Акадэмія “Чарлі”

На пачатку кастрычніка кіраўнік тэатра танца “Чарлі” педагог дадатковай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі аддзялення культурна-адпачынкавай дзейнасці сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Вольга Пашкоўская атрымала нагрудны знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”. І хоць яна сціпла адзначае, што ніколі не імкнулася да ўзнагарод, але гэтая стала прыемнай і вельмі знакавай, бо сведчыць аб прызнанні яе прафесіяналізму і даказвае, што 30 гадоў дзейнасці яе любімага калектыву не прайшлі незаўважна. Хоць ці магло быць інакш, калі “чарлікаў” добра ведаюць не толькі ў родным Кастрычніцкім раёне, а і ва ўсім горадзе, і нават у краіне.

Шлях да сябе

Шлях да танцавальнага мастацтва ў Вольгі Валер’еўны быў няпросты. Калі іншых дзяцей бацькі адводзілі ў розныя танцавальныя гурткі, то ёй давялося самой пракла­даць сцяжынку да Тэрпсіхоры. “Я танцавала з дзяцінства, але бацькі пастаянна супраціўляліся майму захапленню. І пэўны час я нават марыла стаць фігурысткай, тым больш у 5 гадоў мне купілі канькі і бацькі пастаянна вадзілі мяне на каток у парк Горкага, — узгадала харэограф. — А калі пайшла ў школу, то неяк аднойчы да нас прыйшла педагог з Палаца культуры прафтэхадукацыі і запрасіла дзяўчынак у свой танцавальны калектыў. Дагэтуль памятаю наш першы канцэрт на сцэне Палаца культуры камвольнага камбіната, зараз гэта Мінскі гарадскі палац культуры, дзе ўжо часта выступаюць мае выхаванцы. Але потым, на жаль, часу на танцы амаль не засталося, бо трэба было рыхтавацца да паступлення. І ў гэты час у нашай сярэдняй школе № 41 Мінска пачалі праводзіць заняткі па аэробіцы, якія даводзілася наведваць падпольна (усміхаецца). Увогуле, у школе я часта выступала, і сцэнарыі пісала, і экскурсіі ў музеі праводзіла”.

Аднойчы Вольга Пашкоўская запыталася ў матулі, адкуль у яе танцавальны талент, і тая ўзгадала, што прабабуля Вера некалі выдатна выконвала мазурку і нават мела шмат узнагарод: “Я заўсёды гэта памятала і не супакоілася, пакуль з “Чарлі” не паставіла мазурку”.

Запаветнай марай такой творчай натуры было паступленне ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С.А.Герасімава, але… бацькі заўпарціліся і не адпусцілі. Таму яна вырашыла пайсці вучыцца на філфак БДУ. “Праўда, з першага разу я не паступіла ва ўніверсітэт і пайшла працаваць піянерважатай у 56-ю гімназію. Там мы ладзілі мноства мерапрыемстваў, для якіх я пастаянна ставіла танцавальныя нумары, — расказала В.В.Пашкоўская. — У 1989 годзе перайшла працаваць у Дом піянераў і школьнікаў Кастрычніцкага раёна спачатку культарганізатарам, потым стала метадыстам, а пазней і загадчыцай метадычнага аддзела. З першага дня работы да мяне прыйшлі тыя дзеці, з якімі я займалася ў гімназіі, што і стала штуршком для стварэння свайго танцавальнага калектыву. У 1990 годзе я набрала зусім маленькіх дзяцей, а праз месяц мы павінны былі паказаць нумар на канцэрце. Дзеткі былі настолькі смешныя і нязграбныя, што ў мяне ўвесь час круцілася думка: яны такія ж, як Чарлі Чаплін. Мы ўзялі песню Лаймы Вайкуле і зрабілі першы танец “Чарлі”. Так гэтая назва і замацавалася за намі”.

