Агульны здабытак

Па выніках эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах прафесійнай адукацыі

Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі з’яўляецца ініцыятарам і каардынатарам эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Якія праекты сёння рэалізоўваюцца, на што зроблены асноўны ўхіл у эксперыментах і інавацыях, якія перспектывы развіцця гэтай дзейнасці — аб усім гэтым сёння расказвае першы прарэктар РІПА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ю.С.СЫЧОВА.

— Юлія Сяргееўна, у пачатку нашай гутаркі хацелася б высветліць, чым адрозніваюцца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць.

— Эксперыментальная дзейнасць уяўляе сабой працэс праверкі вынікаў фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў у адукацыйнай галіне. Гэта робіцца для таго, каб вызначыць эфектыўнасць і мэтазгоднасць іх масавага выкарыстання. У сваю чаргу праз інавацыйную дзейнасць праходзіць працэс укаранення ў практыку апрабаваных у ходзе эксперыментальнай дзейнасці вынікаў фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў. Навуковыя работы, іх выніковасць у галіне прафесійнай адукацыі маюць важнае метадалагічнае і практычнае значэнне, спрыяюць правядзенню навукова абгрунтаванай і эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, забяспечваюць у навучальных установах паспяховае кіраванне інавацыйнымі працэсамі.

— Якія сёння маштабы правядзення эксперыментаў і інавацый?

— Межы правядзення ў прафесійнай адукацыі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці за апошні час істотна пашырыліся. Гэтымі кірункамі ў сярэднім штогод ахоплена 100—140 устаноў прафесійнай адукацыі. Сёлета ва ўстановах адукацыі краіны рэалізуецца 41 праект на 133 пляцоўках, з іх — 31 эксперыментальны праект — на базе 90 устаноў прафесійнай адукацыі і 10 інавацыйных праектаў — на базе 43 устаноў. 

Гаворачы пра змест эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, трэба адзначыць, што ён скіраваны на апрабацыю ў адукацыйным працэсе новых адукацыйных і выхаваўчых тэхналогій, мадэлей навучання, структур і форм арганізацыі дзейнасці ўстаноў адукацыі. Акрамя таго, вядзецца работа па рэалізацыі патрабаванняў сацыяльных стандартаў, адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Асаблівую значнасць набывае сёння кірунак па інфарматызацыі адукацыі, куды ўваходзяць распрацоўка электронных сродкаў навучання, арганізацыя дыстанцыйнага навучання, выкарыстанне воблачных тэхналогій, стварэнне педагагічных блогаў і інш. 

— Пагаворым больш канкрэтна пра праекты. Ці ёсць сярод іх глабальныя, доўгатэрміновыя?

— Ужо амаль 10 гадоў ва ўстановах прафесійнай адукацыі ажыццяўляецца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць па апрабацыі тэхналогіі модульнага навучання. Гэтая апрабацыя ажыццяўляецца ў дачыненні да структуравання вучэбнага плана, распрацоўкі модульных вучэбных праграм пазнавальнага тыпу для тэарэтычнага навучання, сістэмна-аперацыйнага тыпу для вытворчага навучання і практык на атрыманне прафесіі рабочага. Выкарыстанне модульнай тэхналогіі на ўзроўні прафесійнай адукацыі ў працэсе бесперапыннага прафесійнага навучання рабочых (служачых) прадугледжвае наяўнасць адпаведнай вучэбна-праграмнай дакументацыі, комплекснага метадычнага забеспячэння, кваліфікаваных педагагічных работнікаў, здольных ажыццяўляць як тэарэтычнае, так і вытворчае навучанне.

