Агульная справа

Сацыяльнае партнёрства дапамагае зрабіць выхаваўчы працэс больш паўнавартасным. Гэта лагічна і заканамерна. Па-першае, у розных установах ёсць экспертная супольнасць, якая валодае значнымі ведамі і вопытам і можа прымяніць усё гэта на карысць навучэнцаў. Па-другое, вялікая колькасць сацыяльных партнёраў дае магчымасць зрабіць выхаваўчы працэс больш рознабаковым, насычаным. Па-трэцяе, выбудоўванне партнёрскіх адносін паміж установамі рознага кшталту, людзьмі розных прафесій і поглядаў вучыць моладзь і саміх выбудоўваць зносіны, сацыяльныя сувязі з людзьмі, дапамагае пашыраць не толькі кругагляд, але і кола сацыяльных кантактаў. Дзейнасць Абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя, што ў Дзяржынску, максімальна арыентавана на выхаванне ў навучэнцаў духоўных каштоўнасцей праз выкарыстанне менавіта рэсурсу сацыяльнага партнёрства. У мінулым навучальным годзе гэта дзейнасць атрымала новую форму — узаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі актыўна ажыццяўляецца праз рэалізацыю сумесных праектаў.

Удзельнікі трэнінгу “Плануй сваю будучыню”.

Абласны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй ажыццяўляе падрыхтоўку рабочых кадраў, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі рабочых для агра­прамысловага комплексу, галіны бытавога абслугоўвання насельніцтва, грамадскага харчавання і будаўнічых арганізацый. Сёння ўстанова выпускае слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын, трактарыстаў, муляраў, тынкоўшчыкаў, зваршчыкаў, кухараў, афіцыянтаў.

Што тычыцца выхаваўчай работы, то важную ролю ў ёй адыгрываюць праекты. У першую чаргу — “Выхаванне праз творчасць”. Гэты праект прадугледжвае стварэнне магчымасцей рэалізацыі творчых здольнасцей кожнага. Для гэтага ёсць сетка аб’яднанняў па інтарэсах розных кірункаў: тэатральная студыя “Лицедеи”, гульнявыя тэатральныя калектывы “Сувенір”, “Альтаір”, аб’яднанні мастацкай творчасці “Гармонія”, “Майстэрня цудаў” і тэхнічнай творчасці “Юны тэхнік”, сацыяльнага кірунку “Прававы лабірынт”, “Школа здароўя”, спартыўныя секцыі. У гэтым годзе спіс плануецца пашырыць з улікам запытаў навучэнцаў. У рамках праекта ла­дзілася мноства творчых мерапрыемстваў. Свае здольнасці і таленты дэманструюць навучэнцы і ў раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах, акцыях. Напрыклад, ярка праявілі сябе ў фестывалі мастацкай творчасці “ПрафАрт”.

І калі творчыя кампетэнцыі развіваюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах, то кампетэнцыі сацыяльныя дапамагаюць фарміраваць якраз сацыяльныя партнёры. Сумесныя праекты выхоўваюць юнакоў і дзяўчат і рыхтуюць іх да дарослага жыцця.

Памочнікі і аднадумцы

Канечне, узаемаадносіны і су­працоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі ладзіліся і ўмацоўваліся даўно, аднак праекты дапамаглі структураваць, сістэматызаваць сумесную работу, тым самым актывізаваць яе і зрабіць больш яркай.

— Мы вельмі рады, што ў нас ёсць нашы сацыяльныя партнёры — нашы памочнікі і аднадумцы. Прыемна адзначыць, што ўсе яны з задавальненнем ідуць нам насустрач. Ёсць разуменне, што мы робім агульную карысную справу, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ліцэя Святлана Віктараўна Ганчар. — Працуем разам плённа. Імкнёмся выкарыстоўваць розныя формы работы, таму што зразумела, што проста лекцыі наўрад ці зацікавяць моладзь. Аналізуем запыты, інтарэсы навучэнцаў, вырашаем, якія падыходы да іх будуць найбольш эфектыўнымі, імкнёмся захапіць іх, зрабіць так, каб яны па-сапраўднаму адчулі, што ім патрэбна, карысна і актуальна тое, што мы прапануем.