Праз некаторы час Вольга Валер’еўна вырашыла ўдасканаліць сваё прафесійнае майстэрства і навучыцца ў тым ліку правільна прэзентаваць свой калектыў. А дзеля гэтага вывучылася на культуролага-менеджара ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры і мастацтваў. “Там я даведалася вельмі многа, у тым ліку як правільна развіваць сваю справу, — сцвярджае яна. — За 30 гадоў многія мае выпускнікі сталі харэогрфамі, некаторыя — фітнес-трэнерамі па пілатэсе, ёзе, аэробіцы. У свой час я і сама скончыла курсы Наталлі Наважылавай, на якіх пацвердзіла свае веды і ўпэўнілася, што ўсё раблю правільна. Прынамсі, мая вучаніца Алена Прановіч адкрыла сваю балетную студыю ў Мінску, Надзя Цвірко выкладае пілатэс, а Аляксандра Лявонава працуе харэографам у нашым цэнтры, праўда, ужо ў сваім калектыве. Многія “чарлікі”, стаўшы дарослымі, не закінулі сваё захапленне танцамі”.

Дарэчы, зараз лепшым выпускнікам даецца дакумент аб атрыманні дадатковай адукацыі. “Ён дазваляе тым, хто вырашыць звязаць свой лёс з педагогікай і харэаграфіяй, лягчэй паступіць у профільную навучальную ўстанову, напрыклад, у каледж мастацтваў або ўніверсітэт культуры. А пасля вярнуцца да нас у цэнтр і працаваць”, — па­тлумачыла педагог.

“Чарлікі” могуць усё

Вальсіраваць, адбіваць чачотку, танца­ваць польку, выконваць мазурку і нават на пуантах стаяць! Ужо 30 гадоў у “Чарлі” дзеці ва ўзросце ад 4 да 20 гадоў вучацца класічнаму, народна-сцэнічнаму, эстраднаму танцам, асвойваюць аэробіку і танцавальную імправізацыю, а таксама акцёр­скае май­стэрства. “За некалькі гадоў пасля першага набору калектыў вырас да ансамбля эстраднага танца, а з 2014 года ператварыўся ў тэатр танца. Бо дзецям неабходна не толькі харэаграфія, а і акцёрскае майстэрства, яны не супраць паімправізаваць і вершы пачытаць. А нумары часта перарастаюць у невялікія спектаклі, — падкрэсліла В.Пашкоўская. — Да таго ж заняткі танцамі фарміруюць правільную паставу, прывіва­юць асновы этыкету і манеры паводзін у грамадстве”.

Для многіх сучасных дзяцей заняткі ў “Чарлі” — гэта пераадоленне сябе і сваіх комплексаў, таму што зараз многія вельмі скаваныя і баязлівыя.

Зараз у калектыве займаюцца каля 60 дзяцей. Штогод яны ўдзельнічаюць у розных конкурсах і фестывалях. “У нас шмат узнагарод, нават не хапае месца, каб усе паставіць і павесіць. З 2013 года мы пастаянна супрацоўнічаем з Міжнародным фестывалем Waveideas, у нашай скарбонцы перамог ёсць і сярэбраная, і хрустальная, і крэатыўная “Хваля”, а ў мінулым годзе нарэшце атрымалі залатую. Не адзін год выступаем на Міжнародным конкурсе Lemari, конкурсах “Феерыя танца”, “Сузор’е” і “Таленты ХХІ стагоддзя”, у 2018 годзе былі на фестывалі мастацтваў “Малыя Дэльфійскія гульні”, — прыгадала кіраўнік калектыву. — Сёння праводзіцца мноства конкурсаў і фестываляў, і, безумоўна, неабходна выбарачна да іх ставіцца. Хоць на самай справе вельмі карысна сха­дзіць і паглядзець, на якім ты ўзроўні знаходзішся: дзеці могуць сябе паказаць, параўнаць, ацаніць і зразумець свае памылкі. Сваім выхаванцам я заўсёды гавару, што неабходна пастаянна развівацца. Раю гля­дзець маштабнае і прыгожае пецярбургскае свята “Пунсовыя ветразі”. Магчыма, дзякуючы яму, у некага з іх з’явіцца свая мара, да якой яны пачнуць мэтанакіравана ісці”.

Вольга Валер’еўна прызнаецца, што яна не вельмі строгі педагог, аднак пры гэтым ёй удаецца выхаваць у дзяцей дысцыплінаванасць, акуратнасць, настойлівасць і адказнасць. “Дзеці вучацца не толькі ў школе, але і ў нас. І дысцыпліна пачынаецца з элементарных адносін да касцюма. У нас каля 100 камплектаў, нават самыя першыя касцюмы захаваліся дзякуючы беражлівым адносінам да іх. І я вельмі патрабавальная да гэтага, — гаворыць яна. — А яшчэ я не люблю, калі дзеці прапускаюць заняткі па няўважлівых прычынах, бо мы пастаянна ўдзельнічаем у конкурсах і выступаем на канцэртах, таму заўсёды павінны быць у форме”.