Сёння застаецца актуальнай тэма знаходжання ўсё новых, больш сучасных форм узаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі з заказчыкамі кадраў. Адзін з праектаў эксперыментальнай дзейнасці па гэтай тэматыцы праходзіць на базе 5 філіялаў РІПА. У ходзе эксперымента распрацоўваюцца новыя механізмы ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і заказчыкаў кадраў. Творчая група разам з прадстаўнікамі рэальнага сектара эканомікі вызначыла пералік працоўных функцый, якія павінны быць засвоены навучэнцамі ў час прафесійнай падрыхтоўкі. Вынікі гэтай дзейнасці былі пакладзены ў аснову 15 распрацаваных прафесійных стандартаў, у якіх патрабаванні да ведаў і ўменняў будучых спецыялістаў прыводзяцца па кожнай працоўнай функцыі. Распрацаваны эксперыментальныя вучэбныя планы па спецыяльнасцях. Змест вучэбных дысцыплін мадэрнізаваны і адпавядае патрабаванням, якія прад’яўляюцца да зместу дзейнасці работніка з боку арганізацый — заказчыкаў кадраў.

— Якая ўвага ўдзяляецца рэалізацыі эксперыментальнай дзейнасці ў сферы выхавання?

— У бягучым годзе заканчваецца рэалізацыя праекта “Апрабацыя мадэлі індывідуальнай прафілактычнай работы з навучэнцамі ва ўстановах прафесійнай адукацыі ў рамках сацыяльнага партнёрства” на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа і Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. У выніку праекта сістэматызавана правядзенне індывідуальнай прафілактычнай работы з навучэнцамі, адаптавана методыка ацэнкі рызык супрацьпраўных паводзін непаўналетніх для УПТА і УССА, вызначаны функцыі суб’ектаў прафілактыкі і сацыяльных партнёраў пры ажыццяўленні індывідуальнай прафілактычнай работы з навучэнцамі, наладжана іх эфектыўнае ўзаемадзеянне, апрабаваны сучасныя тэхналогіі і метады работы з навучэнцамі, якія здзейснілі правапарушэнні (кейс-тэхналогіі і інш.). У гэтым годзе гэты праект будзе ўкаранёны на інавацыйных пляцоўках.

— Нядаўна была арганізавана дапрафесійная і прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў на базе школ, устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Якая эксперыментальная работа прадугледжана ў гэтым кірунку?

— У нас запушчаны эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлі сеткавага прафесійнага навучання навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на базе школ і ўстаноў прафесійнай адукацыі. Для дапрафесійнай падрыхтоўкі вучняў 8—9 класаў распрацавана вучэбна-праграмнае і вучэбна-метадычнае забеспячэнне факультатыўных заняткаў. Для прафесійнай падрыхтоўкі вучняў 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі створана неабходная матэрыяльна-тэхнічная база, распрацаваны вучэбныя планы і праграмы для навучання па прафесіях электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, аператара электронна-вылічальных машын (ПЭВМ), сакратара, швачкі, тынкоўшчыка, маляра, афіцыянта, кухара і шэрагу іншых. Падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы вучэбных праграм дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі вучняў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.

Заслугоўвае ўвагі эксперыментальны праект “Распрацоўка і апрабацыя мадэлі рэалізацыі адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) па IT-прафесіях у рамках працоўнага навучання вучняў 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій”, які рэалізуецца на базе БДУІР і сярэдніх школ № 17 і № 20 Оршы. У ходзе праекта быў распрацаваны прафесійны стандарт новай прафесіі “Наладка апаратнага і праграмнага забеспячэння”, якая ўнесена ў Адзіны тарыфна-кваліфікацыйны даведнік работ і прафесій рабочых. У гэтым навучальным годзе ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” пачата падрыхтоўка па названай рабочай прафесіі навучэнцаў 10-х класаў, якая вядзецца з выкарыстаннем сучасных форм і метадаў навучання. Гэта дазваляе павялічыць цікавасць вучняў да IT-прафесій, спрыяе іх прафесійнаму самавызначэнню, павышае эфектыўнасць навучання і ўзровень матываванасці. Цяпер вядзецца актыўная работа па пашырэнні эксперымента і павелічэнні колькасці эксперыментальных пляцовак. Аб сваім жаданні прыняць удзел у праекце заявілі 14 школ з розных рэгіёнаў. У сувязі з павышанай цікавасцю ў новым навучальным годзе будзе арганізавана практычная апрабацыя мадэлі навучання прафесіі “Наладка апаратнага і праграмнага забеспячэння” ў гарадскіх і сельскіх школах, размешчаных ва ўсіх абласцях і Мінску. Плануецца, што рэалізацыя эксперыментальнай вучэбнай праграмы па гэтай прафесіі за кошт выхаду на новы ўзровень у падрыхтоўцы рабочых кадраў будзе садзейнічаць павышэнню прывабнасці прафесій, дазволіць рэалізаваць бесперапыннасць IT-адукацыі: рабочы — тэхнік — інжынер.

