Ахова працы вачыма дзяцей

- 14:48Навіны рэгіёнаў

Упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама разам з Віцебскім абласным упраўленнем Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь падвялі вынікі штогадовага абласнога конкурсу малюнкаў “Ахова працы вачыма дзяцей”.

Конкурс праводзіцца штогод з мэтай фарміравання ў дзяцей і падлеткаў нецярпімасці да парушэнняў патрабаванняў аховы працы. Такое творчае спаборніцтва спрыяе прыцягненню ўвагі дзяцей і падлеткаў да праблем бяспекі працы і пашырэнню іх кругагляду, стварэнню дадатковых умоў для выхавання культуры бяспекі жыццядзейнасці, накіраванай на фарміраванне ў вучняў і выхаванцаў бяспечных паводзін у штодзённым жыцці. На гэты раз журы было прадстаўлена больш за 250 творчых работ.

Самы актыўны ўдзел прынялі дашкольныя ўстановы (узроставая катэгорыя — да 6 гадоў). Дарослыя праблемы ў пытаннях аховы працы выяўлены дзецьмі з дапамогай мультыплікацыйных і казачных герояў. Журы адзначыла творчы падыход, арыгінальнасць ідэй і тэхнікі выканання. 1-е месца заняла група аўтараў з ясляў-сада № 1 Полацка — Цімур Дуброўскі, Настасся Пазнякова, Вольга Трыпузава, Настасся Раманоўская і Мікіта Вараб’ёў, 2-е — выхаванка ясляў-сада № 70 “Светлячок” Віцебска Дар’я Апед, на трэцяй пазіцыі — малюнак Таццяны Скабацкой з ясляў-сада № 7 Чашнікаў.

У работах навучэнцаў сярэдняй узроставай катэгорыі ад 6 да10 гадоў адзначаліся паўната раскрыцця тэмы конкурсу, ацэньваліся пазнанні ў галіне аховы працы, стварэння бяспечных умоў на працоўных месцах прадстаўнікоў розных прафесій. 1-е месца заваявала Дар’я Крэчун (сярэдняя школа № 3 Віцебска). Другой стала Марына Саўлевіч (сярэдняя школа № 44 Віцебска), трэцімі — Цімафей Трацэўскі (гімназія № 3 імя А.С.Пушкіна Віцебска) і Ульяна Пуйша (Кансталінскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Браслаўскага раёна).

Старэйшая ўзроставая група (11—16 гадоў) прадставіла вялікую колькасць малюнкаў-плакатаў з лозунгамі і заклікамі да выканання правіл бяспекі працы. У гэтай катэгорыі 1-е месца заняла Ганна Масюкова (Башнеўская сярэдняя школа Шумілінскага раёна) з работай “Выкарыстоўвай электраінструмент па прызначэнні”. 2-е месца ў аўтара работы “Будучыня дзяцей — бяспечная праца бацькоў” Ягора Карнакова (сярэдняя школа № 12 Віцебска). 3-е дасталася Міхаілу Паляковічу (сярэдняя школа № 1 Лепеля), які прадставіў малюнак “Працу паважай — правілы аховы працы выконвай”. Акрамя таго, членамі журы адзначаны тры работы ў намінацыі “Арыгінальнасць”.

Упраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама сумесна з Віцебскім абласным упраўленнем Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь плануецца перадаць дзіцячыя работы на прадпрыемствы, у арганізацыі і ўстановы вобласці па галінах з мэтай інфармацыйнага і эмацыянальнага ўздзеяння на работнікаў у якасці нагляднага матэрыялу, які прапагандуе ахову працы.

Марына КАРУННАЯ,
вядучы спецыяліст упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама.