Акадэмія навук на справе рэалізуе мадэль “Беларусь інтэлектуальная”

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Больш за 470 распрацовак беларускіх вучоных плануецца ўкараніць у 2021 годзе. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі “Беларусь інтэлектуальная. Сучасная экасістэма інавацый” галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Іванец.

“У 2021 годзе ўкараняецца больш за 470 распрацовак вучоных НАН Беларусі. Гэта вельмі шырокі комплекс распрацовак, і мы лічым, што выпуск прадукцыі па іх складзе не менш як $700 млн у бягучым годзе, — сказаў Андрэй Іванец. — У прыватнасці, па напрамку біятэхналагічныя вытворчасці ў гэтым годзе ўкараняюцца каля 30 распрацовак. Агульны аб’ём выпуску прадукцыі, які плануем завяршыць у 2021 годзе, — больш за $4,5 млн. У аграпрамкомплексе — больш за 250 распрацовак (каля $1,5 млрд). У фармацэўтыцы і медыцыне — больш за 40 распрацовак, якія плануецца завяршыць часткова ў бягучым годзе. Агульны аб’ём выпуску прадукцыі плануецца на ўзроўні прыкладна $5 млн”.

Як адзначыў галоўны вучоны сакратар, Нацыянальная акадэмія навук працуе як буйная навукова-вытворчая карпарацыя. “Мы генерыруем новыя ідэі, адкрываем заканамернасці па ўсім спектры навуковых ведаў, а таксама ствараем тэхналогіі, доследныя і эксперыментальныя ўзоры і, вядома, укараняем іх у вытворчасць. Фактычна мы гаворым аб тым, што НАН рэалізуе поўны інавацыйны цыкл: ад навуковай ідэі да тэхналогіі, доследнай вытворчасці і ўкаранення”, — дадаў ён.

У сувязі з гэтым, паводле слоў спецыяліста, выкананне фундаментальных навуковых даследаванняў — аснова далейшых практыка-арыентаваных і інавацыйных праектаў. “Тут асноўную функцыю адыгрываюць нашы даследчыя інстытуты, якія выконваюць фундаментальныя даследаванні ў рамках дзяржаўных праграм. На бягучую пяцігодку зацверджана 12 дзяржпраграм навуковых даследаванняў. НАН цалкам каардынуе ўсе фундаментальныя даследаванні ў Беларусі і ўсе суб’екты навуковай сферы”, — расказаў Андрэй Іванец.

Паводле слоў прадстаўніка НАН, для рэалізацыі і выпуску доследных, эксперыментальных узораў у Акадэміі навук функцыянуе больш за 100 вытворчасцей рознай памернасці.

Рэалізацыя ўсіх распрацовак і ўкараненне іх у рэальны сектар эканомікі ажыццяўляюцца ў цеснай кааперацыі з усімі галінамі і прадпрыемствамі краіны. “У нас для гэтага створана каля 75 сумесных кластарных структур, якія аб’ядноўваюць не толькі навукова-даследчыя інстытуты НАН, але і вышэйшыя навучальныя ўстановы, буйныя прамысловыя прадпрыемствы як дзяржаўнага, так і прыватнага сектара па розных напрамках. У прыватнасці, у гэтую дзейнасць уключаны МТЗ, БЕЛАЗ, МАЗ, ММЗ, БМЗ, “Інтэграл”, “Планар” і многія іншыя. Тым самым НАН на справе рэалізуе мадэль “Беларусь інтэлектуальная”, — канстатаваў Андрэй Іванец.