Ах, Беларусь, мая ты доля…

На адным з мерапрыемстваў, прысвечаных памятным мясцінам Віцебска, чытачы бібліятэкі гімназіі № 5 раптам на экране пасярод блакітных елак убачылі бронзавы помнік паэтэсе Еўдакіі Лось, які знаходзіцца ў нашым горадзе каля абласной бібліятэкі імя Леніна. Адразу навучэнцам захацелася яшчэ больш пазнаёміцца з жыццём і творчасцю вядомай паэтэсы. Сёлета спаўняецца 90 гадоў з дня яе нараджэння. Хочацца расказаць пра тое, як рыхтаваліся мы да гэтага мерапрыемства і як яно прайшло.

Адразу ў чытачоў узніклі пытанні “Адкуль родам Еўдакія Лось?”, “На якую тэматыку пісала яна свае творы?”, “У якім годзе быў пастаўлены помнік паэтэсе ў нашым горадзе?”, “Хто стваральнікі гэтага помніка?”.

На гэтыя пытанні мы прапанавалі адказаць юным чытачам самастойна, таму запрасілі ўсіх ахвочых прыняць удзел у пошуку матэрыялаў.

Затым мы падзялілі ўсіх зацікаўленых на 3 групы. Першая група збірала звесткі з біяграфіі Еўда­кіі Лось. Другая група шукала матэрыял аб творчасці паэтэсы і рыхтавала выставу яе кніг. А трэцяя група — даследчыкі — выяўляла матэрыялы аб ушанаванні памяці паэтэсы ў нашым родным горадзе.

Канечне, чытачы нашай гімназічнай бібліятэкі хутка маглі знайсці інфармацыю — ёсць інтэрнэт, ёсць кнігі. Але само мерапрыемства, прысвечанае Еўдакіі Лось, атрымалася незабыўным. Яно пачалося са знаёмства з біяграфіяй паэтэсы. З экрана на нас глядзела сціплая беларуская жанчына з уважлівымі вачыма. Навучэнцы даведаліся  аб тым, што Еўдакія Лось нарадзілася ў сялян­скай сям’і ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Да вайны скончыла 5 класаў. А пасля заканчэння сямігодкі вучылася на школьным аддзяленні Глыбоцкага педвучылішча. Паступіла на філалагічны факультэт педінстытута ў Мінску. Затым працавала літработнікам у рэдакцыі газеты “Зорька”. А з 1975 года працавала галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса “Вясёлка”. Еўдакія Лось пражыла вельмі цікавае, хоць і кароткае, усяго 48 га­­доў, жыццё.

Далей прадстаўнік другой групы чытачоў паведаміў аб тым, што Еўдакія Лось выдала 11 паэтычных зборнікаў, а таксама 7 кніг дзіцячых вершаў і 2 кнігі ў прозе, якія расказвалі пра Віцебск гістарычны і сучасны. Навучэнцы даведаліся аб тым, што творы і паэмы паэтэсы перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую і іншыя мовы.

А затым удзельнікі літаратурнага вечара разглядалі кнігі на выставе: знаёміліся з паэтычнымі зборнікамі Е.Лось “Сакавік”, “Палачанка”, “Лю­дзі добрыя”, “Хара­ство”, а таксама з яе кнігамі вершаў для дзяцей “Вяселікі”, “Дванаццаць загадак”, “Смачныя літары”.

Асаблівую цікавасць праявілі чытачы, калі на экране былі паказаны відэакліпы па вершах Еўдакіі Лось “Дзяўчаты мінулай вайны” і “Продкі”.

Напрыканцы літаратурнага вечара юныя даследчыкі расказалі аб тым, што помнік  Еўдакіі Лось у нашым горадзе быў устаноўлены ў 1976 годзе. Яго стваральнікі — скульптар В.Магучы і архітэктар В.Рыбакоў. У дзень адкрыцця гэтага помніка ў Віцебску адбыўся мітынг, прысвечаны памяці паэтэсы, на якім прысутнічалі яе сын і сястра. Нашы навучэнцы даведаліся аб тым, як віцябляне шануюць памяць знакамітай паэтэсы: яе імем названы адна з вуліц Віцебска, гарадская бібліятэка па вуліцы Цітова, а таксама Ушацкая раённая бібліятэка.

Наша літаратурная вечарына прайшла вельмі цікава найперш таму, што паэзія Еўдакіі Лось са­грэта пачуццём любові да Радзімы, да людзей. Яна вельмі шчырая. Усё, аб чым гаварыла паэтэса  ў сваіх вершах, глыбока хвалюе кожнага з нас. І за гэта мы яе любім.

Інеса ПАНІЗОВІЧ,
загадчыца бібліятэкі гімназіі № 5 Віцебска, магістр педагагічных навук.