Першым з’явіўся праект “Школа пазітыўнага мацярынства”, які быў створаны і рэалізоўваецца сумесна з Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзяржынскага раёна. Яго галоўная ідэя — фарміраваць у навучэнцаў традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, ствараць у іх пазітыўны вобраз сям’і. Справа ў тым, што, як паказвае аналіз сямейнага становішча навучэнцаў, больш за трэць з іх выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях. Значыць, яны не бачылі на свае вочы станоўчай мадэлі традыцыйнай поўнай сям’і. Таксама з агульнай колькасці навучэнцаў яшчэ 20% пражываюць у сем’ях паўторнага шлюбу. Сітуацыя ў кожным з такіх выпадкаў розная, аднак для дзіцяці новы чалавек у сям’і — гэта заўсёды няпроста. Нярэдка новыя сваякі так і не становяцца па-сапраўднаму блізкімі людзьмі, а гэта зноў жа не тая сямейная сітуацыя, якую можна назваць пазітыўнай. На жаль, колькасць дзяцей, якія выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях і сем’ях паўторнага шлюбу, павялічваецца. “Школа пазітыўнага мацярынства” заклікана навучыц­ь таму, што па розных прычынах не ўдалося засвоіць у сям’і: цаніць сямейны лад і дабрабыт, знаходзіць паразуменне з роднымі, выбудоўваць паважлівыя зносіны. Важнымі мерапрыемствамі ў рамках праекта былі дэбаты па прафілактыцы гандлю людзьмі “Небяспека ўзрастае”, адкрыты мікрафон са спецыялістамі грамадскага аб’яднання па папярэджанні жорсткага абыходжання з дзецьмі “Дзеці — не для гвалту”, трэнінг па фінансавай дасведчанасці “Плануй сваю будучыню”, мадэратарам якога выступіў Ігар Яўгенавіч Мікульчык, старшыня праўлення, аналітык па фінансавай адукацыі і развіцці патэнцыялу арганізацыі, сертыфікаваны трэнер міжнароднага курса “Плануй сваю будучыню”.

Наведванне вайсковай часці 1463.

Важнымі памочнікамі і партнёрамі ў рабоце становяцца бацькі навучэнцаў. На шчасце кожны год з’яўляюцца актыўныя, неабыякавыя, крэатыўныя бацькі, якія з задавальненнем удзельнічаюць у ініцыятывах, якія прапануе ліцэй, і самі генерыруюць ідэі. Яны заўзятыя ў­дзельнікі праекта, у рамках якога быў створаны сямейны клуб “Берагіня”. Клуб аб’ядноўвае падлеткаў, бацькоў, педагогаў. Яго кіраўнік — педагог-арганізатар Таццяна Пятроўна Жывіцкая. У клубе дарослыя разам з дзецьмі рыхтуюць і праводзяць мерапрыемствы, канцэрты, акцыі, і падчас гэтай работы дзеляцца жыццёвым вопытам, сямейнымі традыцыямі і дораць дзецям сваю ўвагу і цеплыню. А­дзін з важных кірункаў дзейнасці — узаемадзеянне з асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, стварэнне інклюзіўнага асяроддзя. Наладжаныя сяброўскія сувязі з раённым цэнтрам абслугоўвання насельніцтва і Беларускім таварыствам дзяцей і мола­дзі з абмежаванымі магчымасцямі. Дарэчы, старшыня таварыства Ала Браніславаўна Губарэвіч з’яўляецца ганаровым удзельнікам клуба “Берагіня”. У першую чаргу ўзаемадзеянне ладзіцца праз творчасць. Запамінальным для ўсіх удзельнікаў быў творчы марафон з выхаванцамі цэнтра абслугоўвання насельніцтва і іх бацькамі “Розныя — роўныя”. Разам ладзілі шэраг мерапрыемстваў: канцэрты, сяброўскія сустрэчы, тэатральныя пастаноўкі. Дарэчы, сумесны тэатральны нумар прадставілі на раённым фестывалі творчасці дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі “Запалі сваю зорку”. Спадабаліся таксама ўсім літаратурная гасцёўня “Мама — анёл-ахоўнік мой”, акцыя “Цуды на Каляды сваімі рукамі”. Весела святкавалі разам Масленіцу — з майстар-класамі, канцэртам, дэгустацыяй прысмакаў. Разам падарожнічалі па Дзяржыншчыне — адправіліся на экскурсію “Вялікае Сяло: гісторыя і сучаснасць”. І нават калі з-за складанай эпідэмічнай сітуацыі сустрэчы былі немагчымымі, мамы навучэнцаў ліцэя, актыўныя ўдзельніцы клуба “Берагіня”, прыдумалі і арганізавалі анлайн-заняткі па роспісе велікодных яек. Майстар-клас правялі творцы раённага Дома майстроў, што ў Станькаве.

Сустрэча пакаленняў “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць”.

Свой стыль жыцця

У мінулым навучальным го­дзе дадзены старт праекту “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра”. Праект рэалізуецца сумесна з Цэнтрам эпідэміялогіі і гігіены Дзяржынскага раёна і Дзяржынскай цэнтральнай раённай бальніцай. Галоўная мэта, якую ставяць перад сабой педагогі і медыкі, што працуюць над праектам, — фарміраванне ў навучэнцаў матывацыйных установак на прыярытэтнае значэнне здароўя і здаровага ладу жыцця ў шкале іх асобасных каштоўнасцей. У спісе найбольш значных мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў маладых людзей навыкаў здаровага ладу жыцця і адказных паводзін, адкрыты дыялог з урачом-псіхіятрам “Псіхагігіена”, круглы стол з дзяўчынкамі “Пагутарым пра гэта…”, інфармдайджэст “Альтэрнатыўнае баўленне часу”, квест-чэлендж “Мабільны тэлефон і бяспека”.

