Акадэмія адукацыі распрацавала комплекс матэрыялаў для падрыхтоўкі да рэпетыцыйнага даследавання якасці адукацыі

- 12:15Актуально

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Функцыянальная адукаванасць навучэнцаў і яе роля ў дасягненні мэт устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны» прайшла ў Акадэміі адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Мерапрыемства сабрала кіраўнікоў устаноў адукацыі, вучоных, педагогаў-практыкаў, метадыстаў. У ім прынялі ўдзел расійскія калегі: прадстаўнікі Расійскай акадэміі адукацыі, Інстытута зместу і метадаў навучання імя В.С. Ляднёва, Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта, Ніжагародскага інстытута развіцця адукацыі і інш. 

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў канферэнцыі былі пытанні, звязаныя з канцэптуальнымі асновамі фарміравання функцыянальнай адукаванасці, адборам адпаведнага зместу адукацыі, роляй адукацыйнага асяроддзя ў фарміраванні функцыянальнай адукаванасці і эфектыўнымі педагагічнымі практыкамі.

На нашых вачах адбываецца сурёзная тэхналагічная трансфармацыя ўсіх галін эканомікі. Безумоўна, мы бачым, наколькі актыўна на іх уплываюць лічбавыя тэхналогіі, тэхналогіі штучнага інтэлекту. І шмат у чым гэта абумоўлівае тыя выклікі, якія неабходна будзе пераадольваць, — адзначыў, вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Калі яшчэ зусім нядаўна, некалькі дзесяцігоддзяў назад, мы добра разумелі, што агульная сярэдняя адукацыя накіравана ў першую чаргу на тое, каб даць навучэнцам тыя ці іншыя веды, то сёння роля педагога больш складаная: арганізаваць практыка-арыентаванае навучанне, накіраванае на прымяненне ведаў. Нам неабходна выпрацоўваць новыя падыходы для таго, каб кожны настаўнік, выкладчык знаходзіў тыя інструменты, якія дазволяць сфарміраваць у вучняў кампетэнцыі, неабходныя для жыцця.

А. Іванец падкрэсліў важнасць сістэмнага падыходу да фарміравання функцыянальнай адукаванасці — ад распрацоўкі адпаведнага навукова-метадычнага забеспячэння да яго выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Ацэнку комплекснай работы, якая праводзіцца ў краіне, дасць Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі.

Па новай парадыгме

Функцыянальная адукаванасць сёння з’яўляецца адным з прыярытэтных вектараў развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі. Здольнасць прымяняць веды на практыцы, эфектыўна вырашаць штодзённыя задачы ў розных сферах жыцця разглядаецца як найважнейшы адукацыйны вынік і ключ да паспяховай будучыні.

У Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 г. пастаўлена задача пераходу на новую адукацыйную парадыгму, у аснову якой пакладзена вучэнне замест навучання, робіцца акцэнт не на засваенні гатовых ведаў, а на развіцці здольнасцей самастойна іх набываць, прымяняць у розных жыццёвых сітуацыях і прымаць адказнасць за свае рашэнні. Гэтыя ідэі знайшлі адлюстраванне і ў Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 г., дзе таксама праводзіцца думка, што сучаснаму грамадству неабходны людзі, якія валодаюць новымі кампетэнцыямі.

У Беларусі флагманам у правядзенні навуковых даследаванняў, стварэнні і ўкараненні навукова-метадычнага забеспячэння, звязанага з фарміраваннем функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў на ўзроўнях дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых, з’яўляецца Акадэмія адукацыі.

Па словах рэктара Акадэміі адукацыі Ірыны Старавойтавай, работа па ўкараненні ідэй функцыянальнай адукаванасці ў сістэму адукацыі праводзіцца па такіх напрамках, як распрацоўка матэрыялаў (адукацыйных стандартаў, метадычных рэкамендацый, вучэбных праграм, вучэбна-метадычных комплексаў, сітуацыйных задач) у межах галіновай навукова-тэхнічнай праграмы «Функцыянальная адукаванасць», узаемадзеянне з аўтарамі вучэбных дапаможнікаў, павышэнне кваліфікацыі і падрыхтоўка педагогаў і правядзенне Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі.

