Акадэмія “Сям’я”

- 14:54Рознае, Суразмоўца
На выніковым пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі гучала шмат слушных прапаноў па ўдасканаленні сістэмы адукацыі нашай краіны. Сярод іх была прапанова мэтазгоднасці ўвядзення 100-працэнтнай бацькоўскай аплаты за харчаванне дзяцей у дашкольных установах. Сваімі меркаваннямі на гэты конт, развагамі аб далейшым развіцці адукацыйнай галіны, а таксама дэпутацкімі клопатамі дзеліцца з нашымі чытачамі Наталля Генадзьеўна КУЧЫНСКАЯ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы.

— Наталля Генадзьеўна, хацелася б даведацца ў вас, вопытнага кіраўніка, дэпутата, як вы ацэньваеце сённяшні стан сістэмы дашкольнай адукацыі?
— Дашкольная адукацыя нарматыўна замацавана ў Кодэксе аб адукацыі як узровень агульнай адукацыі і прадстаўляе яе даступную, якасную прыступку, накіраваную на шматграннае развіццё нашых дзяцей і нацэленую на здароўезберажэнне кожнага з іх. Сёння сістэма дашкольнай адукацыі ахоплівае амаль 75 працэнтаў дзяцей ва ўзросце ад аднаго да шасці гадоў. Гэты высокі паказчык пацвярджае даступнасць дашкольнай адукацыі і гаворыць аб запатрабаванасці бацькоў у паслугах дзіцячых устаноў, у значнай меры паказвае задаволенасць якасцю навучання, выхавання і нагляду за дзецьмі.
Калі браць той участак функцыянавання дашкольных устаноў, які мы сёння абмяркоўваем, — арганізацыю харчавання, то, арыентуючыся на свой вопыт кіраўніцтва раённай сістэмай адукацыі, скажу, што прэтэнзій да якасці і збалансаванасці харчавання ў дзіцячых дашкольных установах звычайна не бывае. Зрэдку бываюць выпадкі, калі адмоўна спрацоўвае чалавечы фактар.
Каб дзеці заўжды атрымлівалі здаровую, якасную, збалансаваную і, безумоўна, смачную ежу, над распрацоўкай тэхналагічных карт яе прыгатавання працуюць спецыялісты-тэхнолагі, у саміх садках вызначаны работнікі, якія адказваюць за складанне меню і за забеспячэнне якаснымі прадуктамі. Кіраўнікі дашкольных устаноў не толькі пільна сочаць за дзіцячым рацыёнам, але і паралельна вядуць тэхналагічнае перааснашчэнне харчаблокаў. А гэта сёння вельмі актуальна. Дзякуючы сучаснаму абсталяванню, якое прызначана для высокатэхналагічнага прыгатавання ежы для дашкольнікаў, разнастайныя стравы можна гатаваць з мінімальнай стратай карысных рэчываў у прадуктах. Падкрэслю, што арганізацыя харчавання дашкольнікаў, як, дарэчы, і школьнікаў, вельмі сур’ёзна кантралюецца з боку спецыялістаў адпаведных структур.
Аднак на сённяшні дзень у дашкольнай адукацыі сур’ёзна акрэслілася праблема цякучасці кадраў і наяўнасці незапоўненых вакансій у дашкольных установах. На жаль, гэта вынік таго, што памер заработнай платы нашых выхавальнікаў рэальна нізкі, і, галоўнае, ён зусім несувымерны з той нагрузкай і адказнасцю, якую нясуць штодня работнікі дашкольнай адукацыі.
Зазначу, што работа для ўзняцця іміджу дашкольнай адукацыі, павышэння прэстыжу прафесіі выхавальніка і яго сацыяльнага статусу сёння вядзецца мэтанакіравана і даволі эфектыўна. Прыкладам гэтага з’яўляецца ўсталяваная скарочаная працягласць працы выхавальнікаў інтэграваных груп, увядзенне штомесячных даплат за перавышэнне напаўняльнасці груп, павышэнне тарыфных ставак работнікаў дашкольнай адукацыі, аднаўленне ранейшай працягласці асноўнага водпуску да 42 каляндарных дзён. Але, як паказвае сённяшняя рэчаіснасць, гэтага пакуль недастаткова. Таму больш за 50 тысяч педагогаў, занятых у дашкольнай адукацыі, чакаюць менавіта тых мер, якія б сталі дзейснымі і істотна паўплывалі на іх матэрыяльнае становішча.