Са студзеня гэтага года ў ліцэі рэалізуецца сумесны прафілактычны праект з інспекцыяй па справах непаўналетніх Дзяржынскага раённага аддзела ўнутраных спраў “Сябруем з законам”, мэтай якога з’яўляецца фарміраванне ў падлеткаў навыкаў законапаслухмяных і адказных паводзін у грамадстве, каштоўнасных адносін да чалавечага жыцця, павагі да правоў і свабод чалавека. Таксама ў студзені ў ліцэі быў створаны маладзёжны атрад аховы правапарадку “Амега”.

У рамках работы па праектах актывізаваў сваю дзейнасць маладзёжны прафілактычны атрад па наркакантролі “НаркаЅТОР”. Дзейнасць атрада базіруецца на правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. У мінулым навучальным годзе атрад правёў 14 мерапрыемстваў. Самыя яркія з іх: “Дрэва жыцця”, “Чырвоная стужка”, “Сашчэпка” і інш.

Яшчэ адзін праект рэалізуецца сумесна з вайсковай часцю 1463 і мае назву  “#Хочувармию”.

 — З вайсковай часцю наша ўстанова суседнічае. У нас вучацца дзеці некаторых служачых часці. У ліцэі вучыцца шмат хлопчыкаў, якім трэба будзе служыць у арміі. Таму такое супрацоўніцтва для нас лагічнае і заканамернае. Яно вылілася ў сумесны праект, — расказвае Святлана Віктараўна Ганчар.

Навучэнцы ліцэя на фестывалі “ПрафАрт”.

Праект закліканы не толькі маральна падрыхтаваць да ваеннай службы, але і дапамагчы кожнаму юнаку пасталець, знайсці ў сабе мужнасць, сілу, сапраўдны стрыжань, усвядоміць сваю адказнасц­ь за краіну і людзей, што знахо­дзяцца навокал. У рамках праекта правялі конкурсную забаўляльную праграму “Моцныя, разумныя, смелыя”, навучэнцы ліцэя бралі ў­дзел у раённай патрыятычнай акцыі “Абавязак і памяць”, прысвечанай Дню памяці воінаў-інтэрнацыя­налістаў, сустрэчы з ветэранамі Узброеных Сіл і вайскоўцамі тэрміновай службы в/ч 1463, сустрэча пакаленняў “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць”. Вайскоўцы могуць стаць добрым прыкладам не толькі бездакорнага служэння сваёй справе, але і высакародных паводзін у штодзённым жыцці, беражлівага і адказнага стаўлення да сваёй сям’і. На сустрэчы з бацькамі навучэнцаў ліцэя, сем’ямі вайскоўцаў абмяркоўвалі тэму “Усё пачынаецца з сям’і. Размова пра сапраўднага мужчыну”. Як бачыце, гэтае мера­прыемства тэматычна звязана і з іншымі праектамі. Ды і наогул, мерапрыемствы ў рамках розных праектаў узаемазвязаны, пераклікаюцца, таму што гэта не адасобленыя часткі, а складнікі адзінай прадуманай сістэмы.

Яшчэ адна група смелых мужчын, прафесіяналаў — частыя госці ўстановы. Гэта супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дзякуючы супрацоўніцтву з аддзелам, у ліцэі ў хуткім часе з’явіцца клуб юных ратавальнікаў-пажарных “Факел”. Зараз ідзе актыўная работа па падрыхтоўцы: распрацоўваюцца эмблема, палажэнне аб клубе, фарміруецца склад удзельнікаў.

Мерапрыемства ў рамках акцыі “#Хочувармию”.

Да акцый, мерапрыемстваў далучаюцца не толькі іх непасрэдныя ўдзельнікі, а і тыя, хто сочыц­ь за навінамі анлайн. Інфармацыйная падтрымка праектаў, што рэалізуюцца ў ліцэі, ажыццяўляецца ў афіцыйнай групе ўстановы ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Сёння ў ёй ужо каля 700 удзельнікаў. Тут размяшчаюцца навіны, фотаздымкі і відэазапісы розных мерапрыемстваў. Стужка навін сінхранізавана з афіцыйным сайтам установы адукацыі. Створаны акаўнт у сацыяльнай сетцы Twitter. У будучым навучальным годзе плануецца стварэнне адзінага акаўнту ў Instagram.

— Фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцей і якасцей асобы навучэнца — гэта мэтанакіраваны і шматвектарны працэс, які выходзіць за рамкі традыцыйнага ўзаемадзеяння педагога і навучэнца. Для эфектыўнасці гэтага працэсу неабходны пошук новых форм і метадаў работы, — адзначае Святлана Віктараўна Ганчар. — Важна далучаць сацыяльных партнёраў да гэтай работы. Вопыт паказвае, што актыўная пазіцыя ўстановы адукацыі ў дачыненні да сацыяльнага партнёрства робіць адукацыйны працэс больш эфектыўным, адкрытым і поўным. Мы бачым станоўчыя вынікі і бу­дзем рухацца ў выбраным напрамку далей.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлены Абласным аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэем.