Ах, вернісаж…

- 10:14World Skills

Маштабную пляцоўку Нацыянальнага выставачнага цэнтра “БелЭкспа” на гэтых днях захапіў чэмпіянат пад назвай “Мінскі вернісаж”, які арганізаваны грамадскім аб’яднаннем “Ліга творчай моладзі” пад старшынствам Н.А.Крыловай, галоўнага эксперта WorldSkills у прафесійнай кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”.

Ужо па назве зразумела, што ўдзель­нікамі гэтага форуму сталі менавіта тыя асобы, якія прысвяцілі сваё жыццё творчасці. Цырульнікі, дызайнеры адзення, парфумеры, фатографы, кандытары і кулінары адчувалі сябе на гэтым вернісажы, як у роднай стыхіі, і былі захоплены творчай атмасферай. Пяты раз мерапрыемства з такой рамантычнай назвай запрашае творцаў індустрыі прыгажосці, каб прадаставіць ім магчымасц­ь прадэманстраваць узлёт іх неабмежаванай фантазіі, неверагодны талент, філіграннасць рухаў і натхніць іх на новыя ідэі і шэдэўры.

Адкрыты чэмпіянат на Кубак дружбы “Мінскі вернісаж” праводзіцца ў рамках Міжнароднага фестывалю творчых прафесій і ўяўляе сабой камандныя спаборніцтвы, у якіх прыма­юць удзел як прафесійныя майстры, так і навучэнцы. Мерапрыемства мае прафарыентацыйны характар, відовішчна і маштабна прадстаўляе творчыя прафесіі ў сферы аказання паслуг і дызайну, прыцягвае ўвагу моладзі і спрыяе вызначэнню прафесійнага выбару маладых людзей. Для ўстаноў прафесійнай адукацыі чэмпіянат з’яўляецца своеасаблівым мастом для далейшага ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных прафесійных спаборніцтвах, у тым ліку і ў чэмпіянатах WorldSkills.

Упершыню на сёлетнім чэмпіянаце былі адкрыты дзве новыя секцыі: “Тэхналогія моды. Дызайн адзення” (кіраўнік Н.І.Юхневіч, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну, галоўны эксперт WorldSkills у прафесійнай кампетэнцыі “Тэхналогія моды”) і “Кулінарнае мастацтва” пад старшынствам эксперта WorldSkills П.В.Макаўкі.

У склад журы, якое ацэньвала работу майстроў швейнага мастацтва, увайшлі маладыя дызайнеры, удзельнікі арт-праектаў, выстаў, пераможцы такіх вядомых конкурсаў, як “Млын моды” і NewNamesBFW. Сярод членаў журы былі маладыя дызайнеры Д.Гайдук, Л.Васілёнак, Н.Рубанава, а таксама вопытны эксперт загадчык кафедры канструявання і тэхналогіі адзення і абутку Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Н.М.Бадзяла.

Старшыня журы Наталля Іванаўна Юхневіч расказала, што ў ліку канкурсантаў былі і юніёры, якія толькі вучацца дызайнерскаму майстэрству, і майстры, у якіх ужо назапашаны багаты вопыт. Усе яны прадставілі свае мадэлі адзення ў чатырох намінацыях: “Мас-маркет”, “Прэд-а-партэ”, “Ад куцюр” і “Дзіцячае адзенне (школьная форма)”.

Сярод канкурсантаў можна было сустрэць знаёмыя твары. Алена Лапотка, навучэнка Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання, паспяхова выступіла ў WorldSkills Belarus — 2018. На вернісажы яна прадставіла цікавую мадэль вячэрняй сукенкі ў намінацыі “Ад куцюр” і заслужыла захапляльныя водгукі. У выніку — у яе ганаровае 3-е месца. Алена выступіла таксама ў якасці мадэлі і прадставіла свой выбар на подыуме. Гран-пры па тэхналогіі моды атрымала каманда Віцебскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа ВДТУ. Удзельнікамі вернісажу былі Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці, філіял БНТУ “Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж” і шэраг іншых навучальных устаноў.

Навучэнцы дзяржаўных устаноў адукацыі, маладыя спецыялісты з мнагадзетных сем’яў, сіроты і тыя, што засталіся без апекі бацькоў, мелі магчымасць удзельнічаць у вернісажы на льготных умовах.

На пляцоўцы чэмпіянату праходзілі майстар-класы, прафесійныя семінары з удзелам вядучых спецыялістаў сферы паслуг. Была арганізавана выстава прадуктаў, парфумерна-касметычных сродкаў, цырульніцкага інструменту, прылад, абсталявання і аксесуараў, а таксама вырабаў удзельнікаў чэмпіянату.

Таксама на чэмпіянаце прысутнічалі калегі з Расійскай Федэрацыі і Узбекістана.

Ала КЛЮЙКО.