Аграномы новага пакалення: як у БДСГА рыхтуюць кадры для айчыннага АПК

- 9:00Главная, Образование

Выпускнікі БДСГА — вельмі запатрабаваныя спецыялісты на айчынным рынку працы. Пры гэтым пытанне набору абітурыентаў і павелічэння колькасці мэтавікаў застаецца актуальным. Што робіцца ў акадэміі, каб выправіць сітуацыю, — карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” абмеркавала з рэктарам установы Віталем Веліканавым.

Арыентацыя на практыку

— Віталь Віктаравіч, у гэтым годзе з чатырох аграрных УВА краіны кантрольныя лічбы прыёму ў поўным аб’ёме выкананы толькі БДАТУ. Што акадэмія робіць для павышэння прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій?

Аграрныя УВА маюць права набі­раць да 70% ад кантрольных лічбаў прыёму абітурыентаў-мэтавікаў. Сёлета акадэміі трэба было прыняць крыху больш за 460 мэтавікаў, але да нас прыйшлі каля 260. Гэта таксама вельмі значная лічба. Хоць, магчыма, дзесьці мы крыху недапрацоўваем разам з заказчыкамі кад­раў. Колькасць мэтавікаў фарміруецца Мінсельгасхарчам, зыходзячы з патрэбнасцей у спецыялістах раённых кадравых службаў. Але калі ім патрэбны людзі, то яны самі павінны прывесці да нас такіх абітурыентаў, бо лічбы набору сапраўды высокія і нам адным не справіцца. Каб забяспечыць стапрацэнтны набор на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці, якія не вельмі прывабліваюць абітурыентаў, трэба працаваць усім разам.

БДСГА актыўна ўзаемадзейнічае і са школьнікамі, іх бацькамі, і з заказчыкамі кадраў. На сустрэчах з імі не толькі прадстаўнікі акадэміі расказваюць пра спецыяльнасці і мэтавы набор, але і кіраўніцтва раёнаў і прадпрыемстваў паведамляе пра даплаты да стыпендый у памеры 5—10 БВ. Мы стараемся данесці да падрастаючага пакалення, што ўсе сучасныя інавацыі ідуць у сельскую гаспадарку. Сёння выкарыстоўваюцца і дроны, і тэхналогіі штучнага інтэлекту, аўтапілот і г.д. Праца на сяле з кожным годам усё больш аблягчаецца, а прадукцыйнасць павялічваецца.

У нашу акадэмію кожны тыдзень прыязджаюць навучэнцы школ і гімназій. Мы рэгулярна праводзім дні адкрытых дзвя­рэй, экскурсіі, розныя конкурсы. Да таго ж за кожным раёнам краіны (а іх у нас 118) замацаваны супрацоўнікі нашых кафедр і факультэтаў, таму яны штомесяц некуды выязджаюць для правядзення прафарыентацыйных сустрэч. Але гэта аднабокая работа, бо мэтавы набор ніколі не адбудзецца без удзелу заказчыкаў кадраў. Прадпрыемствы, якія разумеюць, што ім патрэбны спецыялісты, пачынаюць вырашаць гэтае пытанне загадзя, працуючы са старшакласнікамі. Пасля заканчэння акадэміі малады чалавек за пяць гадоў на першым рабочым месцы сталее, стварае сям’ю і застаецца далей працаваць, калі, вядома, і кіраўніцтва ставіцца да яго належным чынам.

Мы заўсёды расказваем вучням школ, што ў АПК лягчэй праявіць сябе і старта­нуць па кар’ернай лесвіцы. Напрыклад, у ліку нашых выпускнікоў — Прэзідэнт краіны. Нездарма кажуць: дзе нарадзіўся — там і спатрэбіўся.

Унікальная база

— Ваша акадэмія мае перавагу перад іншымі аграрнымі ўніверсітэтамі — унікальную базу для практыка-арыентаванай адукацыі. Ці дазваляе яна студэнтам паглыбіцца ў прафесію з першых дзён вучобы?

У нас ёсць РУП “Вучгас БДСГА” са школай-фермай, рыбаводны індустрыяльны комплекс, доследныя і селекцыйныя палі, вучэбны і геадэзічны палігоны, плодагадавальнік, батанічны сад, розныя навукова-практычныя лабараторыі, ветэрынарная клініка і іншыя аб’екты. Усе яны актыўна выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе для правядзення лабараторных і практычных заняткаў. Напрыклад, студэнты агратэхналагічнага факультэта на доследных палях вывучаюць сучасныя тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур, право­дзяць навуковыя даследаванні. А вучэбны палігон — сапраўдны клас пад адкрытым небам для будучых спецыялістаў па ўсіх спецыяльнасцях акадэміі. Тут студэнты знаё­мяцца з асноўнымі відамі аграрнай тэхнікі, асвойваюць яе настройку, рэгуляванне і магчымыя рамонтныя работы.

З мінулага года кожны першакурснік замацаваны за канкрэтным сельскагаспадарчым прадпрыемствам, дзе ён не толькі праходзіць практыку, але і можа прэтэндаваць на першае рабочае месца. Азнаямленчая практыка першакурснікаў пачынаецца ў верасні праз тыдзень вучобы. З гэтага навучальнага года нават нашы навабранцы не проста назіраюць за працоўным працэсам, але і самі ўключаны ў яго. Увогуле, практычны складнік у вучэбных планах нашых спецыяльнасцей займае 70% гадзін.

На другім курсе студэнты могуць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне трактарыста-машыніста і дапамагаць на пасяўной і ўборачнай. У нас адбою няма ад заказчыкаў, якія просяць даць студэнтаў ім на дапамогу. Дарэчы, сёлета самы вялікі заробак быў у нашых студэнтаў, якія працавалі на Горацкім ільнозаводзе. Юнакі на ачэс­ванні і церабленні галовак лёну зарабілі па 3—3,5 тысячы. Студэнты, занятыя ў пасяўной і ўборачнай, — 2—2,5 тысячы. Калі кіраўнікі добра зацікаўліваюць, то студэнты застаюцца і на канікулах праца­ваць. Часам прадпрыемствы просяць і далей пакінуць студэнта для работы, і мы ідзём насустрач і складаем індыві­дуальны графік вучобы. Сёння больш за паўсотню нашых студэнтаў працуюць на прад­прыемствах краіны.

— Сёлета стаяла пытанне аб няпрофільных спецыяльнасцях. Ці закранула яно вашу акадэмію?

— Усе нашы спецыяльнасці профільныя і запатрабаваныя, нават “Правазнаўства”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт у АПК”, “Фінансы і крэдыт”. У нас так сфарміраваны вучэбныя планы, што ўсе студэнты вывучаюць тэхналогію сельскагаспадарчай вытворчасці з першага курса, праходзяць практыку ў аграрных арганізацыях і прадпрыемствах, а таксама размяркоўваюцца ў іх. Затым выпускнікі такіх спецыяльнасцей становяцца нават кіраўнікамі банкаў. А вось калі з БДЭУ прыходзіць эканаміст у АПК, то яму яшчэ гады два даводзіцца патраціць на асваенне ўсяго сельскагаспадарчага працэсу.

Эканамічнай адукацыі ў нашай акадэ­міі ўжо больш за сто гадоў. Дарэчы, мы аднавілі набор на “Камерцыю”. Гэта таксама наша профільная спецыяльнасць, бо аграрнай дзейнасці ніяк не абысціся без камерцыі. Штогод на факультэце бізнесу і права высокія прахадныя балы.

— А якія спецыяльнасці з году ў год застаюцца самымі папулярнымі сярод абітурыентаў?

Мы адзіныя ў краіне, хто рыхтуе землеўпарадчыкаў. Наш землеўпарадкавальны факультэт — цэнтр падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў для прадпрыемстваў, падпарадкаваных Дзяржкамітэту па маёмасці, а таксама для аддзелаў і ўпраўленняў землеўпарадкавання раённых, гарадскіх і абласных выканкамаў. Таму спецыяльнасць “Землеўпарадкаванне і кадастры” заўсёды запатрабавана. Ахвотна паступаюць абітурыенты і на меліярацыйна-будаўнічы факультэт, дзе таксама рыхтуюць унікальных спецыялістаў.

Канечне, для павышэння прэстыжу аграрных спецыяльнасцей варта ўкараняць у адукацыйны працэс перадавыя дасягненні навукі і тэхналогіі, інавацыйныя падыходы, што мы і робім. Рэгулярна абнаўляем спецыяльнасці з улікам патрэб рынку працы, пашыраем колькасць лабараторый, папаўняем абсталяванне і тэхніку.

Зараз на дзевяці факультэтах акадэміі вучыцца каля 8 тысяч студэнтаў.

— Штогод БДСГА ў Дзень ведаў адкрывае новыя аб’екты. Гэты год таксама не стаў выключэннем.

Так, апошнія пяць гадоў па традыцыі мы адкрываем новыя або мадэрнізаваныя аб’екты, усяго іх за гэты час ужо больш за 30. Сёлета мы стварылі тры новыя навукова-адукацыйныя цэнтры. Адзін з іх — “Лічбавая жывёлагадоўля” — функцыянуе на кафедры свінагадоўлі і дробнай жывёлагадоўлі. Напрыклад, тут прадстаўлены самыя сучасныя свіна- і птушкагадоўчыя комплексы. Дакладная жывёлагадоўля становіцца адным са складнікаў лічбавізацыі сельскай гаспадаркі краіны.

