Акадэмія бацькоўства

- 8:09Выхаванне, Выхаваўчая работа

Шосты дзень у сярэдняй школе № 5 Брэста дапамагае правесці час з карысцю не толькі навучэнцам, але і іх бацькам.

Усё дзякуючы праекту “Акадэмія бацькоўства”, які распрацавала педагог-псіхолаг гэтай установы адукацыі Таццяна Аляксандраўна Кадэнская. Яго сутнасць у тым, каб дапамагаць сем’ям жыць дружна і шчасліва.

— Ідэя ўзнікла спантанна, калі я ездзіла на адукацыйныя курсы ў Мінск, — расказала педагог-псіхолаг. — На адных з заняткаў узнімаліся вельмі важныя тэмы: гарманічнае станаўленне асобы дзіцяці, уплыў з боку бацькоў, неабходнасць стварэння атмасферы шчасця, любові і разумення ў сямейным коле. Адразу прыйшла думка дапамагчы навучэнцам нашай школы і іх бацькам дасягнуць узаемаразумення з дапамогай шостага школьнага дня. Тады я распрацавала фармат бацькоўскай гасцёўні, які дае магчымасць мамам і татам адкрыта і ў нязмушанай абстаноўцы абмеркаваць розныя праблемы ўзаемаадносін з дзецьмі, атрымаць кваліфікаваную дапамогу спецыялістаў па пытаннях навучання, асаблівасцей развіцця і выхавання, даведацца пра прычыны ўзнікнення розных парушэнняў развіцця і паводзін.

Праект стартаваў у 2017 годзе і атрымаў назву “Акадэмія бацькоўства”. Заняткі праводзяцца адзін раз на месяц у шосты школьны дзень і даюць як тэарэтычную базу, так і практычныя навыкі. На іх выкарыстоўваюцца разнастайныя формы і метады ўзаемадзеяння з сям’ёй: абмен вопытам па пытаннях сямейнага выхавання, індывідуальныя і групавыя кансультацыі, дыскусійныя сустрэчы і псіхалагічныя трэнінгі. Усё гэта дазваляе стабілізаваць мікраклімат у сям’і шляхам асветы і навучання бацькоў, пашырэння наяўнага ў іх педагагічнага вопыту і набыцця новых ведаў, якія будуць спрыяць якаснай змене адносін.

Злавіць матылька

Пакуль мамы і таты вучацца разумець сваё дзіця і знаходзіць кампраміс у спрэчных сітуацыях, дзеці не сядзяць без справы. Для іх Таццяна Аляксандраўна праводзіць гульні-рэлаксацыі і гульні-драматызацыі:

— Актыўнасці, звязаныя з нервова-мышачным расслабленнем, дапамагаюць дзіцяці лепш кантраляваць сваё цела і свядомасць. Напрыклад, я практыкую гульню “Злаві матылька”. Яе сутнасць у пачарговым напружанні і расслабленні мышцаў падчас лоўлі ўяўнага матылька. Неабходна ўявіць палёт насякомага, а затым лавіць яго хапальнымі рухамі. Яшчэ дзеці любяць гульню-рэлаксацыю “Марожанае”. Тут акцэнт робіцца на псіхаэмацыянальным напружанні, падчас якога ўдзельнікам трэба ператварыцца ў эскімо. Першапачаткова марожанае цвёрдае і ледзяное, але вось прыгрэла сонейка — і яно пачынае раставаць. Цела дзіцяці ў гэты момант таксама пачынае расслабляцца.

Гульні-драматызацыі чымсьці нагадваюць тэатральны паказ. Бацькі разам з дзецьмі становяцца ўдзельнікамі адной з класічных сітуацый, якія адбываюцца ў сям’і. Разам яны шукаюць мірнае рашэнне праблемы і вучацца згладжваць вострыя вуглы.

Бацькоўская гасцёўня — гэта мадэль узаемадзеяння “Бацькі-дзіця-педагог”, дзе аднаму з бацькоў і дзіцяці адводзяцца вядучыя ролі. Педагог выконвае ролю кансультанта, забяспечвае неабходнымі звесткамі, падаючы інфармацыю і навучаючы эфектыўным прыёмам узаемадзеяння.

Важна для кожнага

Тэматыка сустрэч бацькоўскай гасцёўні выбіраецца з улікам асаблівасцей і патрэб сем’яў. З бацькамі і дзецьмі праводзіцца вялікая папярэдняя работа, якая ўключае анкетаванне і індывідуальныя гутаркі. З іх дапамогай выяўляюцца інтарэсы, запыты, праблемы і цяжкасці сем’яў.

— Як маладых, так і вопытных бацькоў хвалююць актуальныя пытанні развіцця асобы свайго дзіцяці, — адзначыла Таццяна Аляксандраўна. — Рацыянальнае харчаванне, паводзінскія асаблівасці, сацыялізацыя, развіццё пазнавальнай актыўнасці, фарміраванне здаровага ладу жыцця, эмацыянальны дабрабыт — гэта базавыя катэгорыі, якія маюць патрэбу ў прапрацоўцы. На іх аснове складаецца тэматычны план работы бацькоўскай гасцёўні, які на працягу навучальнага года карэкціруецца і абнаўляецца з улікам узроставых і індывідуальных асаблівасцей дзяцей.

Праект дазваляе вырашыць шэраг найважнейшых задач. Папершае, ён вучыць бацькоў аналізаваць свае метады выхавання. Па-другое, дапамагае мамам і татам правільна ўспрымаць сваіх дзяцей, не праецыраваць на іх уласныя эмоцыі, пачуцці і чаканні. Таксама “Акадэмія бацькоўства” садзейнічае гарманізацыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін, а яшчэ дае магчымасць наладзіць канструктыўныя адносіны са сваім дзіцем падчас гульні або гутаркі.

Не пражываць, а быць разам

Спачатку пасяджэнні бацькоўскай гасцёўні былі малалікімі — у першую групу ўваходзіла ўсяго шэсць чалавек. Калі да дарослых далучыліся дзеці, колькасць жадаючых хутка ўзрасла.

— Паводле вынікаў пэўнай колькасці сустрэч мы правялі апытанне, каб высветліць, наколькі эфектыўны такі фармат работы, — падкрэсліла педагог-псіхолаг. — Вынікі анкетавання паказалі, што бацькі больш даведваюцца пра інтарэсы і захапленні сваіх дзяцей. Таксама павышаецца ўзровень іх педагагічнай кампетэнтнасці. Наш вопыт паказвае, што ў працэсе супрацоўніцтва ў фармаце бацькоўскай гасцёўні паміж членамі сям’і ўсталёўваюцца цесныя ўзаемаадносіны.

Паступова ўдзельнікі “Акадэміі бацькоўства” пачынаюць больш цікавіцца захапленнямі адно аднаго, пераходзяць ад сумеснага “пражывання” да новага светаадчування — “быць разам”, адчуваюць сябе адным цэлым.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.