На сёння Акадэміяй адукацыі падрыхтаваны праекты адукацыйных стандартаў новага пакалення, у аснове якіх аксіялагічныя, сістэмна-дзейнасныя, культуралагічныя, асобасна-арыентаваныя, кампетэнтнасныя, інклюзіўныя падыходы, праекты вучэбных праграм, што маюць новую форму прадстаўлення зместу навучання. Дарэчы, і стандарты, і вучэбныя праграмы прайшлі апрабацыю. На нацыянальным адукацыйным партале размешчаны вучэбна-метадычныя комплексы факультатыўных заняткаў па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці вучняў (іх 45). Змена адукацыйнай парадыгмы прывяла да абнаўлення вучэбных дапаможнікаў, узмацнення іх практыка-арыентаванай накіраванасці і выхаваўчага патэнцыялу.

Што тычыцца падрыхтоўкі педагагічных кадраў да арганізацыі адукацыйнага працэсу, то ў мінулым годзе былі рэалізаваны два праекты: «Рэспубліканская метадычная школа: урок XXI стагоддзя», вынікам якога з’яўляюцца новыя прыёмы, спосабы, формы работы настаўніка на ўроку, і анлайн-школа для педагогаў, у межах якой арганізоўваюцца семінары, майстар-класы, трэнінгі. Яны закранаюць у тым ліку ўкараненне ідэй функцыянальнай адукаванасці. 56 анлайн-мерапрыемстваў запланавана правесці ў бліжэйшы час.

Рэпетыцыя даследавання

Адным з важных напрамкаў работы з’яўляецца Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі. У лістападзе пройдзе яго рэпетыцыя. Яе мэта — ацаніць і забяспечыць тэхналагічную і арганізацыйную гатоўнасць да асноўнага этапу, запланаванага на 2026 г. Традыцыйна ў фокусе ўвагі будуць знаходзіцца чатыры віды функцыянальнай адукаванасці: чытацкая, матэматычная, прыродазнаўчанавуковая і фінансавая. Чытацкая адукаванасць — гэта здольнасць чалавека працаваць з тэкстамі і кіраваць уласнай чытацкай дзейнасцю, матэматычная — здольнасць разважаць матэматычна, выкарыстоўваючы законы логікі і жыццёвы вопыт. Прыродазнаўчанавуковая адукаванасць накіравана на вырашэнне жыццёвых праблем з апорай на адпаведныя веды, уменне інтэрпрэтаваць даныя з навуковага пункту гледжання. Фінансавая адукаванасць прадугледжвае выкарыстанне інфармацыі, звязанай з фінансамі, для прыняцця эфектыўных дзеянняў у розных жыццёвых кантэкстах, напрыклад у вучобе, сям’і, асабістых выдатках.

Заданні Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі накіраваны на праверку не ведаў, а здольнасці навучэнцаў бачыць і вырашаць жыццёвыя праблемы, спецыяльна змадэляваныя ў прапанаваных сітуацыях. Для падрыхтоўкі да рэпетыцыйнага даследавання Акадэмія адукацыі распрацавала комплекс спецыяльных вучэбных матэрыялаў. З імі могуць азнаёміцца як педагогі, так і навучэнцы, іх бацькі. Правядзенне рэпетыцыйнага даследавання дазволіць адпрацаваць усе працэдурныя моманты і забяспечыць аб’ектыўнасць вынікаў асноўнага этапу даследавання.

Інвестыцыя ў будучыню

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Давідовіч раскрыла асноўныя тэндэнцыі развіцця дашкольнай адукацыі ў кантэксце фарміравання асноў функцыянальнай адукаванасці выхаванцаў на аснове айчыннага і замежнага вопыту. Паводле яе слоў, вопыт нашай краіны паказвае, што нават ва ўмовах адсутнасці прамога згадвання тэрміна «функцыянальная адукаванасць» яе кампаненты паспяхова фарміруюцца праз кампетэнтнасны падыход, практыка-арыентаваныя заданні і цеснае ўзаемадзеянне ўстаноў дашкольнай адукацыі з сям’ёй.

Як адзначалася, у Беларусі ў межах галіновай навукова-тэхнічнай праграмы «Функцыянальная адукаванасць» распрацавана новае пакаленне адукацыйных стандартаў і адукацыйных праграм дашкольнай адукацыі. Яны зараз эксперыментальна апрабуюцца, і асаблівы акцэнт у іх змесце зроблены на фарміраванні ключавых кампетэнцый: асобасных, сацыяльных, камунікатыўных, пазнавальных, кагнітыўных, мастацкіх, эстэтычных і фізкультурна-аздараўленчых. Асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню ў дашкольнікаў уменняў ставіць мэту, прагназаваць вынік, праяўляць ініцыятыву і г. д.

Па меркаванні А.  Давідовіч, стандарты і праграмы задаюць вектар дзеяння, але педагогам патрэбны рабочыя інструменты для рэалізацыі іх у штодзённай практыцы. І гэтыя падыходы і інструменты, вядома, прад’яўляюць асаблівыя патрабаванні да самога выхавальніка дашкольнай адукацыі, яго прафесійных кампетэнцый. Педагогі павінны не проста перадаваць інфармацыю, а ствараць умовы для актыўнага пазнання, выступаць у ролі фасілітатараў, якія ўмеюць задаваць правільныя пытанні і накіроўваць дзіцячую ініцыятыву.

Фарміраванне асноў функцыянальнай адукаванасці ў дашкольным узросце — гэта не проста педагагічная задача, гэта інвестыцыя ў будучыню, паспяховую сацыялізацыю, адаптыўнасць, грамадзянскую сталасць і здольнасць да навучання на працягу ўсяго жыцця, — пераканана А. Давідовіч.

Вопытам па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці падзяліліся расійскія педагогі. Віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі адукацыі акадэмік Віктар Басюк прадставіў метадалагічныя аспекты развіцця функцыянальнай адукаванасці. Выконваючы абавязкі рэктара Санкт-Пецярбургскай акадэміі паслядыпломнай педагагічнай адукацыі імя К.Д. Ушынскага Андрэй Багданцаў засяродзіў увагу прысутных на пытаннях ацэнкі якасці адукацыі. Цікавасць ва ўдзельнікаў мерапрыемства выклікаў даклад «Функцыянальная адукаванасць навучэнцаў як інструмент паспяховага развіцця асобы» загадчыка кафедры інфарматыкі і інфармацыйных сістэм Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Таццяны Бараненка.

На канферэнцыі была арганізавана работа 8 тэматычных сесій, у рамках якіх абмеркавалі пытанні, звязаныя з фарміраваннем функцыянальнай адукаванасці выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, падрыхтоўкай і павышэннем кваліфікацыі педагагічных работнікаў у галіне фарміравання функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў.

Вынікам мерапрыемства стаў абмен навуковымі думкамі і лепшымі педагагічнымі практыкамі, а таксама пашырэнне і наладжванне новых прафесійных кантактаў калег з Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Віктар Басюк, віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі адукацыі: 

Канферэнцыя раскрывае вельмі важныя аспекты фарміравання функцыянальнай адукаванасці, якая прадугледжвае не проста авалоданне ведамі, а прымяненне іх у жыцці. Расійская акадэмія адукацыі тэмай развіцця функцыянальнай адукаванасці займалася вельмі глыбока з сярэдзіны мінулага стагоддзя. Такія вучоныя, як А.А. Лявонцьеў, Р.М. Гунееў, Б.І. Гершунскі і іншыя, унеслі важкі ўклад у пытанні яе метадалагічнага абгрунтавання. Летась мы завяршылі рэалізацыю маштабнага праекта па маніторынгу фарміравання функцыянальнай адукаванасці і падвялі яго вынікі, у чым, дарэчы, былі задзейнічаны і беларускія калегі. Дзякуючы гэтай рабоце і пачалося наша ўзаемадзеянне, якое, упэўнены, будзе працягвацца і далей.

Мы разумеем, што зараз на першы план выходзяць пытанні падрыхтоўкі педагогаў. Сёння праграма гэтай падрыхтоўкі не акцэнтавана на тэме функцыянальнай адукаванасці: настаўніка вучаць, як стварыць дыдактычную адзінку ў выглядзе таго ці іншага вучэбнага матэрыялу і як сфарміраваць вучэбныя навыкі і дзеянні. Аднак гэта не ўсё, што неабходна дзіцяці ў самастойным жыцці. Задача ў тым, каб яно гэтае вучэбнае дзеянне змагло перанесці ў практыку. Таму першапачаткова педагогу неабходна выклікаць у навучэнца дапытлівасць, жаданне спазнаваць свет. Функцыянальную адукаванасць у будучых настаўнікаў нельга сфарміраваць дзякуючы якой-небудзь адной дысцыпліне, якая ўводзіцца ў педагагічнай УВА. Гэта, хутчэй за ўсё, навык, які фарміруецца з педагагічным прафесіяналізмам, жыццёвай мудрасцю. І тут задача паслядыпломнай адукацыі — дапамагчы «зрасціць» тэорыю з практыкай. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара і з архіва Акадэміі адукацыі