У вучэбна-практычным цэнтры прыродаўпарадкавання і будаўніцтва ўстаноўлена сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне: буравыя ўстаноўкі, як сучасныя, так і былыя, розныя стэнды і г.д.

Акрамя таго, мы зрабілі кітайска-беларускі цэнтр аграбіятэхналогій і штучнага інтэлекту ў нашым тэхнапарку “Горкі”. У гэтым цэнтры распрацоўваюцца біяпрэпараты для жывёл, а таксама плануецца нала­дзіць іх вытворчасць і рэалізацыю ў Кітай.

У наступным годзе БДСГА адзна­чыць юбілей — 185-годдзе. Нашым выпускнікам мы хочам паказаць сваё развіццё. Так, летась мы адкрылі дзве новыя лабараторыі. Адна з іх — лабараторыя тэхнічнага сэрвісу машын — прызначана для спецыяльнасці “Тэхнічны сэрвіс у АПК”. Другая — спецыялізаваная лабараторыя таваразнаўства і арганізацыі камерцыйнай дзейнасці. У ёй студэнты факультэта бізнесу і права спецыяльнасцей “Камерцыя” і “Маркетынг” вучацца кіраваць гандлёвымі аб’ектамі і ўзаемадзейні­чаць з пастаўшчыкамі. А таксама мы стварылі ў 2023 годзе цэнтр духоўна-маральнага развіцця “Адраджэнне”. Стараемся адкрываць і новыя спартыўныя пляцоўкі, бо трэба не толькі падрыхтаваць высо­какваліфікаванага спецыяліста, але і выха­ваць годнага грамадзяніна.

За сваю амаль 185-гадовую гісторыю БДСГА — старэйшына аграрнай адукацыі і навукі — перажыла нямала тэхналагічных рэвалюцый. Затое сёння яна сама выступае заканадаўцай аграрнай моды і смела задае тон развіццю беларускага АПК, робячы акцэнт на якасці адукацыі.

Аграномы новага пакалення

— Улічваючы рэаліі сучаснага свету, ці мае патрэбу аграрная вышэйшая школа ў перазагрузцы?

Перазагрузка адбываецца ўжо не першы год. Тычыцца яна мадэрнізацыі падыходаў да вышэйшай адукацыі і ўкаранення новых тэхналогій.

Сёння фішка БДСГА — дакладнае земляробства. У 2020 годзе ў наш тэхнапарк “Горкі” прыйшоў новы рэзідэнт — кампанія “Тэхналогіі земляробства”. З ёй мы адкрылі дзве лабараторыі з найноўшым абсталяваннем: аўтапілотамі, аградронамі, разумнымі метэастанцыямі і г.д. Наш навуковы аддзел распрацаваў праграму падрыхтоўкі неабходных унікальных спецыялістаў, якія могуць навучыць механізатараў працаваць з разумнай тэхнікай: сістэмай аўтаваджэння трактароў, абсталяваннем для маніторынгу ўраджаю і інш. Прымяненне тэхналогій дакладнага земляробства дае магчымасць змяніць традыцыйныя падыходы да аграрных работ, у выніку чаго павышаецца эфектыўнасць і прадукцыйнасць на кожным этапе сельгасработ, дазваляе знізіць затраты і павялічыць ураджайнасць. У нашы вучэбныя планы ўкаранёны гэтыя тэхналогіі, і зараз, напрыклад, не трэба асобна рыхта­ваць пілота аградрона, бо аграном ужо ўмее кіраваць ім.

У апошнія гады назіраецца дынамічнае развіццё АПК — усё больш укараняюцца інавацыі, сучасная высокапрадукцыйная і энергаэфектыўная тэхніка, павышаецца ўзровень аўтаматызацыі тэхпрацэсаў. Гэта патрабуе новых падыходаў, у тым ліку і ў прафесійнай адукацыі. Неабходны спецыялісты шырокага профілю, якія валодаюць ведамі і навыкамі ў сумежных галінах вытворчасці, напрыклад, эканомікі і менеджменту, біятэхналогій і экалогіі, інавацыйных і інфармацыйных тэхналогій. Гэта дазволіць зрабіць працу аграрыяў хуткай і дакладнай, рэнтабельнай і эфектыўнай. Вось такіх спецыялістаў мы і будзем старацца рыхтаваць у сценах Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

— Віталь Віктаравіч, дзякуй за размову!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара