Акадэмія “Сям’я” сустрэла лета

Днямі Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прымаў у сваіх сценах не зусім звычайных гасцей — выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з Ашмянскага, Лідскага і Іўеўскага раёнаў Гродзенскай вобласці. Усе яны сталі ўдзельнікамі дабрачыннай акцыі пад назвай “Прывітанне, лета!”, арганізаванай па ініцыятыве дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Генадзьеўны Кучынскай.

Гэта была ўжо трэцяя па ліку сустрэча выхаванцаў і бацькоў-выхавальнікаў названых устаноў, што размешчаны на тэрыторыі Іўеўскай выбарчай акругі, ад якой у свой час балаціравалася ў дэпутаты былы начальнік аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама Н.Г.Кучынская. Н.Г. Кучынская цікавіцца вучэбнымі поспехамі выхаванцаў Г.Р. Труднікавай (дзіцячы дом сямейнага тыпу Ліды).Упершыню яны сабраліся на калядныя святы ў сярэдняй школе № 1 Ашмян, другі раз — у Лідзе, і вось напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей атрымалі запрашэнне наведаць Мінск.
— 1 чэрвеня для нас, дарослых, — гэта дзень напаміну аб тым, што дзеці з’яўляюцца аб’ектам асаблівай увагі, — адзначыла на пачатку акцыі Н.Г.Кучынская. — Мы нясём адказнасць за тое, ці вырастуць яны паспяховымі і шчаслівымі. Праект “Акадэмія “Сям’я” быў задуманы яшчэ ў той час, калі я была кандыдатам у дэпутаты і вывучала патрэбы выбаршчыкаў. Cённяшнюю назву праект атрымаў ужо крыху пазней. “Сямейная акадэмія” зараз аб’ядноўвае шэсць дамоў сямейнага тыпу: тры ў Ашмянскім раёне (бацькі-выхавальнікі — Таццяна Мечыславаўна Міцкевіч, Людміла Уладзіміраўна Карповіч, Наталля Аляксандраўна Якіменка), два ў Лідзе (Данута Станіславаўна Гурчын і Ганна Раманаўна Труднікава) і адзін у Іўі (Лілія Мікалаеўна Райко).
Кіраўнік будаўнічай кампаніі "БурМантаж" Д.В. Кулакоў уручае дзецям веласіпеды. Такія сустрэчы дазваляюць бацькам-выхавальнікам гутарыць адно з адным у нефармальнай абстаноўцы, дзяліцца вопытам выхавання дзяцей, расказваць аб дасягненнях і поспехах сваіх падапечных. Апошнія, у сваю чаргу, атрымліваюць выдатную магчымасць падарожнічаць па Беларусі, знаёміцца з новымі мясцінамі і, канечне, стасавацца паміж сабой. Акрамя таго, акцыя абавязкова прадугледжвае аказанне спонсарскай дапамогі дамам сямейнага тыпу. На гэты раз на прапанову паўдзельнічаць у мерапрыемстве адгукнуліся кіраўнікі як прыватных, так і дзяржаўных прадпрыемстваў. У якасці падарункаў кожная сям’я атрымала веласіпед, ролікавыя канькі, мячы і набор смачных сыроў.
Аднак самым чаканым падарункам для дзяцей стаў прагляд мюзікла “Звычайны цуд”: дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Аляксандр Яўгенавіч Пятровіч асабіста ўручыў білеты кожнаму з маленькіх гасцей.

Данута БУЙНОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.