На працягу навучальнага года старшакласнікі з агракласа Квасоўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна ў рамках факультатыўнага курса “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” актыўна вывучалі асновы раслінаводства і жывёлагадоўлі, сельскагаспадарчую тэхніку, асновы арганізацыі вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, эфектыўнасць аграрнай вытворчасці, перспектывы прафесійнай аграрнай адукацыі.
Падлеткі і іх бацькі мелі магчымасць пераканацца ў перспектыўнасці аграрнай адукацыі, разбурыць стэрэатыпы аб цяжкай ручной працы з прымяненнем устарэлых тэхнікі і тэхналогій у аграпрамысловым комплексе, пазнаёміцца з запатрабаванымі сельскагаспадарчымі спецыяльнасцямі. Бо адукаваныя, мэтанакіраваныя спецыялісты заўсёды патрэбныя, а тым больш калі гаворка ідзе пра адну з найбуйнейшых гаспадарак у краіне — сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў імя У.І.Крэмко ў Квасоўцы.
Улетку адукацыя не скончылася, а набыла іншы фармат. 12 вучняў Квасоўскай сярэдняй школы — удзельнікі лагера працы і адпачынку “АГРАвектар” — з 15 чэрвеня па 9 ліпеня дапамагалі гаспадарцы збіраць ураджай, выходзілі ў палі на відавыя праполкі, назіралі за працай аграномаў. Усё было па-даросламу: з кожным заключаны дагавор, у якім вызначаны ўмовы працы падлеткаў з улікам патрабаванняў заканадаўства аб працы, аб ахове працы, а таксама абавязацельствы па аплаце.
У другой палове дня для дзяцей была арганізавана прафарыентацыйная работа: цыкл дыягностык, трэнінгаў і майстар-класаў, сустрэчы з перадавікамі вытворчасці, з працоўнымі дынастыямі.
Супрацоўніцтва з гродзенскай студыяй прафесійнага самавызначэння і кіравання чалавечымі рэсурсамі “Імпульс” дазволіла ўдзельнікам лагера падчас інфармацыйнага практыкуму “Я ў свеце» прафесій» атрымаць уяўленне аб сучаснай прафарыенталогіі, сфарміраваць “Партфоліа абітурыента”. Кожны атрымаў імянны сертыфікат, які дае права на індывідуальную кансультацыю спецыяліста па пытаннях асаблівасцей уступнай кампаніі.
Акрамя таго, падлеткі набывалі карысны вопыт і як удзельнікі профільнага анлайн-лагера “ПрафСТАРТ”, арганізаванага Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі ў супрацоўніцтве з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам. Дзевяць дзён старшакласнікі паглыбляліся ў свет запатрабаваных прафесій, распрацоўвалі праекты, здзяйснялі інтэрнэт-экспедыцыі ва ўніверсітэты краіны.
Да канца змены будучыя аграрыі пераканаліся ў тым, што прэстыж аграрных прафесій узрастае з кожным годам, зацвердзіліся ў правільнасці выбранага шляху, павысілі сваю самаацэнку, выпрацавалі сістэму дзеянняў, якія дапамогуць ажыццявіць задуманае. А заробленыя грошы навучылі іх шанаваць і паважаць працу сельскага працаўніка.
Святлана БУЙНОЎСКАЯ,
метадыст Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.