Гісторыя, краязнаўства, паходы, экскурсіі, легенды, адкрыцці — менавіта такія асацыяцыі выклікае ў дзяцей адпачынак у школьным аздараўленчым лагеры “Вытокі”.
Турыстычна-краязнаўчы профіль для адпачынку мы выбралі невыпадкова: гэта непасрэдна звязана з Годам гістарычнай памяці ў Беларусі і дзейнасцю вельмі папулярнага аб’яднання па інтарэсах “Школьны турызм”, якое шмат гадоў працуе ў навучальнай установе пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі і заўзятага турыста Вячаслава Віктаравіча Кропа. Хацелася бф падзяліцца нашым вопытам з калегамі-аднадумцамі. Магчыма, нехта захоча выкарыстаць ідэю патрыятычнага лагера на сваім мясцовым матэрыяле, а магчыма, камусьці здадуцца цікавымі формы правядзення мерапрыемстваў.
Школа бяспекі
Сёння ўсе разумеюць, як важна быць здаровым і жыць у бяспечным асяроддзі. Таму заняткі пачаліся са “Школы бяспекі”. Мы вывучалі правілы паводзін у лагеры і падчас экскурсій, у грамадскіх месцах і на прыродзе, у экстрэмальных сітуацыях. Правялі вучэбную эвакуацыю з будынка школы, пагаварылі аб прафілактыцы правапарушэнняў, арганізавалі інтэрактыўныя гутаркі “Чым небяспечная дарога для нас”, “Правілы гульні на мясцовасці”, “Электрабяспека ў школе, дома, на вуліцы”, трэнінгі “Правілы дарожнага руху на веласіпедах”, “Тэлефоны экстраннай службы”, “Асцярожна! Кляшчы”, “Транспарт. Мы пасажыры”, “Ёсць такое слова — “нельга”, “Сустрэча з жывёламі”, “Бяспека на кожны дзень”.
Паколькі лагер наведвалі дзеці рознага ўзросту, пры правядзенні “Школы бяспекі” і іншых мерапрыемстваў найбольш актуальным аказаўся падыход “роўны навучае роўнага”. Трэба адзначыць і пастаянную работу з дзецьмі школьнага псіхолага В.У.Урублеўскай. Акрамя таго, быў арганізаваны Адзіны дзень бяспекі, падчас якога адбылася сустрэча з прадстаўнікамі РАНС, ІСН, ДАІ. Мы ўдзячныя супрацоўнікам РАНС, якія арганізавалі суперквест па пажарнай бяспецы.
Рух — жыццё
З поўнай самааддачай спаборнічалі навучэнцы на малых алімпійскіх гульнях і алімпійскіх стартах па футболе, піянерболе, лёгкай атлетыцы.
Вядома ж, у лагеры прапагандаваўся здаровы лад жыцця. Кожная раніца пачыналася з зарадкі, дзе кожны выхаванец, незалежна ад узросту, прадстаўляў сваё практыкаванне для выканання ўсімі (у тым ліку і педагогамі), на некалькі мінут становячыся настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Дзеці захапіліся гэтай ідэяй і стараліся зноў і зноў здзівіць арыгінальным, а галоўнае, карысным практыкаваннем! На працягу 20 мінут штодня праводзіліся мерапрыемствы пад агульнай назвай “Здаровым быць выдатна”. Гэта былі інтэрактыўныя гутаркі, акцыі, флэш-мобы, віктарыны, хвілінкі карысных парад, практыкумы “Гэта павінны ведаць усе”, “Каму патрэбна зарадка?”, “Скажы мікробам — не”, “Ці карысна спаганяць злосць?”, “Чаму быць падлеткам цяжка?”, “Прафілактыка каранавіруса”, “Рух — жыццё”, “Паказчыкі здароўя”, “Думай аб тым, што ты ясі”, “Правілы аказання першай дапамогі пры траўмах, укусах, парэзах”, “Таямніцы з’едлівага дыму”, “Бяспека пры любым надвор’і”, “Я стаміўся, што рабіць?”, “Сіла ў табе”, “Я за здаровы лад жыцця”.
Запомніліся ўдзельнікам лагера мастацкая майстэрня “Мая малая радзіма”, гульнявая праграма “Папараць-кветка”, практыкум “Карагод дружбы”, сустрэча з літаратарамі Браслаўшчыны “Сярод сініх азёр”, творчая майстэрня “Крыніца сяброўства”.
Пазнаём актыўна
На занятках аб’яднання па інтарэсах “Мая Браслаўшчына” дзеці даведаліся шмат новага і цікавага пра сваю малую радзіму! Але тэорыя без практыкі мёртвая. Дэвізам лагера сталі словы “Пазнаём актыўна”. Моладзь чакалі займальныя прыгоды на мясцовасці. Вельмі пазнавальным аказаўся гістарычны квест-арыентаванне “Жыву ў Ахрэмаўцах — ведаю Бяльмонты”. Некалькі гадзін атрады “Следапыты” і “Пошук” па карце шукалі ключы, выконваючы дзясятак заданняў. Захапілі вучняў і краязнаўчая гульня “Нашы дасягненні”, гульня-квест “Ахрэмаўская кругасветка”, спартыўна-краязнаўчае мерапрыемства “Сцежка падарожжаў”. Цікавай атрымалася практычная работа з картамі па тэмах “Бяльмонты”, “Вялікая Айчынная вайна на тэрыторыі раёна”, “Ахрэмаўцы савецкага перыяду”, “Дасягненні сучаснасці”.
Экскурсіі па Браслаўшчыне
Дзень у лагеры завяршаўся мерапрыемствам “Прыняцце рашэння. Пасяджэнне веча”. Такім чынам выхавальнікі атрымлівалі зваротную сувязь ад выхаванцаў. Тут кожны мог адчуць сябе значнай асобай, “мужам”, як на сярэдневяковым сходзе, і выказаць свае пажаданні, заўвагі, прапановы і падзяку.
Пяць дзён былі прысвечаны тэматычным экскурсіям. Мы здзейснілі захапляючыя падарожжы ў Полацк і аграгарадок Германавічы, дзе прайшлі сцежкамі “вечнага вандроўніка” Язэпа Драздовіча. У Паставах пазнаёміліся з каралеўскай эканоміяй Антонія Тызенгаўза, у аграгарадку Друя — з гісторыяй старажытнага горада, вывучылі малое залатое кальцо Мёршчыны. У ходзе велапрабегу “Сёстры Хатыні” дзеці наведалі мясціны смутку Браслаўшчыны, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны разам з людзьмі акупанты спалілі вёскі Стайкі, Лабецкія, Рэпаўшчына. Таксама адбыўся двухдзённы пешы паход па мясцінах партызанскай славы раёна. У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа 22 чэрвеня прайшла кранальная акцыя каля помніка загінуўшым воінам у аграгарадку Ахрэмаўцы. Не пакінула абыякавымі выхаванцаў аперацыя “Абеліск” па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол помніка спаленым жыхарам мёртвай вёскі Рэпаўшчына, што знаходзіцца сярод лесу.
Развітальнае свята
Завяршылася змена маштабным фестывалем-рэканструкцыяй “Легендарныя эпохі”. Удзельнікі сабраліся ў парку ХVІІІ стагоддзя “Бяльмонт”. Паглыбіцца ў атмасферу сярэдневякоўя дапамог Гальяш Сялява ігрой на беларускай дудзе, а далей усіх закружыў старажытны танец “Ойра-ойра”. На наша запрашэнне прыняць удзел у фестывалі адгукнуліся супрацоўнікі Браслаўскага цэнтра традыцыйнай культуры, якія правялі майстар-клас па вырабе старажытных абярэгаў і цацак з гіпсу. Далучыліся калегі і навучэнцы Браслаўскага цэнтра дзяцей і моладзі, якія прывезлі “Музей у чамадане” і прапанавалі паглядзець на жыццё школьніка ў савецкі час, арганізавалі майстар-клас па нанясенні аквагрыму. Прадстаўнікі Ахрэмаўскага цэнтра нацыянальнай культуры далі майстар-клас па стварэнні галаўных убораў са старых газет, супрацоўнікі мясцовай бібліятэкі прэзентавалі выставу краязнаўчай літаратуры. Госці з пагранзаставы “Опса” разгарнулі выставу вучэбнай зброі, якую можна было павучыцца разбіраць, а ратавальнікі з Браслаўскага РАНС навучылі дзяцей карыстацца брандспойтам машыны МНС.
Не можаце паверыць, што гэта магчыма за 18 дзён? Магчыма ўсё, адказваем мы вам!
Алена АРЦІМОВІЧ,
выхавальніца аздараўленчага лагера “Вытокі”,
настаўніца Ахрэмаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Браслаўскага раёна.