Агонь — сябар небяспечны

Калі бачым наступствы пажараў, задаём адно і тое ж пытанне: “Чаму гэта адбываецца?” Здаецца, што правілы пажарнай бяспекі ведаем выдатна і чуем пра іх штодня. Але пажараў ад гэтага менш не становіцца.

Нядаўна быў рэалізаваны першы запуск сеткавага праекта “Спасайкина мозаика” https://goo.gl/tYqR5T, створанага ў рамках Міжнароднага адукацыйнага марафону “Купалаўскія праекты”. Праект мае на мэце навучыць дзяцей правілам пажарнай бяспекі. “Спасайкина мозаика” распрацавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі адукацыйных стандартаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Расійскай Федэрацыі.

Падчас праекта дзеці змаглі знайсці адказы на пытанні: “Агонь — гэта сябар ці вораг?”, “Як паводзіць сябе ў выпадку пажару?”, “Як справіцца з агнём?” Разам з героем праекта ратавальнікам-пажарным Спасайкіным удзельнікі былі даследчыкамі, мастакамі, фатографамі, карэспандэнтамі, рэдактарамі. Работа праходзіла ў 5 этапаў, на кожным з якіх удзельнікам прапаноўвалася выканаць заданні па стварэнні пэўнага прадукту праектнай дзейнасці.

У агню два бакі. Вось ён ласкавы і пяшчотны, дорыць цяпло і ўтульнасць. А праз хвіліну ён страшны і бязлітасны, знішчае ўсё на сваім шляху. Агонь можа быць і сябрам, і ворагам. Агонь-сябар дапамагае нам гатаваць ежу, сагравае, дае святло, дапамагае ў вытворчасці. Але калі чалавек забывае пра асцярожнасць, то агонь ператвараецца ў ворага — спальвае дамы, лясы, могуць загінуць людзі. Таму нельга забываць пра асноўныя правілы абыходжання з агнём. Гэтым дзеці падзяліліся ў віртуальнай газеце “Небяспечны сябар”.

Пажар — гэта надзвычайная сітуацыя. А падчас надзвычайнай сітуацыі людзі паводзяць сябе па-рознаму, часта ўзнікае паніка, асабліва калі не ведаеш, што рабіць. І тут дапамогуць план эвакуацыі і пажарныя знакі. Удзельнікі праекта даследавалі планы эвакуацыі, размешчаныя ў школах. Звяраючыся з планам, школьнікі шукалі выхад да выратавання з розных кропак школы, асноўныя і дадатковыя выхады. Пры эвакуацыі дапамогуць і пажарныя знакі. Дзеці намалявалі і растлумачылі іх значэнне. Вывучалі ўдзельнікі і планы эвакуацыі, і пажарныя знакі найбліжэйшых грамадскіх будынкаў — бібліятэк, паліклінік, супермаркетаў. Пасля параўнання матэрыялаў даследаванняў стала зразумела, што знайсці дарогу да выратавання ў незнаёмым памяшканні можна. Для гэтага трэба ўмець чытаць план эвакуацыі і пажарныя знакі.

Падчас экскурсіі ў пажарную частку ўдзельнікі пазнаёміліся з работай ратавальнікаў-пажарных. Якімі павінны быць спецыялісты гэтай прафесіі? Здаровымі і фізічна моцнымі. А якімі якасцямі павінны валодаць ратавальнікі-пажарныя? Удзельнікі праекта выбралі патрэбныя якасці і стварылі воблакі слоў. А на парад “На варце агню” каманды прадставілі пажарную тэхніку, якую ўбачылі падчас экскурсіі.

Пажар можа нас застаць не толькі ў школе або дома. Гэта можа здарыцца і ў магазіне, і ў бальніцы, і ў бібліятэцы, і ў цырку. Ці будзем мы дзейнічаць хутка, рашуча і спакойна? Ад гэтага залежыць і наша выратаванне, і выратаванне людзей, якія побач. Для таго, каб у надзвычайнай сітуацыі хутка прыняць правільнае рашэнне, каманды стварылі памяткі “Як дзейнічаць у выпадку пажару ў…”.

Плёнам праекта сталі віртуальная газета “Небяспечны сябар”, зборнік рэбусаў і пазлаў “Вогненная гульнятэка”, альбом «Спасайкин букварь”, пульт Спасайкіна з памяткамі “Як дзейнічаць у выпадку…”, слоўнік тэрмінаў. Вынікам стала акцыя “Мы — за бяспеку!”, падчас якой дзеці пазнаёмілі іншых з правіламі пажарнай бяспекі.

У праекце ўзяла ўдзел 51 команда з Расіі, Беларусі, ДНР. Каманды з Беларусі “Чамучка” з аграгарадка Геранёны (Геранёнская сярэдняя школа, Іўеўскі раён), “Вясёлка” з аграгарадка Доцішкі Воранаўскага раёнана, Гродзенскай вобласці, “Юныя ратавальнікі” (яслі-сад № 61 Гродна) і “Вясёлка” (яслі-сад — базавая школа № 11 Полацка) змаглі выканаць усе заданні праекта, сабраць віртуальную мазаіку і стаць фіналістамі.
Праект скончаны, але карыстацца яго матэрыяламі можна пры правядзенні ўрокаў АБЖ, пазакласных мерапрыемстваў.

Галіна КОЗЕЛ,
аўтар праекта “Спасайкина мозаика”, настаўніца пачатковых класаў
Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *