АграКЛАС — крок у будучыню

- 11:52Навіны рэгіёнаў

У пачатку новага навучальнага года ў Пацэвіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе створаны аграрны клас. Навучэнцы 10 класа на павышаным узроўні вывучаюць біялогію і хімію, а таксама наведваюць у шосты школьны дзень факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”.

На занятках вучні знаёмяцца з разнастайнасцю сельскагаспадарчых раслін і жывёл, з тэхналогіямі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, з прызначэннем, сутнасцю і перспектывамі аграрных прафесій, а таксама з дзяржаўнай палітыкай развіцця аграпрамысловага комплексу краіны.

У рамках заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж установай адукацыі і Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам аказваецца інфармацыйна-метадычная падтрымка педагогам пры выкладанні факультатыўнага курса, а таксама будуецца прафарыентацыйная работа з навучэнцамі. У дапамогу настаўнікам створана адукацыйная платформа “АграКЛАС”, дзе кожны з нас пры неабходнасці можа знайсці распрацоўкі заняткаў, дадатковы матэрыял, прэзентацыі і відэаролікі да кожных факультатыўных заняткаў. Настаўнікі ўжо мелі магчымасць прыняць удзел у семінарах па рэалізацыі адукацыйнай платформы “АграКЛАС”, а навучэнцы нашай установы з мэтай прафарыентацыі на атрыманне аграрных прафесій пабывалі ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.

Прыемна адзначыць, што цікавасць да факультатыўных заняткаў у дзесяцікласнікаў ёсць, і, вядома, хочацца, каб яны звязалі сваё жыццё з аграрнымі прафесіямі. Асаблівую цікавасць у хлопцаў і дзяўчат выклікае тэматыка жывёлагадоўлі, бо іх бацькі займаюцца развядзеннем свойскай жывёлы. Дзеці дзеляцца з бацькамі карыснай інфармацыяй, атрыманай падчас наведвання факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. З нецярпеннем вучні чакаюць вясны, каб прымяніць атрыманыя веды на практыцы ў полі.

Сувязь паміж школай і ўстановамі вышэйшай адукацыі, якая фарміруецца аграрнымі класамі, дапамагае сённяшнім школьнікам зрабіць выбар, які вызначыць іх далейшае жыццё. І ад яго правільнасці залежыць не толькі будучыня аднаго чалавека, але і сельскай гаспадаркі і краіны ў цэлым.

Святлана СЛУЦКАЯ,
настаўніца біялогіі і геаграфіі
Пацэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.