Агракласы — злучальнае звяно школы і УВА

- 9:59Навіны рэгіёнаў

На Усебеларускім народным сходзе кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на праблему недахопу кадраў у сферы аграпрамысловага комплексу, замацавання моладзі на сяле. Кадры трэба рыхтаваць пачынаючы са школы. Для таго каб павысіць інфармаванасць вучняў 10—11 класаў у гэтай сферы, стварылі аграрныя класы.

З дапамогай аграрных класаў фарміруецца сувязь паміж школай і ўстановамі вышэйшай адукацыі, якая дапамагае сённяшнім школьнікам зрабіць прафесійны выбар. І ад яго правільнасці залежыць будучыня не толькі аднаго чалавека, але і сельскай гаспадаркі краіны ў цэлым.

Першы аграклас у Квасоўскай сярэдняй школе з’явіўся ў 2018 годзе, мы ўжо выпусцілі яго вучняў у жыццё і можам падвесці пэўныя вынікі. У гэтым класе займаліся 7 навучэнцаў. На працягу двух гадоў дзеці вывучалі біялогію і хімію на павышаным узроўні, а таксама для іх праводзіўся факультатыў “Увядзенне ў аграрныя прафесіі”. Вучні наведвалі экскурсіі на розныя прадпрыемствы, якія знаходзяцца на тэрыторыі вытворчага кааператыва імя В.І.Крэмко. Першапачаткова палова навучэнцаў планавала паступаць у аграрныя УВА, матывуючы гэта тым, што жывуць у вёсцы і праца­ваць хацелі б у сваім калгасе: добры заробак, забяспечанасць жыллём, блізка горад, паступленне ва УВА без экзаменаў і сертыфікатаў ЦТ. Палохалі і абавязковая адпрацоўка, ненарміраваны працоўны дзень. Пасля заканчэння школы толькі адзі­н вучань пайшоў у Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, аднак яшчэ 4 чалавекі паступілі ва УВА і каледжы, дзе патрэбныя былі веды па хіміі і біялогіі.

Зыходзячы з вопыту работы ў аграрных класах, хочацца даць некалькі парад, якія, на маю думку, змаглі б палепшыць умовы правядзення заняткаў, а таксама забяспечыць лепшы вынік ад адкрыцця аграрных класаў.

Па-першае, пры правядзенні факультатыву варта даць больш магчымасцей настаў­нікам у супрацоўніцтве як са спецыя­лістамі калгасаў, так і з выкладчыкамі УВА. Яны могуць расказаць не толькі пра мінусы прафесіі, якія дзеці бачаць дома, бо іх баць­кі працуюць у гаспадарцы, але і пра перавагі.

Па-другое, мэтазгодна было б разгле­дзець пытанне аб стварэнні агракласаў на базе адной школы, дзе збіраць зацікаўленых вучняў з суседніх школ, ці ствараць мультыпрофілі ў школе. У агракласе павінны займацца навучэнцы, якія сапраўды хочуць пайсці ў гэтую прафесію, а не ўсе дзеці.

Па-трэцяе, для таго каб пранікнуцца справай, неабходна вытворчая практыка, але гэта павінна быць не праполка палёў, а менавіта праца поруч з заатэхнікам, інжынерам, даяркай, трактарыстам, загадчыкамі фермы або майстэрні. Або трэба разглядзець пытанне аб вяртанні да вучэбна-вытворчых камбінатаў, дзе можна было набыць аграрную спецыяльнасць, што ў далейшым дапамагала б вызначыцца з будучай прафесіяй.

Па-чацвёртае, неабходна суправаджэнне будучага аграрыя з моманту паступлення ў аграклас да моманту выпуску з УВА з боку зацікаўленага сельгаспрадпрыемства. Варта прадугледзець даплату да стыпендыі за добрую вучобу ва УВА, асабліва калі студэнт вучыцца па мэтавым накіраванні. Студэнт павінен ведаць загадзя ўсе ўмовы яго далейшага працаўладкавання, у тым ліку і сацыяльныя гарантыі: заробак, умовы працы, жыллё і г.д. Пры такой падтрымцы маладыя людзі, на мой погляд, будуць затрымлівацца ў сельскай гаспадарцы.

Тэрэса СІЛЬВАНОВІЧ,
настаўніца хіміі Квасоўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.