Акадэмія творчасці

Сацыяльная рэабілітацыя дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пры дапамозе творчай дзейнасці — мэта мясцовай ініцыятывы “Акадэмія творчасці”, якая развіваецца ў Кармянскім раёне ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН.

Зараз у Кармянскім раёне больш як 40 дзяцей з інваліднасцю і 358 — з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Як правіла, з гэтымі дзецьмі, у тым ліку з тымі з іх, якія маюць цяжкія шматлікія парушэнні ў развіцці, працуе раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Навучаннем займаюцца кваліфікаваныя настаўнікі-дэфектолагі, а праграма вызначаецца на аснове паглыбленага псіхолага-медыка-педагагічнага абследавання. Безумоўна, гэта вельмі дапамагае такім дзеткам, аднак, калі мы хочам дабіцца паўнавартаснага іх развіцця, неабходна дапаўняць адукацыйную дзейнасць новымі элементамі, рабіць яе больш разнастайнай.

Як тлумачаць у Кармянскім раённым ЦКРНіР, у аснове канцэпцыі ініцыятывы ляжыць праблема сацыяльнай ізаляцыі асобных катэгорый дзяцей і даступнасці дадатковай адукацыі для ўсіх. Дзеці з асаблівасцямі развіцця ў большасці сваёй жывуць закрыта, пазбаўлены шырокіх кантактаў, магчымасці атрымліваць пэўны вопыт ад равеснікаў. Іх матывацыя да розных відаў дзейнасці і набыццё навыкаў абмежаваныя, а цяжкасці ў засваенні навакольнага свету прыводзяць да ўзнікнення эмацыянальных і паводзінскіх праблем, узнікае страх, трывожнасць і г.д. Гэта становіцца сур’ёзнай перашкодай у развіцці дзіцяці. А што мы назіраем падчас дадатковага навучання? У дзяцей паляпшаецца агульны фізічны стан, яны становяцца больш трывалымі. У іх развіваецца працаздольнасць, удасканальваецца рух, маторыка, фарміруецца адказнасць і камунікабельнасць, што ўплывае на далейшае развіццё дзіцяці і робіць магчымым яго сацыялізацыю. Такім чынам, можна рабіць выснову, што творчая дзейнасць мае вялікае выхаваўчае значэнне.

Мясцовая ініцыятыва ставіць перад сабой задачу стварэння ўмоў для арганізацыі творчай дзейнасці дзяцей з цяжкімі парушэннямі развіцця, а таксама павышэння патэнцыялу спецыялістаў, якія працуюць з такімі дзецьмі, і бацькоў. У творчую развіццёвую дзейнасць уключаюцца як дзеці, так і бацькі. А паколькі размова ідзе пра творчы складнік, то дапамогу ў рабоце “Акадэміі творчасці” раённаму ЦКРНіР аказваюць мясцовыя цэнтр творчасці і дзіцячая школа мастацтваў.

Фінансавыя сродкі, якія былі выдзелены для правядзення мерапрыемстваў, дазволілі зрабіць касметычны рамонт памяшкання, набыць неабходнае абсталяванне і матэрыялы для творчых заняткаў з дзецьмі і бацькамі, арганізаваць навучанне і абмен вопытам спецыялістаў і бацькоў. Адукацыйная база ўстановы папоўнілася дыдактычным сталом, сенсорнымі сталамі для малявання пяском, новымі метадычнымі распрацоўкамі. Усё гэта дазваляе праводзіць работу цэнтра на больш высокім узроўні.

Вынікам дзейнасці спецыялістаў ЦКРНіР і партнёрскіх арганізацый стала стварэнне двух новых кірункаў работы з дзецьмі: выяўленчая творчасць з выкарыстаннем нетрадыцыйных методык малявання і інклюзіўны лялечны міні-тэатр. Варта сказаць, што правядзенне сумесных творчых заняткаў выхаванцаў ЦКРНіР і навучэнцаў звычайных школьных класаў пачалі ў райцэнтры яшчэ раней.

— У рамках яшчэ адной мясцовай ініцыятывы, рэалізаванай у 2017 годзе ў партнёрстве з раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, была створана інклюзіўная група, у якой дзеці пачалі вывучаць музычную тэхніку і спяваць, а таксама танцавальная група, — расказвае дырэктар Кармянскага ЦКРНіР Вольга Ігнаценка. — І вось — наступныя два важныя кірункі. Такім чынам, ахоплены ўсе магчымыя творчыя бакі развіцця дзяцей.

Нядаўна дзіцячы інклюзіўны лялечны тэатр прадставіў прэм’еру — спектакль “Церамок”. І тэатр, і спектакль не зусім звычайныя, і не толькі таму, што ўдзельнічаюць лялькі. Юныя акцёры працуюць разам з памочнікамі (цьютарамі). Звычайныя школьнікі дапамагаюць сваім аднагодкам, якія маюць цяжкасці з каардынацыяй і маўленнем.

Створаная ў рамках ініцыятывы студыя выяўленчага мастацтва таксама адрозніваецца ад прывычных. Тут выкарыстоўваюць нетрадыцыйныя тэхнікі малявання: кляксаграфію (выдзіманне праз трубачку), аквамаляванне, маляванне камечанай паперай, кавалачкам тэкстылю, ніткамі. Такія ўрокі ператвараюцца ў займальную гульню і радуюць не толькі дзяцей, але і бацькоў.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *