Ахвярую сваім “Я”

- 11:05Нам пішуць

Сёлета спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, аднаго з пачынальнікаў сучаснай нацыянальнай прозы, публіцыста, крытыка, літаратуразнаўца Максіма Гарэцкага.

Восенню 1912 года віленская “Наша ніва” пачала друкаваць замалёўкі і карэспандэнцыі, а ў 1913 годзе — і мастацкія творы, дасланыя з горада Горкі Магілёўскай губерні і падпісаныя псеўданімам Максім Беларус. А праз год рэдакцыя газеты выказала шчырую ўдзячнасць маладому пісьменніку за плённае супрацоўніцтва і надзеі на далейшае развіццё яго таленту: “Максіму Беларусу. Дужа дзякуем за Вашы творы, каторыя Вы нам прысылалі ў апошнія часы. Мы верым, кажучы словамі нашых прадзедаў, што праз Вас “памножана будзе слава слаўнай айчыны нашай. Калі толькі агонь, каторы гарыць у Вас, будзе далей разгарацца.”

Гэтым маладым пісьменнікам быў Максім Іванавіч Гарэцкі. Словы, дасланыя з рэдакцыі, сталі прарочымі.

Максім Гарэцкі пражыў кароткае жыццё. Ды і абарвалася яно гвалтоўна, у росквіце творчых сіл. Лёс не песціў М.Гарэцкага неспадзяванымі ўдачамі, не адорваў незаслужанымі ўзнагародамі і шчадротамі. Наадварот, жыццёвая сцяжына была не роўная, не гладкая, а пакручастая. На ёй раз-пораз узнікалі непрадбачаныя перашкоды, цяжкасці. Нярэдка даводзілася вырашаць складаную дылему: у якім кірунку ісці далей, каб застацца самім сабою, не здрадзіць пісьменніцкаму прызванню. І мы бачым, што выбар М.Гарэцкага, як правіла, быў беспамылковы, бо ў сваіх памкненнях і ўчынках ён кіраваўся высокімі прынцыпамі гуманізму, ідэямі праўды, дабра і справядлівасці.

Максім Гарэцкі ўвайшоў у літаратуру следам за Янкам Купалам і Якубам Коласам, з якім быў знаёмы асабіста. Сёння ён агульнапрызнаны класік беларускай літаратуры, адзін з самых таленавітых пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы. Сваё кароткае жыццё Гарэцкі прысвяціў высакароднай справе духоўнага адраджэння роднай краіны, выхаванню нацыянальнай свядомасці беларусаў.

У вёсцы Малая Багацькаўка на Магілёўшчыне прайшло яго дзяцінства. Максім быў здольным, цікаўным хлапчуком. Любіў кнігі, шмат чытаў. Ужо ў дзяцінстве “маленькі Максімка, — паводле сведчання яго брата Гаўрылы Іванавіча, — быў на ўсё жыццё зачараваны дзівоснымі казкамі дзядзіны Хрысціны, ціхімі песнямі сваёй матулі Ахрасінні, у казках і песнях пазнаваў ён цяжкую гісторыю сацыяльна і нацыянальна прыняволенага беларускага народа”.

Найвялікшы пісьменніцкі клопат у М.Гарэцкага быў у тым, каб акрэсліць, праторыць шляхі паяднанасці нацыянальнай інтэлігенцыі з народам, з “родным карэннем”, з роднымі вытокамі. Яшчэ ў раннім артыкуле “Развагі і думкі” (1914) пісьменнік, звяртаючыся да маладога сучасніка, пісаў: “Калі не хочаш ты расчаравацца ў жыцці, каліткі ты папраўдзе ёсць інтэлігент і жывеш не так, што “наеўся, напіўся і хвосцік завіўся”, — не глушы ў сваім дэмакратычным сэрцы беларускіх здаровых народных пачуццяў. Дай веры, не расчаруешся. Не бяжы ад народа, а бяжы да народа. Ён цябе разварушыць. А ў падзяку таму, хто даў табе сэнс жыцця, ты папрацуй шчыра”. Словы, прамоўленыя сто гадоў таму, не страцілі актуальнасці і ў нашы дні.

Усё, напісанае рукою выдатнага майстра слова, і сёння мае вялікую мастацкую каштоўнасць. Творы пісьменніка-грамадзяніна, наватара не перастаюць здзіўляць і захапляць глыбокім пранікненнем у сутнасць народнага жыцця, чалавечай душы.

У нашай установе адукацыі “Разанцаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа” распрацавана праграма святкавання 125-годдзя з дня нараджэння знакамітага зямляка Максіма Іванавіча Гарэцкага. У лютым прайшло шэраг мерапрыемстваў: выстава твораў пісьменніка, конкурс малюнкаў “Зямля бацькоў — зямля святая”, які захапіў амаль кожнага вучня. Арганізаваны заняткі “Чытаем Максіма Гарэцкага разам”, на якіх вучні сярэдняга звяна пазнаёміліся з апавяданнямі “Панская сучка”, “Смачны заяц”, “У панскай кухні” (уваходзяць у зборнік “Досвіткі”). Вучні старэйшых класаў з цікавасцю рыхтаваліся да заняткаў “Рукапісы не гараць. Максім Гарэцкі: Жыццё праляцела як адзін дзень”. Засталіся неабыякавымі навучэнцы пасля чытання і абмеркавання зборніка Гарэцкага “Рунь”. Вучаніца 11 класа Крысціна Бінеўская адзначыла: “Творы пісьменніка вылучаюцца высокай ступенню мастацкай праўдзівасці і глыбінёй пранікнення ў характар і псіхалогію чалавека”. “Чытаючы апавяданні М.Гарэцкага са зборніка “Рунь”, заўважаеш, як тактоўна ставіцца пісьменнік да сваіх герояў”, — падтрымлівае гаворку яе аднакласніца Настасся Гоманава. І сапраўды, апавяданні Гарэцкага — гэта свайго роду першаадкрыццё новага і незнаёмага мацерыка — голасу душы беларуса ў акіяне людской нематы. Адраджаць чалавека ў беларусе было асноўнай і адраджэнскай, і жыццёвай праграмай самога М.Гарэцкага, марай і сэнсам яго жыцця.

Крэда ўсяго жыцця Максіма Гарэцкага заключана ў яго ж словах: “Ахвярую сваім “Я” ва ймя святога ўсім нам Адраджэння”. Так ён і жыў, адзін з найлепшых сыноў Беларусі.

Тамара ЕРАСЦЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Разанцаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.