Агульнымі намаганнямі

- 10:40Выхаванне

Як эфектыўна аб’яднаць намаганні ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу дзеля вырашэння важнай дзяржаўнай задачы выхавання грамадзяніна і патрыёта? Гэтае пытанне абмяркоўвалася падчас работы секцыі, якая прайшла ў Белай зале сталічнага храма-помніка ў гонар Усіх Святых.

На секцыі разглядаўся шырокі спектр тэм, якія тычацца ўдасканалення зместу і арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы, таксама быў прадстаўлены эфектыўны вопыт на прыкладзе асобных устаноў адукацыі (з гэтым вопытам мы азнаёмім чытачоў у адным з наступных нумароў выдання). Важнасць тэматыкі секцыі акрэсліў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мацюшонак. Па яго словах, дабрабыт грамадства залежыць у тым ліку ад духоўнага і маральнага стану падрастаючага пакалення, якое трэба выхоўваць у дабрыні і любові, тым самым фарміруючы дастойнага грамадзяніна нашай Радзімы.

Гэтую думку развіў настаяцель храма-помніка ў гонар Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны. “Немагчыма навучыць патрыятызму, калі сам не любіш сваю краіну і людзей навокал. Таму роля настаўніка вялікая, і ў першую чаргу як асобы. Сапраўднага настаўніка, які выхоўвае асобу, натхняе дзіця думаць, адчуваць, разважаць, вучыць культуры праз свае асабістыя адносіны да яе, ніколі і ніхто не заменіць, бо чалавечыя сувязі ўнікальныя, асяроддзе, дзе адносіны пабудаваны ў духу праўды і любові, з’яўляецца выхаваўчым. Стварыць такое асяроддзе ў кожнай школе — наша агульная мэта”, — адзначыў айцец Фёдар.

Па словах кансультанта ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Ларысы Емяльянчык, беларускім педагогам і ў новым навучальным годзе давядзецца вырашаць задачы па фарміраванні грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці дзяцей і навучэнскай моладзі на аснове дзяржаўнай ідэалогіі. Прыярытэтныя напрамкі работы з улікам патрабаванняў нарматыўна-прававых дакументаў, а таксама сучаснага навукова-метадычнага забеспячэння вызначаны ў інструктыўна-метадычным пісьме да пачатку новага навучальнага года.

Падчас экскурсіі ў музеі храма-помніка.

Ключавым напрамкам з’яўляецца патрыятычнае выхаванне. Наперадзе — Дзень ведаў, першы ўрок, які рэкамендуецца правесці па тэме “Адзінства беларускага народа — аснова незалежнай краіны”. Гэты ўрок павінен максімальна раскрыць згуртаванасц­ь, салідарнасць і ўзаемаразуменне беларусаў, аб’яднаных гісторыяй, традыцыямі, культурай, павагай і роўнасцю. Рэкамендацыі па правядзенні ўрока размешчаны на інтэрнэт-партале Міністэрства адукацыі. Упершыню ў дапамогу педагогу распрацаваны прыкладны план-канспект правядзення ўрока на ўсіх ступенях навучання.

“Выхаванне паважлівых адносін да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь з’яўляецца важным як у вучэбнай дзейнасці, так і ў пазавучэбнай. Варта ўдзяляць пастаянную ўвагу афармленню куткоў дзяржаўнай сімволікі, выкананню Дзяржаўнага гімна, выкарыстанне дзяржаўных сімвалаў пры правядзенні ўрачыстых сходаў і мерапрыемстваў, прымеркаваных да знамянальных дат і дзяржаўных свят”, — адзначыла Ларыса Васільеўна.

Важная роля ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнскай мола­дзі адво­дзіцца праекту “ШАГ”. Асаблівасці яго рэалізацыі ў гэтым навучальным годзе, прыкладную тэматыку заняткаў можна знайсці ў рэкамендацыях, таксама размешчаных на інтэрнэт-партале Міністэрства адукацыі. У гэтым навучальным годзе ключавой ідэяй праекта стане знаёмства навучэнцаў 8—11 класаў з найважнейшымі дасягненнямі Рэспублікі Беларусь за гады незалежнасці.

Яшчэ адна асаблівасць гэтага навучальнага года — увядзенне з 1 верасня пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Канкрэтныя рэкамендацыі па арганізацыі яго дзейнасці ўтрымліваюцца ў інструктыўна-метадычным пісьме, якое будзе накіравана ў органы кіравання адукацыяй у найбліжэйшыя дні і ўжо размешчана на інтэрнэт-партале Міністэрства адукацыі.

Сістэмнасці і эфектыўнасці ў рабоце па выхаванні патрыёта і грамадзяніна садзейнічаюць доўгатэрміновыя формы работы з дзецьмі і навучэнскай моладдзю. У гэтым годзе стартавала Усебеларуская маладзёжная экспедыцыя “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, сумесна з дабрачынным фондам Аляксея Талая ажыццяўляецца акцыя “Дзеці незалежнай Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням!”. З мэтай удасканалення арганізацыі патрыятычнага выхавання навучэнцаў і павышэння яго якасці створана адзіная інтэрактыўная платформа па патрыятычным выхаванні. Гэта адзіная інфармацыйная пляцоўка, якая курыруе лепшыя практыкі, праекты, інфармацыйныя матэрыялы і дазваляе забяспечваць трансляцыю маштабных мерапрыемстваў з далучэннем шырокай аўдыторыі.

Навучанне правілам бяспечнага выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў — таксама прыклад клопату педагогаў. Па-ранейшаму важным з’яўляецца выкарыстанне патэнцыялу сям’і ў выхаванні падрастаючага пакалення, магчымасцей устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Ключавой у выхаваўчай рабоце застаецца фігура класнага кіраўніка. Ідэалагічная і выхаваўчая работа ва ўстановах адукацыі патрабуе пастаяннай увагі і сістэмнага падыходу, абавязковага выканання неабходных нарматыўных патрабаванняў, сучаснага метадычнага забеспячэння, высокага ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці яго арганізатараў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.