Дзецям варта ў першую чаргу спрабаваць сябе ў тым, да чаго імкнецца душа.

“Сярэбраны цыліндр”

“Чарлі” адны з першых пачалі выступаць за мяжой. З 2001 года і па сённяшні дзень дзе толькі ні былі! Такія сумесныя паездкі робяць юных танцораў больш дружнымі і згуртаванымі. Да таго ж “чарлікі” традыцыйна падводзяць вынікі навучальнага года, рыхтуюць праграмы да Дня маці, 23 лютага, 8 Сакавіка, урачыста развітваюцца з выпускнікамі, ла­дзяць справаздачныя канцэрты, а напярэдадні Новага года навічкоў пасвячаюць у танцоры і ладзяць конкурс “Сярэбраны цыліндр”. “Такое мерапрыемства мы пачалі праводзіць яшчэ ў 1999 годзе. Яго ўдзельнікам даём магчымасць адчуць сябе ў ролі харэографа і пастаноўшчыка: кожны рыхтуе тэматычны нумар са сваёй групай і падбірае касцюмы, а таксама можа запрасіць бацькоў дапамагчы ў нечым — так наша свята становіцца сямейным. А ў якасці ўзнагароды лепшыя атрымліваюць “Сярэбраны цыліндр. Часта самыя цікавыя нумары дапрацоўваем і ўключаем у наш рэпертуар”, — адзначыла кіраўнік тэатра і расказала пра незвычайную ўзнагароду: — У нашых нумарах часта прысутнічаюць розныя галаўныя ўборы. Напэўна, гэта мне перадалося ад дзядулі (усміхаецца), ён быў адзіным у Беларусі майстрам, які рабіў балванкі для капелюшоў”.

Тыя дзеці, якія ўсё ўмеюць, хутка астываюць, а тыя, хто мае менш здольнасцей, дасягаюць значных вышынь.

Юныя танцоры ніколі не застаюцца ўбаку ад юбілейных дат. Так, да 75-годдзя Вялікай Перамогі “Чарлі” амаль што стварылі ўласную кнігу памяці “Спасибо деду за Победу!”, справа засталася за малым — надрукаваць яе, аднак эпідэмічная сітуацыя ў краіне перашкодзіла зрабіць гэта. “Кожны наш выхаванец шмат даведаўся пра сваю сям’ю і продкаў: хто дзе ваяваў, партызаніў, увогуле што рабіў падчас Вялікай Айчыннай вайны, — патлумачыла В.Пашкоўская. — Мы марым да канца аформіць гэтую кнігу і прэзентаваць яе, магчыма, у наступным годзе. Такім чынам мы стараемся зберагаць сямейныя гісторыі і каштоўнасці. Дарэчы, у 2019 годзе са старэйшымі дзяўчынкамі мы з’ездзілі ў Германію і змаглі пабываць у Берліне ў Трэптаў-парку, дзе яны атрымалі неверагодныя ўражанні. Таму лічу, што кожнае дзіця павінна пабываць у такіх гістарычна важных месцах”.

А яшчэ Вольга Валер’еўна марыць правесці святочны канцэрт, прысвечаны 30-годдзю калектыву, каб разам з сябрамі адзначыць прыгожую дату.

Ганарымся тым, што вартыя існаваць!

“На работу я заўсёды іду з радасцю і натхненнем. За ўсе 30 гадоў у мяне ніводнага дня не было, каб я пашкадавала аб сваім прафесійным выбары. Я вельмі трапятліва стаўлюся да таго, што раблю, і нікому не дазволю знішчыць сваю справу жыцця, — прызналася яна. — Знакаміты выраз рускага гісторыка Васіля Ключэўскага, што “каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш”, стаў маім педагагічным крэда”.

2020 год для тэатра танца “Чарлі” — юбілейны, таму я віншую яго і жадаю натхнення, сіл і здароўя, бясконцых запрашэнняў на розныя канцэрты і фестывалі і яркіх перамог на міжнародных пляцоўках!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота сталічнага Дома фота.