Аграгіяда — шлях у прафесію

Правядзенне факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” пачалося ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны ў 2018 годзе. Акрамя вывучэння на павышаным узроўні некаторых школьных прадметаў, дзеці атрымліваюць і спецыфічныя веды  — аб тэхналогіі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, сучасных кірунках і метадах у селекцыі і біятэхналогіі сельскагаспадарчых раслін і жывёл, тэхнічным і энергетычным забеспячэнні сельскагаспадарчай вытворчасці і інш.

Навучэнцы аграрнага класа сярэдняй школы № 28 Гродна на экскурсіі ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Прагрэс-Верцялішкі”.

Разам са сваімі навучэнцамі пачалі вучобу настаўнікі, якія выкладаюць курс “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. На працягу амаль двух гадоў у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі праводзілі навучанне настаўнікаў на адукацыйнай платформе “АГРАклас”. Вучыліся не толькі педагогі, але і метадысты раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, інстытутаў развіцця адукацыі іншых аблацей, якія курыруюць гэты напрамак работы. Дарэчы, Гродна стала месцам навучання педагогаў з усіх абласцей Беларусі.

І вось адбылася апошняя ў гэтым годзе сесія адукацыйнай платформы “АграКЛАС”, а таксама Аграгіяда. Так называюць мерапрыемства, калі ў ім прымаюць удзел і навучэнцы. Такая практыка ўпершыню была апрабавана ў мінулым годзе і прадэманстравала вялікую зацікаўленасць навучэнцаў у зносінах, атрыманні новых ведаў і дэманстрацыі гэтых ведаў. Ім таксама прадастаўлялася магчымасць азнаёміцца з навучальнымі ўстановамі аграрнага профілю Гродзеншчыны. Дарэчы, у мінулым годзе ў ГрАІРА быў упершыню арганізаваны і летні лагер для навучэнцаў аграрных і педагагічных класаў.

— У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі на працягу апошніх гадоў праводзіцца сістэмная работа па арганізацыйна-метадычным суправаджэнні факультатыўнага курса “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, — расказвае рэктар інстытута Святлана Сяргейка. — Аграгіяда стала вынікам двухгадовага цыкла работы, якую мы праводзілі ў актыўным супрацоўніцтве з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам.

Змест праграмы факультатыву “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” распрацоўвалі ўсе чатыры аграрныя ўніверсітэты Беларусі. ГрАІРА быў прэзентаваны зборнік матэрыялаў з вопыту работы педагогаў Гродзенскай вобласці (для 10 класа). У зборніку прадстаўлены распрацоўкі факультатыўных заняткаў, апрабаваных у адукацыйным працэсе настаўнікамі, якія арганізу­юць работу факультатыву, з падрабязна прапісанымі мэтамі, задачамі, этапамі. У зборніку прапанаваны метады, прыёмы і формы арганізацыі дзейнасці вучняў, якія спрыяюць павышэнню іх матывацыі і пазнавальнай актыўнасці.

Праграма кожнай сесіі была насычана тэарэтычнымі і практычнымі заняткамі, экскурсіямі на перадавыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Гродзенскага раёна: “Прагрэс-Верцялішкі”, імя Крэмко, перапрацоўчыя прадпрыемствы. Экскурсіі арганізоўвалі і для навучэнцаў аграрных класаў. Так, падчас работы адукацыйнай платформы “АграКЛАС” у лютым гэтага года яе ўдзельнікі пабывалі на сельгаспрадпрыемствах Ваўкавыскага раёна і наведалі знакаміты “Беллакт”. І калі на першай адукацыйнай платформе ў ГрАІРА ў чэрвені 2018 года было

35 удзельнікаў (у тым ліку 10 чалавек з іншых рэгіёнаў краіны), то ў лютым гэтага года — 58, у тым ліку 23 настаўнікі прыехалі ў Гродна з іншых абласцей. Намеснік дырэктара Камунараўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Вольга Кашлачова і дырэктар Салтанаўскай сярэдняй школы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці Надзея Сяржан прынялі ўдзел у рабоце ўсіх сесій адукацыйных платформ і ў Аграгіядах. Такім пастаянствам вылучалася і шмат прадстаўнікоў Гродзенскай вобласці.

Заяўкі на ўдзел у апошняй Аграгіядзе падалі больш за 100 педагогаў і звыш 200 навучэнцаў з Гродзенскай і іншых абласцей краіны. Сярод асаблівасцей гэтага года — правядзенне мерапрыемства на працягу пяці дзён у анлайн-рэжыме, таму была створана інтэрактыўная карта, дзе кожны ­ўдзельнік мог адзначыць сваё месца­знаходжанне, пазначыць сваю школу і прымацаваць сваё фота. Нягле­дзячы на гэтыя акалічнасці, колькасць ­удзельнікаў у параўнанні з мінулым годам павялічылася.

Удзельнікаў Аграгіяды ў першы дзень яе работы павіталі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ула­дзімір Самсановіч і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вітольд Песціс.