— Сёння на слыху эксперыментальная дзейнасць Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі, накіраваная на ўдасканаленне прафесійнага навучання выхаванцаў каледжа, якія маюць асаблівасці ў развіцці.

— Так, установа дасягнула ў гэтым пэўных вынікаў. Сёння ў каледжы рэалізуецца эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі фарміравання адукацыйнай прасторы для прафесійнага навучання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”, мэта якога — стварыць ва ўстанове адукацыі на прынцыпах інклюзіі такую адукацыйную прастору, якая б забяспечыла роўныя магчымасці атрымання прафесійнага навучання для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў адпаведнасці з іх патрэбамі і індывідуальнымі магчымасцямі. У выніку эксперыментальнай дзейнасці будзе спраектавана сістэма псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучэнцаў з асаблівасцямі развіцця пры атрыманні прафесійнай адукацыі. Будуць распрацаваны адаптыўныя адукацыйныя праграмы (модулі) па вучэбных прадметах прафесійнага кампанента i вытворчым навучанні, індывідуальныя вучэбныя планы і праграмы для навучэнцаў з АПФР, элементы вучэбна-метадычнага комплексу, адаптаваныя да асаблівых патрэб і ў далейшым апрабаваныя на практыцы для спецыяльнасцей па праграмным забеспячэнні інфармацыйных тэхналогій і эксплуатацыі электронна-вылічальных машын.

— Наша газета не раз публікавала матэрыялы пра дзейнасць інфармацыйна-аналітычнага цэнтра прафесійнай адукацыі РІПА, у тым ліку і пра яго актыўны ўдзел у эксперыментальных і інавацыйных праектах, накіраваных на забеспячэнне ўстаноў прафесійнай адукацыі якаснымі электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі. Асабліва гэта актуальна сёння, калі навучэнцы пераходзяць на дыстанцыйныя тэхналогіі навучання.

