Колькасць класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці ў сталіцы ў параўнанні з мінулым годам павялічыцца практычна ў пяць разоў. Яшчэ адна навінка — адкрыццё аграрных класаў у дзвюх мінскіх школах. Аб гэтым паведамілі падчас жнівеньскага форуму педагагічных работнікаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Жнівеньскі форум педагагічных работнікаў “Адукацыя сталіцы: новыя рэаліі і новыя магчымасці” прайшоў з удзелам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай.
Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з работай выставы, на якой прэзентаваўся лепшы вопыт сталічных педагогаў. Пленарнае пасяджэнне было арганізавана ў фармаце дыялогавай пляцоўкі, якая аб’яднала ўдзельнікаў у зале і падключаных дыстанцыйна ў рэжыме рэальнага часу пляцовак: МГІРА, рэсурснага цэнтра па патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 93, Мінскага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча і Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі.
На форуме былі разгледжаны актуальныя пытанні падрыхтоўкі да новага навучальнага года, удасканалення якасці адукацыі, развіцця профільнага навучання, прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў, патрыятычнага выхавання моладзі, вызначаны задачы сістэмы адукацыі горада на новы навучальны год. Асноўны пасыл сустрэчы такі: наш прыярытэт — апераджальнае развіццё.
Як паведаміў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі, вялікая работа праведзена па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да пачатку навучальнага года. Практычна завершана абнаўленне матэрыяльнай базы. Вялікія аб’ёмы фінансавання дазволілі прывесці ў парадак вучэбныя класы і групы, адрамантаваць харчаблокі, спартыўныя залы, пляцоўкі і стадыёны. Капітальны рамонт на працягу года праходзіў на 23 аб’ектах. Большая іх частка ўжо ўведзена ў эксплуатацыю. Да пачатку навучальнага года здаюцца чатыры ўстановы адукацыі. А да канца 2023 года завершацца работы па комплексным капітальным рамонце яшчэ дзвюх.
У планах — капітальна адрамантаваць у 2024 годзе яшчэ чатыры аб’екты адукацыі. Таксама ў рамках падрыхтоўкі да навучальнага сезона ў школах устаноўлена больш за 800 адзінак новага гандлёва-тэхналагічнага абсталявання ў харчаблоках, вучэбнага і лабараторнага абсталявання.
З новага навучальнага года будзе пашырана сетка профільнага навучання прафесійнай накіраванасці ў старшых класах. У 16 школах будуць адкрыты інжынерныя класы, у адной — чыгуначныя. Таксама шырока будуць прадстаўлены на трэцяй ступені навучання класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Колькасць апошніх у параўнанні з мінулым годам павялічылася практычна ў пяць разоў.
Яшчэ адна навінка для сталічнай адукацыі — адкрыццё аграрных класаў. Такія з’явяцца ў дзвюх мінскіх школах.
— За апошнія гады праведзена вялікая работа. Створаны ўмовы для рэалізацыі педагогаў і вучобы дзяцей, — падкрэсліў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. — На сёння ў горадзе няма невырашальных пытанняў. Ад кіраўнікоў устаноў адукацыі, раённых упраўленняў, профільнага камітэта патрабуецца толькі адно — ініцыятыва. Лепш за вас ніхто не ведае, у чым мае патрэбу канкрэтная школа.
Як адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец, сёння педагогам неабходна звярнуць увагу не толькі на пытанні адукацыйнага працэсу, але і на выхаваўчую работу. Асабліва на работу з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне:
— Гаворка ідзе пра дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, дзяцей-сірот і іх забеспячэнне. Яшчэ адзін немалаважны аспект — работа з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Хацеў бы сказаць, што з боку педагагічнай грамадскасці і ў цэлым з боку сістэмы адукацыі робіцца ўсё для стварэння неабходнай адукацыйнай прасторы, каб кожнае дзіця магло атрымаць адукацыю ў даступным і камфортным для яго асяроддзі.
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава засяродзіла ўвагу педагогаў на пытаннях узаемадзеяння з сям’ёй, інклюзіўнай адукацыі, падрыхтоўкі кадраў:
— Як адзначыў Прэзідэнт, сёлета мы павінны канчаткова дашліфаваць усё, што тычыцца сістэмы адукацыі. Гэта тычыцца вучэбных праграм, экзаменаў і сістэмы падліку вынікаў. Таму пастаўлена задача глядзець уважліва, кантраляваць уступную кампанію, каб не было ніякіх эксцэсаў. Мы пашырылі катэгорыі дзяцей, якія залічваюцца ва УВА па спрошчанай сістэме. Гэта, у прыватнасці, алімпіяднікі, ліцэісты. Усе прэферэнцыі апраўданыя. Скажу шчыра: я за гэта. Таму што таленавітых навучэнцаў, тых, якія могуць вучыцца ва УВА, павінны ў школах бачыць. З гэтай жа мэтай мы пашырылі і мэтавы кірунак, што стаў актуальным і для Мінска.
Наталля Качанава выказала словы падзякі педагогам.
— Ад таго, як працуюць школы, дашкольныя ўстановы, залежыць многае. Будучыня краіны — у руках моладзі. І ваша работа няпростая. Але гэтая работа вельмі ўдзячная, — звярнулася да ўдзельнікаў форуму Наталля Качанава. — Хачу выказаць вам словы шчырага прызнання за тое, што вы робіце для нашай краіны, выхоўваючы падрастаючае пакаленне, перадаючы свой розум, талент, веды.
У завяршэнні форуму словы пажадання гучалі ў адрас маладых педагогаў ад ветэранаў педагагічнай працы. У сваю чаргу, будучыя настаўнікі падзякавалі калегам за падтрымку і адданасць прафесіі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара