Ахоўнік Альманскіх балот

Педагогі з глыбінкі — асаблівыя людзі. Яны жывуць жыццём сваёй вёскі, свайго краю, сваіх навучэнцаў. І адзін з такіх педагогаў — Васіль Сівак, настаўнік біялогіі і хіміі Дзяржынскай сярэдняй школы Лельчыцкага раёна. Кожны дзень с самага маленства і да сённяшняга дня ён прысвячае ахове прыроды роднага краю і вучыць гэтаму сваіх навучэнцаў.

Вёска Дзяржынск знаходзіцца каля самай беларуска-ўкраінскай мяжы, у акружэнні амаль не кранутай, не парушанай коламі і чалавекам прыроды. Непадалёк — Альманскія балоты з іх рэспубліканскім ландшафтным заказнікам плошчай 942 кв.км. Гэта адзін з найбуйнейшых у Еўропе комплексаў балот. І гэтую прыроду Васіль з маленства з захапленнем даследаваў: з сябрамі прападаў у лесе, назі­раючы за жыццём яго насельнікаў — ад кузурак да жывёл, шмат хадзіў у грыбы, ягады з дзядулем і бабуляй. Любіў бываць тут і адзін.

— Я назіраў за мурашнікамі, за птушынымі гнёздамі, гля­дзеў, колькі яек у якім гня­здзе якая птушка адлажыла, як птушаняты аперваюцца, вырастаюць і інш. Тады ж, яшчэ школьнікам, вырашыў, што стану настаўнікам біялогіі, бо, хоць мне і падабалася прафесія ляснічага, усё ж хацелася не толькі самому ведаць прыроду, але і іншых наву­чыць, — гаворыць Васіль Уладзіміравіч.

Вывучаць біялогію толькі па падручніках было б недарэчнасцю, таму галоўныя веды пра прыроду хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць у мясцовым лесе ці на прышкольным участку, ведаючы, не на якой старонцы якая птушка намалявана, а ў якім урочышчы якая з іх жыве. Унікальная мясцовая прырода стала домам для многіх чырванакніжнікаў — і раслін, і жывёл, і птушак. Іх вывучэннем і зацікавіліся школьнікі.

Напрыклад, яны вывучалі жыццё і звычкі чорных буслоў — сімвала Лельчыцкага краю, сонь — рэдкіх звяркоў, падобных на вавёрку і мыш адначасова (каб здымаць фота і відэа, дзеці рабілі для іх спецыяльныя домікі з камерай унутры). Вялікую работу Васіль Ула­дзіміравіч з навучэнцамі правёў па выяўленні векавых дубоў — патэнцыяльных прэтэндэнтаў на статус батанічных помнікаў прыроды. Захавалі дзяржынскія школьнікі водны арэх, які таксама занесены ў Чырвоную кнігу: насенне з некалькіх заўважаных тут раслін яны рассадзілі ў рацэ. Абгароджаныя ад касцоў і перададзеныя пад ахову райінспекцыі палянкі з венерыным чаравічкам на ўскрайку лесу — таксама іх рук справа. Гэтыя і іншыя дзіцячыя даследаванні ўжо больш як 10 гадоў запар аказваюцца ў ліку лепшых на абласных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях “Пошук”, “Моладзь і экалагічныя праблемы сучаснасці”, на лясным юніёрскім конкурсе “Квітней, мой лес”.

— Для мяне галоўнае — не проста ву­чыць дзяцей, а да­ваць ім права на свае адкрыцці, каб дзеці пачутае на ўроку прапусцілі праз сябе, зрабілі важныя высновы, якія спатрэбяцца ім у жыцці. Таму падштурхоўваю дзяцей, каб яны ад тэорыі пераходзілі да практыкі, — гаворыць настаўнік.

Адысці ад тэорыі школьнікам давялося і з-за неабдуманага будаўніцтва акурат праз заказнік дарог. Таму апошнія гады гордасць за свой унікальны родны куток у дзяржын­скіх школьнікаў змянілася на трывогу, у сваіх даследаваннях яны цяпер вывучаюць не біяразнастайнасць, а тое, наколькі ўразлівая яна перад чалавекам. Як толькі заракаталі ў заказніку экскаватары, Васіль Уладзіміравіч быў сярод актыўных праціўнікаў будаўніцтва. Асабліва настаўнік хваляваўся за чыр­ванакніжнікаў, для якіх балота дагэтуль было домам:

— Менавіта тут, на Альманах, гняздуецца найбуйнейшая ў свеце папуляцыя вялікага арляцу. Ён надзвычай чуллівы да турбавання чалавекам. Баіцца шуму і яшчэ больш рэдкая птушка — сіваваронка, якая таксама заўважана тут. Спужаў бы шум і чорных буслоў. Загінулі б і балотныя чарапахі, якіх па нашых падліках тут ад 80 да 120 асобін. Гэты генатып больш нідзе ў Еўропе ўжо не сустракаецца. Чарапахі гняздуюцца ў пясчаных ледавіковых дзюнах, якія пачалі разбіраць на падсыпку дарогі. Таму мы паведамілі ў райінспекцыю, дзе знаходзяцца гнёзды, каб там будаўнікі пясок не чапалі.

Дзеці навукова даказалі негатыўны антрапагенны ўплыў на распаўсюджанасць журавін, без якіх цяжка ўявіць Альманы. Не абышлі ўвагай і мясцовую ўнікальнасць — ягады-альбіносы з велізарным утрыманнем калію. Тут, на Альманах, дзеці разам з настаўнікам знайшлі некалькі мясцін з белымі чарніцамі, брусніцамі і буякамі. Гэтым феноменам ужо зацікавіўся Інстытут лесу НАН Беларусі і ўжо рассадзіў белыя буякі на сваіх плантацыях. У супрацоўніцтве з арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” школьнікі разам са сваім настаўнікам даследуюць “сваю” частку Альманскіх балот. Яны пачалі право­дзіць улік птушак, шукаць гнёзды, аналізаваць фотаздымкі з устаноўленых у гнёздах камер, фіксаваць чырванакніжнікаў, выяўляць рэдкія расліны і наносіць усё гэта на карты.

Ужо сёння дзяржынская школа стала месцам, якое аб’ядноўвае людзей з усёй Беларусі, неабыякавых да лёсу заказніка. “Ахоўнікі Альманскіх балот” — менавіта так называецца група зацікаўленых людзей, якую па ініцыятыве АПБ стварыў і ўзначаліў В.У.Сівак. Пакуль дарожнае будаўніцтва ў заказніку прыпынілася, але небяспека працягу існуе. У перспектыве ахоўнікі мараць зрабіць Альманскія балоты запаведнікам, бо статус заказніка (хоць і рэспубліканскага значэння) не забараняе весці тут гаспадарчую дзей­насць. Цяпер абмяркоўваецца ўключэнне ўсяго Прыпяцкага Палесся, куды ўвахо­дзяць і Альманскія балоты, у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта, спадзяецца Васіль Уладзіміравіч, дапаможа рэалізаваць яшчэ адну яго ідэю — стварыць экалагічную сцежку, дзе можна было б лю­дзям з гордасцю паказваць захаваныя славутасці Лельчыцкага краю — векавыя борці і знаёміць з мясцовымі бортнікамі і іх справай, хваліцца старажытнымі дубамі, чорнымі бусламі і белымі ягадамі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Вольгі ЛУКАШЭВІЧ.