Акадэмічная мабільнасць у дзеянні

- 12:09Навіны рэгіёнаў

Заключанае Пагадненне аб мабільнасці паміж Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэтам спажывецкай кааперацыі і Расійскім універсітэтам кааперацыі дало магчымасць абмяняцца студэнтамі.

Пяцёра найбольш паспяховых студэнтаў 3 і 4 курса БГЭУ СК, якія вучацца па спецыяльнасцях “Менеджмент” і “Сусветная эканоміка”, прайшлі навучанне ў расійскай установе вышэйшай адукацыі. Столькі ж маладых людзей з расійскага ўніверсітэта спасцігалі азы будучай прафесіі ў гомельскай УВА. Такі абмен студэнтамі стаў магчымым дзякуючы Міжнароднай праграме акадэмічнай мабільнасці, якая ўступіла ў дзеянне ў гэтым годзе. Пакуль навучанне ў замежным універсітэце для абодвух бакоў працягваецца тры тыдні. Гэта невялікі тэрмін, але ж дастаткова для таго, каб зразумець падыход да навучання прафесіі ў іншай краіне, падзяліцца вопытам і думкамі, а таксама паназіраць за тым, як прымяняюцца атрыманыя маладымі людзьмі веды на практыцы. Напрыклад, для расійскіх студэнтаў былі арганізаваны выязныя заняткі на свабоднай эканамічнай зоне “Гомель-Ратон”.
Праграма толькі пачала дзейнічаць, і ў перспектыве, як чакаецца, яе магчымасці стануць больш шырокімі. Ужо сёння кіраўніцтва абодвух універсітэтаў задумваецца аб стварэнні сумесных вучэбных планаў і праграм. Пакуль, прайшоўшы кароткатэрміновае навучанне ва ўстанове вышэйшай адукацыі іншай краіны, юнакі і дзяўчаты атрымліваюць сертыфікат. Але ж не выключана, што ў недалёкай будучыні выпускнікі змогуць атрымліваць два дыпломы адразу — беларускага і расійскага ўніверсітэтаў. Зразумела, такое магчыма пры больш працяглым навучанні ў замежнай УВА. Наяўнасць двух дыпломаў значна павысіла б канкурэнтаздольнасць маладых спецыялістаў на рынку працы, яны змаглі б без праблем атрымаць працоўнае месца на тэрыторыі дзвюх краін.

Наталля ЛУТЧАНКА.