— Гэты год унёс змяненні ў традыцыйнае правядзенне Аграгіяды, але не значыць, што яна стала менш цікавай. Кожны з пяці дзён быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі, актыўнай работай і вучобай дарослых і школьнікаў, — гаворыць начальнік упраўлення па рабоце з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі і кантролі якасці адукацыі ГрАІРА Марыя Бразінская. — Вучні прайшлі віртуальны аграквест, які дапамог ім лепш пазнаёміцца з родным краем і зрабіць прафесійны выбар. У яго праграму былі ўключаны інтэрнэт-экспедыцыя “Беларусь аграрная”, творчы эканом-праект “Мой край гасцінны”, а таксама прафарыентацыйны стрым “Скарбніца ведаў у ім схавана”. Вучні наведалі псіхалагічную вэб-лабараторыю “Сябе ў гэтым жыцці адкрыць”, а таксама майстэрню прафесійных адкрыццяў “Формула майго поспеху”. Дарэчы, 20 навучэнцаў выканалі заданні тэста інтэрнэт-экспедыцыі “Беларусь аграрная” без памылак.

У творчым праекце “Мой край хлебасольны” навучэнцы прадставілі 60 работ, дзе ў форме прэзентацыі, відэафільма, плаката, эсэ расказалі аб аграпрамысловым комплексе сваёй малой радзімы. Лепшым быў прызнаны праект каманды POZITIV Вензавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна. Вэб-лабараторыя “Сябе ў гэтым жыцці адкрыць” прадэманстравала прафесійныя прыярытэты навучэнцаў: самымі цікавымі для сябе яны лічаць прафесіі агранома і ветэрынарнага ўрача.

Звыш 50 работ даслалі настаўнікі для ўдзелу ў аграрна-педагагічнай e-mail-канферэнцыі “Класы аграрнай накіравана­сці: ад тэорыі да практыкі”, дзе па­дзяліліся вопытам работы аграрных класаў, бачаннем перспектывы іх развіцця і карыснасцю сеткавай супольнасці.

Настаўнікі абмеркавалі пытанні выкладання ў аграрных класах, спецыфіку прафарыентацыйнай работы, а таксама пытанні ўзаемадзеяння з прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу. Так, настаўнік хіміі і біялогіі Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна Леанід Шафарэвіч правёў аграмітап “Работа ў агракласах: сеткавае ўзаемадзеянне настаўнікаў” і прадставіў асаблівасці кампетэнтнаснага падыходу на занятках факультатыўнага курса “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, а таксама сеткавы праект “Лічбавае земляробства”.

У Гродзенскай вобласці папулярнасць агракласаў расце. У 2019/2020 навучальным годзе першы аграклас быў адкрыты і ў гарадской школе — № 28 Гродна. А работа Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі адзначана Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання. Вопытам работы нашай краіны па стварэнні агракласаў зацікавіліся і ў Расійскай Федэрацыі — Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Удмурцкай Рэспублікі плануе ў супрацоўнічаць і мае намер пабываць у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Падводзячы вынікі Аграгіяды, памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч падкрэсліў, што правядзенне такога мерапрыемства, дзе настаўнікі мо­гуць абмяняцца вопытам, пазнаёміцца з тэн­дэнцыямі і інавацыйнымі падыходамі ў адукацыйным працэсе ў агракласах, а вучні — прадэманстраваць свае дасягненні, гэта значны ўклад у выкананне задач, якія паставіў прэзідэнт краіны ў забеспячэнні аграрнай галіны матываванымі кадрамі.

Правільнасць гэтых слоў пацвяр­джаюць тыя, хто выбраў для сябе вучобу ў агракласе і гэтым зрабіў крок да будучай прафесіі. Вось што напісалі яны аб сваіх марах і планах, калі ў майстэрні прафесійных адкрыццяў “Формула майго поспеху” разважалі аб будучыні.

Я хачу стаць тэхнолагам хлебапякарнай вытворчасці. Упэўнена, што пасля атрымання прафесіі вярнуся на сваю малую радзіму кваліфікаваным спецыялістам і змагу распраца­ваць ўласную рэцэптуру хлебабулачных вырабаў, якія будуць карыстацца поспехам не толькі ў раёне, але і ў краіне”, — напісала Сняжана Клімовіч з Шылавіцкай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.

— Парадак на зямлі, будучы ўра­джай залежаць ад агранома. Гэтую прафесію выбраў калісьці мой бацька. Я таксама хачу жыць на зямлі, бачыць, як поле ператвараецца ў ніву, як плы­вуць па ёй велічныя камбайны, і адчуваць сваё дачыненне да гэтай вялікай таямніцы — нараджэння хлеба. Я хачу прыносіць карысць сваёй краіне. А формула майго поспеху вельмі простая — любоў да роднай зямлі і працавітасць, — гаворыць навучэнка Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Хрысціна Конан.

А навучэнкі Журавіцкай сярэдняй школы імя А.Макаёнка Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці Валерыя Чыж і Дар’я Піскун упэўнены, што, атрымліваючы аддачу ад працы на роднай зямлі, яны заўсёды будуць на вышыні і поспех ім будзе забяспечаны!

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.