Айчынныя дызайнеры і мадэлі паказалі сябе ў Рызе

На памежжы сакавіка і красавіка ў сталіцы Латвіі Рызе ўжо 22 раз прайшла Міжнародная выстава тэкстыльнай індустрыі Baltic Fashion&Textile — 2017.

Гэтая прэстыжная фэшн-пляцоўка прымае штогод самых прасунутых дызайнераў адзення пераважна з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а яе наведвальнікамі становяцца тысячы прафесіяналаў і паспалітых зацікаўленых людзей з розных куткоў свету. Як правіла, тэматыку форуму вызначаюць тэкстыль, зыходныя матэрыялы, інтэр’ерны тэкстыль, адзенне, модныя брэнды і гандлёвыя маркі, абутак, гарбарныя вырабы, ручная работа, інавацыі і тэхналогіі.

Сёлета ў Baltic Fashion&Textile — 2017 прынялі ўдзел кампаніі і вытворцы з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Фінляндыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Польшчы, Турцыі, Індыі, Украіны, Расіі і інш. Прыемна, што не абышлося і без удзелу беларусаў. На подыуме ў Рызе калекцыямі беларускіх дызайнераў быў годна прадстаўлены Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды”. Такія дызайнеры, як Kudrina, Ганна Краснер, Аляксандра Казлоўская, Таццяна Астапчык, Ганна Волчык, Наталля Рубанава, Ірына Машукова, Мілена Паўлоўская, Хрысціна Гагуцкая, Настасся Дарожкіна, прадставілі еўрапейцам сваё бачанне сучаснай моды на міжнародным подыуме. Асаблівую яркасць карцінкі стваралі мадэлі — выхаванкі подыум-школы Fashion Style Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Ігара Іванова.

Удзельнікі беларускай дэлегацыі таксама наведалі семінары з удзелам прафесіяналаў, пабывалі ў Латвійскай акадэміі мастацтваў, дзе азнаёміліся з тамтэйшым адукацыйным працэсам, абмяняліся педагагічным вопытам з латвійскімі выкладчыкамі.

Мікола ЧЭМЕР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *