АграСіці — “Вёска будучыні”

Пад такой назвай прайшоў лагер працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем на базе Вярэйкаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна. Сёлета лагер аб’яднаў навучэнцаў трох школ — 10 хлопчыкаў і дзяўчынак Вярэйкаўскай школы, 10 — з сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска і ўпершыню 10 навучэнцаў з гімназіі № 1 Ваўкавыска.

З першага дня дзеці акунуліся ва ўсе віды работ: праца на полі РСКУП “Ваўкавыскае” (праполка цыбулі), камандаўтваральны трэнінг “Мы разам”, інтэрактыўныя гульні, валейбол, баскетбол, шашкі і дыскатэка.

У гэтым годзе работа была накіравана на рэалізацыю праекта “Вёска будучыні”, дзе лагер часова ператварыўся ў прадпрыемства, якое на працягу 9 дзён “будавала” вёску будучыні. Тут сумяшчаліся традыцыі беларускага народа, без якіх няма будучыні, і сучасныя крэатыўныя ідэі, якія робяць жыццё ў сельскай мясцовасці нічым не горшым за гарадское (напрыклад, прагляд кінастужкі ў фармаце 3D, чым могуць пахваліцца жыхары аграгарадка Вярэйкі).

У якасці “заработнай платы” за рэалізацыю ідэй і актыўнасць удзелу ў жыцці лагера дзеці атрымлівалі валюту будучыні “біткоіны”. На працягу змены прайгравалі сацыяльныя ролі (загадчык участка, культарганізатар, галоўны аграном, маркетолаг і г. д), аб’яднаныя адной ідэяй. Кіруючая роля — дырэктара прадпрыемства (дырэктара лагера), а выканаўчая — у загадчыкаў участкаў. Работа кожнага ўчастка была накіравана на стварэнне інфраструктуры вёскі будучыні (забаўляльны цэнтр, спартыўны комплекс, адукацыйны цэнтр, лячэбны цэнтр і г. д.). Кожны ўчастак удзельнічаў у правядзенні тэматычных дзён.

Цяпер надзвычай актуальна падрыхтаваць вучняў школы да жыцця, адаптаваць сацыяльна.

І хоць 9 дзён праляцелі хутка, у памяці застанецца і свята “Купалле”, і БерастФэст у г.п.Бераставіца, які наведалі ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, дзе было прапанавана шмат цікавага: канцэрт Іны Афанасьевай і групы “Чысты голас”, прагляд кінастужкі ў фармаце 3D (дзяцей з Ваўкавыска здзівілі і ўразілі магчымасці вёскі), спартыўныя гульні і спаборніцтвы, вячэрняе вогнішча, інтэрактыў і культурна-забаўляльная праграма, падрыхтаваная спецыяльна для лагера работнікамі Вярэйкаўскага Дома культуры.

Мы дзякуем адміністрацыі РСКУП “Ваўкавыскае” за магчымасць папрацаваць на карысць малой радзімы, дапамагчы гаспадарцы. І калі для дзяцей з сельскай мясцовасці фізічная праца звыклая, то для дзяцей з горада гэта магчымасць сацыяльнай спробы сябе ў якасці сельскага жыхара або пачаткоўца-аграрыя. Менавіта шляхам такіх спроб і нараджаюцца разважанні пра будучыню, выбар жыццёвага шляху.

Ганна ТАЛОЧКА,
дырэктар лагера “АграСіці”,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вярэйкаўскай сярэдняй школы.