— Сапраўды, сёння трэба разглядаць розныя варыянты павышэння заработнай платы работнікаў дашкольных устаноў, у тым ліку, як прапаноўваецца, і за кошт увядзення 100-працэнтнай бацькоўскай аплаты за харчаванне дашкольнікаў.
— Такі падыход можа стаць адным з магчымых варыянтаў прыцягнення сродкаў на павелічэнне заработнай платы педагогам дашкольнай адукацыі. Безумоўна, у гэтым слушнасць выказанай прапановы. Але, несумненна, гэтае пытанне складанае: патрабуе аналізу і ўзважанага вырашэння, тлумачальнай работы з бацькамі і правядзення лічбавых падлікаў.
Вядома, што сёння ўтрыманне і навучанне дашкольнікаў абыходзіцца ў месяц нашай дзяржаве прыкладна ў 1,5 млн рублёў. Напрыклад, у Іўеўскай выбарчай акрузе, дзе я была абрана дэпутатам, на аднаго дашкольніка Іўеўскага раёна штогадова выдаткоўваецца 22,4 млн рублёў, а ў Ашмянах каля 25 млн. Цяпер штомесячная бацькоўская аплата за дзіцячы сад складаецца з кампенсацыі 60 працэнтаў кошту харчавання і ў залежнасці ад узросту і катэгорыі дашкольнай групы абыходзіцца сям’і больш чым у 200 тысяч рублёў. Але кожны з бацькоў пацвердзіць, што калі дзіця будзе выхоўвацца дома, то штомесячныя выдаткі на яго харчаванне не пакрыюцца гэтай колькасцю грошай, а складуць больш значную суму.
Аднак неабходна ўлічваць і другі бок пытання — сямейны даход маладой сям’і. Напрыклад, калі бацькі пачнуць плаціць за харчаванне 100 працэнтаў і аплата складзе ў месяц на адно дзіця ад 400 да 500 тыс. рублёў, то для бюджэту маладой сям’і, у якой выхоўваюцца двое і больш дашкольнікаў, гэта сума будзе сапраўды адчувальнай. А ўлічваючы, што многія дашкольнікі звыш адукацыйнай праграмы карыстаюцца яшчэ і платнымі дадатковымі паслугамі, то, безумоўна, расходы на дзіцячы садок стануць значнай часткай сямейнага бюджэту.
Адмоўным вынікам такой сітуацыі можа стаць зніжэнне працэнта ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй у садках, а разам з гэтым узнікненне праблемы сацыяльнай адаптацыі дзяцей у жыцці, у тым ліку іх падрыхтаванасці да школьнага навучання.
Каб гэтага не адбылося, мэтазгодна прапаноўваць бацькам новыя і больш выгадныя ў матэрыяльным плане формы ўтрымання дзяцей у дашкольных установах, напрыклад, наведванне груп кароткачасовага знаходжання і развіццёвых заняткаў. Трэба прадумаць і сістэму кансультацый па выхаванні і развіцці дзіцяці для бацькоў дашкольнікаў, якія выбралі сямейнае выхаванне.
Самае галоўнае, на мой погляд, пытанне павышэння аплаты за сад трэба вырашаць паралельна з павышэннем не толькі сярэдняй, але і мінімальнай заработнай платы. Абавязкова трэба вызначыць катэгорыі сем’яў, для якіх неабходны льготы па гэтай аплаце. Магчыма, адрасную сацыяльную дапамогу варта прадастаўляць добранадзейным сем’ям, якія выхоўваюць дваіх дзяцей і маюць невялікі даход.

— Наталля Генадзьеўна, трэба прызнаць, што вы разам са сваімі калегамі — дэпутатамі камісіі ведзяце даволі прадукцыйную работу па стварэнні заканадаўчай базы для адукацыйнай галіны, па павышэнні статусу настаўніка ў нашым грамадстве. Ці многія вашы ініцыятывы сталі рэальнасцю?
— Адзначу, што работа нашай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы мае рэальныя вынікі. Адметна, што ўпершыню ў Законе “Аб бюджэце” зафіксавана не проста агульная сума на адукацыю, але і абсалютная велічыня па кожным рэгіёне. Гэтыя сродкі павінны быць выкарыстаны толькі на адукацыйную сферу, іх нельга пераразмяркоўваць на іншыя, нават сацыяльна значныя мэты. У рамках рэалізацыі гэтага закона выйшла пастанова ўрада, нормы якой дазваляюць установам адукацыі сэканомленыя грошы выкарыстоўваць на павелічэнне заработнай платы сваім работнікам. Акрамя таго, дзякуючы дэпутацкім захадам з улікам грамадскай думкі ў старэйшыя класы нашых школ вернута профільнае навучанне.
Адстойваючы інтарэсы педагогаў, мы ўздымалі праблему перагрузкі настаўнікаў і выканання імі мноства дадатковых функцый, не звязаных з выхаваннем і навучаннем. У выніку некаторыя абавязкі былі зняты з педагогаў.
Вельмі важным вынікам лічу правядзенне агульнарэспубліканскага абмеркавання праблем і перспектыў нашай адукацыі. Па ініцыятыве дэпутатаў нашай камісіі адбыліся парламенцкія слуханні па тэме ўдасканалення заканадаўчай базы нацыянальнай сістэмы адукацыі ў сучасных умовах. Абмяркоўваліся пытанні неабходнасці заканадаўчага замацавання дыстанцыйнага навучання і сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы адукацыі, уздымаліся праблемы дзяржаўнага заказу падрыхтоўкі кадраў, у тым ліку і педагагічных. Быў абазначаны новы кірунак удасканалення заканадаўства ў галіне адукацыі — стварэнне знешняй незалежнай дзяржаўнай атэстацыі навучэнцаў і ацэнкі дзейнасці ўстаноў адукацыі па выніку. Абмяркоўвалася пытанне павышэння ўзроўню сацыяльнай абароненасці педагогаў, у тым ліку і ўвядзенне сістэмы галіновай аплаты працы, якая ў эксперыментальных школах сёння дае павышэнне даходу педагога на 27 працэнтаў. Вынікам парламенцкіх слуханняў стала распрацоўка канкрэтных даручэнняў урада. Справаздача па іх выкананні будзе заслухана дэпутатамі напрыканцы гэтага года перад прыняццем дапаўненняў і змяненняў у Кодэкс аб адукацыі.

— Якія планы ў заканатворчай дзейнасці вы мяркуеце ажыццявіць у бліжэйшы час? Як ідзе праца па падрыхтоўцы праекта кодэкса аб культуры?
— У першую чаргу трэба ўзгадаць наш галоўны дакумент — Кодэкс аб адукацыі, праца па ўдасканаленні якога працягваецца. Акрамя таго, у 2014 годзе з улікам практыкі прымянення будуць уносіцца дапаўненні і змяненні ў законы, што рэгулююць знешнюю працоўную міграцыю, работу са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Плануецца ўстанаўленне забароны на размяшчэнне рэкламы алкаголю і тытуню пад выглядам рэкламы іншых тавараў, а таксама прывядзенне закона, які тычыцца якасці і бяспекі харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека, у адпаведнасць з нарматыўнымі актамі Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Запланавана работа над законапраектам, які рэгулюе пытанні абароны дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. Будзе ўдасканалена сістэма дзяржаўных узнагарод.
Сёння актыўна вядзецца работа над праектам кодэкса аб культуры, які накіраваны на ўрэгуляванне грамадскіх адносін у гэтай сферы, на стварэнне арганізацыйных, эканамічных і прававых умоў для захавання нашай спадчыны і з’яўлення новых культурных каштоўнасцей. Сёння ў сферы культуры дзейнічаюць сем законаў і больш за паўтары сотні іншых заканадаўчых актаў, прынятых у розны час, і нормы якіх не заўсёды стасуюцца адна з другой. Некаторыя палажэнні заканадаўчых дакументаў увогуле страцілі сваю актуальнасць. Нават па самім тэрміне “культура” ў членаў працоўнай групы ўзнікла шмат прапаноў і ўдакладненняў. Як бачна, жыццё падказвае новыя сучасныя падыходы, якія неабходна ўнесці ў праект кодэкса аб культуры. Мяркуецца, што праект кодэкса паступіць у парламент у красавіку наступнага года.

