Агульныя задачы

- 16:08Актуально, На парадку дня

Навуковае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў адукацыі на ўсіх узроўнях, пытанні гістарычнай памяці і маладзёжнай палітыкі былі ў цэнтры ўвагі на сумесным пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі, Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі. 

Прадстаўнікі ведамстваў на чале з міністрам адукацыі Беларусі Андрэем Іванцом і міністрам навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Валерыем Фальковым працавалі на базе Нацыянальнага даследчага цэнтра “Курчатаўскі інстытут” (Гатчына, Ленінградская вобласць).

Былі прадстаўлены дзве канцэпцыі навукова-тэхнічных праграм, якія адпавядаюць прыярытэтам прыкладной навукі Расіі і Беларусі. У цяперашні час беларускія навукоўцы сумесна з расійскімі калегамі ўдзельнічаюць у фарміраванні і дзейнасці ўнікальных буйных даследчых комплексаў сусветнага ўзроўню — “мегасаенс”, што рэалізуюцца ў Расійскай Федэрацыі.

“Час патрабуе ад нас скаардынаванай працы. Функцыянаванне любой дзяржавы ў эпоху імклівага навукова-тэхнічнага і інавацыйнага развіцця напрамую залежыць ад узроўню яе навуковага патэнцыялу і ўключэння навукі ў вырашэнне сацыяльна-эканамічных задач. Ва ўмовах санкцыйнай эканомікі роля навукі і адукацыі ўзрастае ў разы. Неабходна выйсці на новы ўзровень у пытаннях навукова-тэхнічнай кааперацыі, асабліва ў галіне імпартазамяшчэння”, — падкрэсліў міністр адукацыі Беларусі.

Адным з матыватараў прыцягнення моладзі ў сферу навукі Саюзнай дзяржавы можа стаць заснаванне адпаведнай прэміі. Раней былі ўручаны першыя саюзныя прэміі навукоўцам у галіне навукі і тэхнікі. У сувязі з гэтым удзельнікамі калегіі было прапанавана заснаваць аналагічную прэмію для маладых вучоных.

Перспектыўным з’яўляецца развіццё сеткавага ўзаемадзеяння на ўзроўні вышэйшай адукацыі. Ёсць прыклад даволі паспяхова дзеючага сеткавага ўніверсітэта СНД. “Думаю, што ў рамках Асацыяцыі ўніверсітэтаў Расіі і Беларусі гэтаму пытанню варта ўдзя­ліць асаблівую ўвагу. Упэўнены, што развіццё такога сеткавага ўзаемадзеяння будзе садзейнічаць павышэнню рэйтынгавых ацэнак нашых універсітэтаў”, — канстатаваў Андрэй Іванец.

Падчас абмеркавання пытанняў удасканалення гістарычнай адукацыі было адзначана, што ў сувязі з недапушчэннем спроб перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны неабходна прапрацаваць пытанні стварэння пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы адукацыйнага відэакантэнту, прысвечанага сумесным старонкам гісторыі Беларусі і Расіі, а таксама ўключыць гісторыю (і сацыяльна-гуманітарныя навукі ў цэлым) у пералік прыярытэтных напрамкаў у межах беларуска-расійскіх конкурсаў сумесных навуковых даследаванняў.  

Андрэй Іванец паведаміў, што ў Беларусі праводзіцца работа па ўдасканаленні навукова-метадычнай дакументацыі, распрацоўцы новых вучэбных дысцыплін, абнаўленні зместу існуючых вучэбных дысцыплін гістарычнай адукацыі. У прыватнасці, падрыхтаваны асобныя кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”. Электронныя версіі гэтых выданняў бу­дуць размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале
adu.by, адкуль іх змогуць спампаваць прадстаўнікі ўсіх суб’ектаў адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы.

Разглядалася пытанне ства­рэння Асацыяцыі педагагічных класаў Беларусі і Расіі, якая можа стаць міжнароднай камунікацыйнай і інавацыйнай пляцоўкай па абмене вопытам у гэтай сферы. У Беларусі з 2015 года рэалізуецца профільнае навучанне педагагічнай накіраванасці ў старшых класах школ ва ўсіх рэгіёнах. У Расіі таксама дзейнічаюць педагагічныя класы. Міністр адукацыі Беларусі падкрэсліў, што рэалізацыя гэтага праекта прадэманстравала ўстойлівыя станоўчыя вынікі ў прыцягненні выпускнікоў педагагічных класаў на педагагічныя спецыяльнасці ўніверсітэтаў. Цікавасць да педагагічнай прафілізацыі ў школе праяўляюць і педагагічныя ўніверсітэты іншых краін СНД.

Андрэй Іванец: 
“Час патрабуе ад нас скаардынаванай працы. Функцыянаванне любой дзяржавы ў эпоху імклівага навукова-тэхнічнага і інавацыйнага развіцця напрамую залежыць ад узроўню яе навуковага патэнцыялу і ўключэння навукі ў вырашэнне сацыяльна-эканамічных задач”.

Развіццё сістэмы функцыянальнай пісьменнасці — неабходная ўмова павышэння якасці адукацыйных вынікаў навучэнцаў. У сувязі з гэтым беларускім бокам была агучана прапанова распрацаваць сумесны дыягнастычны інструментарый для правядзення нацыянальных даследаванняў функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў (аналаг PISA), які можна было б рэалізаваць ужо ў 2023 го­дзе.

Было прапанавана ўключыць у праграму Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі мерапрыемствы па арганізацыі і правядзенні адкрытага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых. Гаворка ішла і аб правядзенні X Расійска-Беларускага маладзёжнага форуму.

Вынікам стала падпісанне пратакола сумеснага пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі, Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі і сумеснага плана мерапрыемстваў Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на 2022 год.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.