— Сапраўды, інфармацыйна-аналітычны цэнтр прафесійнай адукацыі РІПА праводзіць інавацыйны праект “Укараненне мабільных тэхналогій у адукацыйны працэс устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”. Сёння ён у стадыі завяршэння. У ім задзейнічаны 13 устаноў адукацыі. Актыўны ўдзел у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці прымаюць педагагічныя работнікі Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі. У рамках названага праекта распрацаваны цэлы шэраг электронна-адукацыйных рэсурсаў для будучых зваршчыкаў: мабільны дадатак “Дыпломнае праектаванне”, электронны рэсурс “Трэнажор зваркі”, лічбавы рэсурс “Зварачныя паўаўтаматы”, які можна разглядаць і як адзін з метадычных інструментаў педагога, каб арганізоўваць наглядныя, змястоўныя і інфармацыйна насычаныя вучэбныя заняткі. Вельмі плённа ў эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці працуюць педагагічныя работнікі Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя. У рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мабільных тэхналогій у адукацыйны працэс” быў распрацаваны шэраг электронна-адукацыйных рэсурсаў, у тым ліку мабільных дадаткаў. Мазырскі дзяржаўны політэхнічны каледж распрацаваў электронныя курсы дыстанцыйнай падтрымкі навучэнцаў. У бягучым навучальным годзе заканчваецца інавацыйны праект “Укараненне мультымадальных тэхналогій навучання ў адукацыйны працэс устаноў прафесійнай адукацыі”, які рэалізуецца на 8 пляцоўках. У прафесійнай адукацыі, дзе неабходна данесці сэнс даволі складаных законаў, з’яў, вобразаў, узаемадзеяння паміж вербальнымі тэкстамі і малюнкамі, відэа, прамовай і жэстамі, памерам і колерам тэксту, законы мультымадальнасці з’яўляюцца асноватворнымі. Павышэнню эфектыўнасці засваення вучэбнага матэрыялу спрыяюць такія сродкі, як нагляднасць, дэманстрацыя відэасюжэтаў, якія паказваюць бяспечныя прыёмы работы майстра, аўдыякаментарыі і аўдыялекцыі. У Гродзенскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы бытавога абслугоўвання насельніцтва распрацаваны электронна-адукацыйны рэсурс па спецыяльным прадмеце “Тэхналогія манікюрных работ”. Перавагай такога электронна-адукацыйнага рэсурсу з’яўляецца тое, што ён уяўляе сабой паўнавартасны сродак навучання па прадмеце і, з’яўляючыся магутным дадаткам да традыцыйных сродкаў навучання, можа стаць базавым пры арганізацыі дыстанцыйнага навучання.

— Якія новыя праекты вы плануеце рэалізоўваць ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў наступным навучальным годзе?

— Мы плануем і далей праводзіць эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць самай рознай тэматыкі. На парадку дня стаіць апрабацыя мадэлі індывідуальнай прафілактычнай работы з навучэнцамі ва ўстановах прафесійнай адукацыі ў рамках сацыяльнага партнёрства. Плануем рэалізоўваць мадэль прафесійна-псіхалагічнай адаптацыі будучых спецыялістаў на аснове ўзаемадзеяння з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

У плане рэалізацыі праектаў закладзена апрабацыя сучасных мадэлей патрыятычнага выхавання на аснове абнаўлення інфармацыйнага кантэнту і развіцця медыяцэнтраў ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Будзем таксама займацца сістэмай ацэнкі вынікаў навучання, методыкай ацэнкі педагагічнай эфектыўнасці сучасных адукацыйных тэхналогій у выкладанні вучэбных прадметаў прафесійнага кампанента, кампетэнтнасна-арыентаванай методыкай ацэнкі ўзроўню прафесійнага майстэрства выкладчыкаў, методыкай распрацоўкі экспартна арыентаваных адукацыйных праграм прафесійнай адукацыі. 

У далейшым будуць весціся распрацоўка і апрабацыя электроннага адукацыйнага рэсурсу для інтэграцыі ў адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс (eior.by) для ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Цяпер мы праводзім вэбінары для ўстаноў прафесійнай адукацыі, якія рэалізуюць эксперыментальную і інвацыйную дзейнасць, дзе расказваем ім пра асаблівасці арганізацыі гэтага віду дзейнасці. Арганізавана серыя семінараў для тых навучальных устаноў, якія ў наступным годзе завершаць свае праекты і змогуць прадставіць свае здабыткі, напрацаваныя ў час правядзення эксперыментальнай або інавацыйнай работы. Мы запрашаем на гэтыя семінары педагогаў профільных навучальных устаноў, каб даць ім магчымасць азнаёміцца з вопытам сваіх калег і выкарыстоўваць яго ў сваіх калектывах. У час такіх сустрэч могуць гучаць новыя ідэі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. Такая ўзаемасувязь навучальных устаноў для нас вельмі важная, каб не атрымалася, што эксперымент праведзены і будзе рэалізоўвацца ў межах толькі адной навучальнай установы. Наша задача — каб вынікі кожнага эксперымента сталі здабыткам іншых навучальных устаноў. 

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.