агародніцтва. Раней мы вельмі цесна супрацоўнічалі з інстытутамі агародніцтва, пладаводства, а потым неяк непрыметна сталі працаваць кожны ў сваім кірунку. Але цяпер час патрабуе зноў ісці з імі ў нагу: і педагогі, і навучэнцы хочуць даведацца ад спецыялістаў навуковых цэнтраў, як ім развівацца па-новаму, куды рухацца, якія яшчэ кірункі могуць быць у доследнай рабоце”.

У сваю чаргу спецыялісты інстытутаў з задавальненнем стануць дарадцамі для педагогаў і юннатаў, рыхтуючы сабе маладую змену.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Ганны ПАШКЕВІЧ.