— Наталля Генадзьеўна, раскажыце, калі ласка, пра асаблівасці дэпутацкай працы ў выбарчай акрузе?
— За час майго дэпутацтва я вызначыла тыя кірункі сваёй працы ў акрузе, якія блізкія мне па стане душы і папярэдняй працоўнай дзейнасці. Гэта, па-першае, дабрачыннасць і дапамога пэўным катэгорыям сем’яў, па-другое, садзейнічанне ў вырашэнні кадравага забеспячэння ўстаноў адукацыі і ўмацаванні прэстыжу педагагічнай прафесіі, па-трэцяе, сямейнае жыццеўладкаванне дзяцей-сірот і дапамога ў вырашэнні праблем прыёмных сем’яў, па-чацвёртае, падтрымка і развіццё маладзёжных ініцыятыў, культурна-асветніцкая дзейнасць і патрыятычнае выхаванне маладога пакалення.
Спадзяюся, што шэраг акцый, якія былі праведзены па маёй ініцыятыве, — “Падорым партфель першакласніку”, “Добры дзень, лета”, “Мары збываюцца”, “Нашы дзеці”, “Мы помнім” — прынеслі матэрыяльнае і маральнае задавальненне прыёмным і мнагадзетным сем’ям, падтрымалі бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, прыўнеслі асаблівы настрой у іх жыццё.
Было арганізавана супрацоўніцтва Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і аддзелаў адукацыі Ашмянскага, Іўеўскага і Лідскага раёнаў. І сёння яно дае добрыя вынікі. Так, напрыклад, дырэктарскі корпус Ашмяншчыны прысутнічаў ва ўніверсітэце на круглым стале, дзе абмяркоўваліся шляхі павышэння якасці падрыхтоўкі педагагічных кадраў. Кіраўнікі школ наведалі парламент і сустрэліся з членамі нашай камісіі, прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі і профільнага прафсаюза. Лепшыя студэнты педагагічнага ўніверсітэта выбралі для маршруту папулярнай акцыі прафарыентацыйнага і патрыятычнага кірунку “Зорны паход” навучальныя ўстановы Іўеўскай акругі. Адзначу двухбаковы эфект такіх паходаў. Пасля наведвання месцаў баявой і працоўнай славы Іўеўшчыны, Ашмяншчыны і Лідчыны (наша акруга ўжо двойчы сустракала студэнтаў БДПУ) для некаторых будучых педагогаў стартавай пляцоўкай у педагагічнай дзейнасці стануць школы гэтых раёнаў. У сваю чаргу сустрэчы з удзельнікамі “Зорнага паходу” дапамогуць старшакласнікам вызначыцца ў сваім прафесійным выбары і асэнсавана абраць у далейшым прафесію настаўніка.
Заслугоўвае ўвагі дзейнасць маладзёжных палат, створаных пры Іўеўскім і Ашмянскім раённых Саветах дэпутатаў, справы якіх сталі вельмі карыснымі. Школьныя лідары Іўеўшчыны былі запрошаны на сустрэчу з дэпутатамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, дзе пазнаёміліся з развіццём парламентарызму на Беларусі і працэдурай падрыхтоўкі законаў. Сумесна з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук юныя парламентарыі распрацавалі культурна-адукацыйны праект па археалагічным даследаванні мястэчка Геранёны і ўдзельнічалі ў рабоце археалагічнага летніка “Спадчына”. Знаходкі юных археолагаў папоўнілі экспазіцыі Іўеўскага музея нацыянальных культур.
Многа часу адводзіцца сямейнаму жыццеўладкаванню дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Мяркую, што сёння ў грамадстве неабходна фарміраваць пазітыўныя адносіны да прыёмных сем’яў, а бацькам-выхавальнікам трэба аказваць псіхалагічную падтрымку. На гэтыя мэты скіраваны доўгатэрміновы праект “Акадэмія “Сям’я”, які аб’ядноўвае выхаванцаў і бацькоў-выхавальнікаў шасці дамоў сямейнага тыпу Іўеўскага, Ашмянскага і Лідскага раёнаў. У здзяйсненні ўсіх кірункаў гэтага праекта я запрашаю ўдзельнічаць прадстаўнікоў мясцовай улады, раённых аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын”, “Белая Русь”, спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спонсараў. “Маленькія акадэмікі” наведалі Мінск, пабывалі на Лідчыне, Ашмяншчыне, Іўеўшчыне, сталі ўдзельнікамі спартыўных спаборніцтваў, гледачамі канцэртаў, цыркавых і тэатральных прадстаўленняў, вандроўнікамі па знакамітых мясцінах. А бацькі-выхавальнікі знайшлі пляцоўкі для абмену вопытам. Як бачна, наша “Акадэмія “Сям’я” — жыццяздольны і карысны праект.

 

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.