Акадэмію — лідарам!

- 15:31Выхаванне, Рознае
Тое, што менавіта трывалыя веды з’яўляюцца асноўным фактарам паспяховай вучобы, ні для каго не сакрэт. Тым не менш ведаў, якія атрымліваюцца на ўроках для таго, каб бліскуча здаць выпускныя і ўступныя экзамены, бывае надастаткова. Каб павялічыць узровень ведаў школьнікаў, адкрыць навучэнцам новыя перспектывы, сярэдняя школа № 14 Маладзечна Мінскай вобласці пайшла на цікавы эксперымент. Установа адукацыі пры падтрымцы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь адкрыла першую ў краіне Школьную акадэмію кіравання, якая працуе ў шосты школьны дзень.

“Школьная акадэмія кіравання на базе нашай навучальнай установы была адкрыта не проста так, — расказвае дырэктар школы Каліна Віктараўна Капуцкая. — Мы супрацоўнічаем з Акадэміяй кіравання пры прэзідэнце крыху больш за год. І для таго, каб пашырыць сувязі, а таксама адкрыць для вучняў больш перспектыў, было вырашана перагледзець тую сістэму, згодна з якой дзеці атрымлівалі дадатковыя веды па неабходных прадметах. Менавіта па гэтай прычыне сумесна з прарэктарам па вучэбнай рабоце дырэктарам Інстытута кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання Ігарам Іванавічам Ганчаронкам было распрацавана палажэнне, на аснове якога ў нас з’явілася першая ў краіне Школьная акадэмія кіравання”.
Трапіць у Школьную акадэмію кіравання могуць навучэнцы 10-11-х класаў не толькі з Маладзечна, але і Маладзечанскага раёна. Прычым для таго, каб быць залічаным, уступныя экзамены здаваць не трэба. Жаданне вучыцца і атрымаць у будучым прэстыжную прафесію — вось асноўны крытэрый, па якім у новую навучальную ўстанову набіраюцца вучні. Сёння ў незвычайнай навучальнай установе па суботах атрымліваюць веды 30 школьнікаў. Менавіта іх зацікавілі перспектывы і карысць, якую можна атрымаць дзякуючы ўдзелу ў праекце.
“Задача нашага праекта — выявіць найбольш таленавітых вучняў, — працягвае Каліна Віктараўна. — Акрамя гэтага, выкладчыкі Школьнай акадэміі кіравання будуць рабіць усё магчымае для таго, каб дапамагчы навучэнцам рэалізаваць іх інтэлектуальныя, творчыя і лідарскія здольнасці, а таксама сфарміраваць актыўную грамадскую пазіцыю. Дарэчы, навучэнцам пасля заканчэння школы і школьнай акадэміі не абавязкова паступаць у Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Дзеці могуць выбраць любую ўстанову вышэйшай адукацыі. Дзецям падабаецца, што шосты школьны дзень можна правесці з карысцю для сябе, падцягнуць веды па патрэбных прадметах, а таксама пазнаёміцца з цікавымі, неардынарнымі выкладчыкамі”.
Заняткі ў школьнай акадэміі будуць праводзіць не толькі выкладчыкі Акадэміі кіравання, але і настаўнікі з маладзечанскіх школ. Праграма ўрокаў абяцае быць даволі насычанай і разнапланавай. Так, дзецям выпадзе магчымасць падцягнуць свае веды па беларускай, рускай, а таксама замежных мовах. Пашанцуе і тым вучням, якія плануюць звязаць жыццё з тымі спецыяльнасцямі, для паступлення на якія неабходна валодаць ведамі па хіміі, біялогіі. Усе дадатковыя ўрокі ў акадэміі праводзяць сапраўдныя прафесіяналы, а гэта значыць, што ў вучняў ёсць магчымасць выдатна падрыхтавацца і да выпускных экзаменаў, і да цэнтралізаванага тэсціравання.
Дарэчы, для таго, каб сярод навучэнцаў выявіць лідараў і правільна іх сарыентаваць у вучобе, у будучай прафесіі, кіраўніцтва школьнай акадэміі запрашае на лекцыі і работнікаў гарадскіх прадпрыемстваў.
“У хуткім часе плануецца, што для правядзення лекцый для навучэнцаў школьнай акадэміі будуць запрошаны госці з замежных краін, — працягвае Каліна Віктараўна. — Гэта будзе карысна тым, што вучні змогуць падцягнуць свае веды па замежных мовах”.
Акрамя заняткаў па агульнаадукацыйных прадметах, вучні разам з настаўнікамі займаюцца распрацоўкай цікавых праектаў. Асаблівую ўвагу ў даследаваннях навучэнцы ўдзяляюць тэме правоў і абавязкаў чалавека.
“Сёння вельмі важна і неабходна ведаць свае правы і абавязкі, — тлумачыць Каліна Віктараўна. — Для вучняў, я ўпэўнена, такія веды лішнімі не будуць. Акрамя прававых праектаў, мы займаемся даследаваннямі і ў іншых, сацыяльных, пытаннях. Так, зараз даследуем аднаполыя шлюбы, думаем, ці трэба іх узаконьваць”.
Відавочна, што вопыт і веды, атрыманыя ў школьнай акадэміі, спатрэбяцца дзецям у будучым. Дарэчы, пасля заканчэння курса навучання ў акадэміі навучэнцам будуць выдавацца сертыфікаты Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Безумоўна, ніякіх паблажак гэты дакумент даваць не будзе. Але сам той факт, што вучань закончыў вучэбны курс у першай у краіне Школьнай акадэміі кіравання, — гэта ўжо вялікі гонар.

 

Наталля ДУБІК.