Акапэла гадзіннікаў у сто галасоў

- 13:00Прафесіяналы

Пятляючы па маленькіх, у некалькі дамоў, вулачках Дзяржынска, мне ніяк не ўдавалася знайсці дом майго героя Андрэя Мартынюка. На дапамогу прыйшлі прахожыя — дзе жыве майстар гадзіннікаў, тут ведаюць нават дзеці. І вось, нарэшце, і плот з шасцярэнькамі, і дом з нотамі на фасадзе, і прасторная гасцёўня-майстэрня, якая больш нагадвае музей драўлянай механікі…

Ствараючы ўласную навуку

Гадзіннік як сімвал хуткацечнасці часу заўсёды прыцягваў увагу мастакоў і паэтаў. Каб увекавечыць яго ў дрэве, Андрэй Мартынюк, разьбяр-самавучка, не шкадуе ўласнага часу. Па шаснаццаць гадзін у суткі ён стварае ў сваёй майстэрні, якая займае палову першага паверха дома, гадзіннікі выключна з дрэва, не выкарыстоўваючы ніводнай металічнай дэталі. Прама тут, на сценах, на паліцах іх некалькі дзясяткаў. Гэта менавіта іх рознагалосае ціканне ўзбадзёрвае, як ранішняя кава, Андрэя, які яшчэ зацемна заводзіць іх, наладжваючыся на працу.
Андрэй з дзяцінства захапляўся разьбярствам і дагэтуль для яго самы прыемны пах у свеце — пах свежай стружкі. Прафесію, праўда, атрымаў інжынерную, але захапленне не пакідаў ніколі, і неяк у адзін момант яно перамагло. Дарэчы, у доме ўсё таксама зроблена сваімі рукамі: свяцільні, лесвіца, а дзверцы шаф у гасцёўні — бы ілюстрацыі да шэкспіраўскіх сцэн з Атэлам, Гамлетам, Рычардам III. Перабудовачныя часы вымусілі яго ўпершыню ацаніць свае творчыя работы. Афармляў і сталічныя кафэ, рэстараны. Хоць вырабы майстра карысталіся вялікім попытам, усё ж вяршыняй філіграннага майстэрства сам ён заўсёды лічыў драўляныя гадзіннікі. Малюнкі Івана Кулібіна з іх выявай Андрэй захоўваў усё жыццё, і шмат гадоў у яго выспявала жаданне паспрабаваць зрабіць нешта падобнае самастойна.
Каб прымусіць свае першыя ходзікі дакладна адмерваць ход, майстру спатрэбіліся тры гады. За гэты час было шмат эксперыментаў, спроб, варыянтаў, пакуль ён не падабраў аптымальныя па цвёрдасці пароды дрэва, пакуль не вызначыўся з канструкцыяй сваіх гадзіннікаў.
“Гэта цяпер я ведаю, што для шасцярэнек трэба браць не толькі шчыльныя пароды, але і аднародныя: клён, бук, граб, добра сябе зарэкамендавала і садавіна — яблыня, вішня. А вось у дуба драўніна, хоць і шчыльная, але не падыходзіць, бо ў ёй ёсць порыстыя слаі, — дзеліцца сакрэтамі Андрэй. — Затое з дуба можна рабіць дэкаратыўныя панэлі. Для аздаблення падыходзіць і ясень, вольха, бяроза. Каб навучыцца рабіць прапітку ад вільгаці, якая не дасць механізму закліньваць, таксама прыйшлося эксперыментаваць. Але найбольш часу пайшло на пошукі канструкцыі гадзінніка. Спачатку я ўзяў за аснову металічны гадзіннік і хацеў скапіраваць яго ў дрэве, але не атрымалася. Справа ў тым, што дрэва мае сваю спецыфіку, таму прыйшлося поўнасцю пералічваць механіку і рабіць усё па-свойму. Эксперыментальна распрацаваў і форму зуба для шасцярэнек — больш надзейным аказаўся практычна прамавугольны зуб з закругленнем на канцы, а не трохвугольны, як у металічных гадзінніках. Што да прынцыпаў работы, то яны класічныя: усё, што можна было прыдумаць, было прыдумана гадоў дзвесце назад. Астатняе — толькі ўдасканальванне вядомых канструкцый”.
Пра тое, наколькі яму, самавучку, удалося асвоіць гадзіннікавую навуку, сведчыць хаця б геаграфія яго твораў. Больш за сотню яго гадзіннікаў служаць людзям, здзіўляючы і знаходзячы новых прыхільнікаў не толькі ў Беларусі і суседніх Украіне, Расіі, Польшчы, але і ў Славакіі, Германіі, Францыі, заказваюць іх для калекцый брытанцы і італьянцы, амерыканцы і канадцы…

Почырк беларускага самародка

Калі вы, пазнаёміўшыся з майстрам і яго работамі, выпадкова сустрэнеце яго драўляны гадзіннік дзесьці за акіянам, вы ўсё роўна пазнаеце почырк мастака. Адметнасць гадзіннікаў майго героя ў тым, што работу іх механізмаў ён не хавае за фасадам. “Мне заўсёды было шкада, што маятнік схаваны за цыферблатам: ён самы жывы элемент, які перадае характар і настрой гадзінніка, таму ўсе маятнікі, усе шасцярэнькі ў маіх гадзінніках — толькі спераду”, — гаворыць Андрэй.
Па-другое, кожная яго работа мае сваю тэматыку. Напрыклад, у майстра ёсць серыя гадзіннікаў “Краіны і кантыненты”, у якіх лёгка пазнаюцца Беларусь, Расія, Італія, Францыя, Англія і іншыя краіны. Некалькі гадзіннікаў прысвечаны сусветнай міфалогіі. Напрыклад, “Дракон-ураборас”, які кусае сябе за хвост, — сімвал цыклічнасці і бясконцасці часу. Але асабліва шмат гадзіннікаў у Андрэя Міхайлавіча на беларускую тэматыку. Гэта і ўвасабленне цэркваў, млыноў, гарадоў, архітэктурных помнікаў, а часам гадзіннік зроблены ў выглядзе калаўрота ці на яго фасад пераплывае беларускі карп. Сярод усіх работ вызначаецца сваёй веліччу гадзіннік-дуб з кронай — картай Беларусі. Гэта паменшаная копія таго, які Андрэй рабіў па заказе для Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, у многіх знакамітых людзей — палітыкаў, рэжысёраў, акцёраў як нашых суайчыннікаў, так і свету, — ёсць яго гадзіннікі. Некалькі гадзіннікаў выкананы ў стылі стымпанка — аўтарскія фантазіі на тэму альтэрнатыўнай рэальнасці паравых тэхналогій.
“У мяне часта пыталіся, чаму я не раблю гадзіннікі з зязюляй, — гаворыць майстар. — Я магу іх зрабіць, але яны мне не вельмі падабаюцца. Па-першае, гэта нямецкае вынаходніцтва, за кошт такіх гадзіннікаў зараз жывуць майстры некалькіх гарадоў Германіі. Гэта іх хлеб. Па-другое, чаму менавіта зязюля? І чаму яна павінна кукаваць колькасць гадзін? Я зрабіў ходзікі на свой лад — своеасаблівы водгук на фільм “Кін-Дза-Дза”, — гаворыць Андрэй і заводзіць “Піпілац”: неўзабаве ўжо драўляны герой Яўгена Лявонава разводзіць рукі і ўпрысядкі “кукуе” сваё кароннае “ку”.
Што тычыцца канструкцый, то ў майстра ёсць гадзіннікі з механізмам бою, цыклічныя, з ліфтам, па якім падымаецца шарык, у некаторых круціцца цыферблат пад нерухомымі стрэлкамі. Яшчэ цікавейшымі абяцаюць быць незавершаныя работы і тыя, якія аўтар толькі збіраецца пачаць.
Так, у амаль завершаным “Вечным календары” будзе адлюстроўвацца не толькі час, але і месяцы, дні тыдня, даты і фазы Месяца, аўтаматычна будзе вызначацца колькасць дзён у месяцах, у тым ліку і ў высакосны год. Ёсць задума зрабіць гадзіннік з астрарыумам — гэта будзе напольны варыянт у выглядзе Сонечнай сістэмы з адлюстраваннем фаз Месяца і Сонца ў рэальным часе, з календаром на год і задыякальнымі сузор’ямі. Плануе майстар зрабіць вялікі вежавы гадзіннік, які паставіць на фасад дома. Ужо зрабіў некаторыя падлікі, распрацаваў канструкцыі адразу некалькіх кінетычных тэатраў, дзе кожную гадзіну будзе азнамяноўваць пэўная дзея, а ў дванаццаць гадзін будзе адбывацца сумеснае тэатральнае дзейства. Працуе над катрынкай з музычным суправаджэннем. Сюжэт спектакля, які будзе ў гэтым гадзінніку разгортвацца, Андрэй узяў у казачнай аповесці Пятра Васючэнкі “Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі”.
Апошнія гады Андрэй ужо не ўсё выразае ўручную. Для гэтага ён зрабіў станок з лічбавым праграмным забеспячэннем, таму цяпер чарцяжы гадзіннікаў ён поўнасцю робіць на камп’ютары і на станку наразае шасцерні і іншыя дэталі, якія вымагаюць дакладнасці да мікронаў. А вось аздабленне гадзінніка давярае толькі сабе і сваім разцам. Цяпер справа ідзе ўдвая хутчэй. Калі раней адзін гадзіннік Андрэй рабіў па паўгода, то зараз укладваецца ў тры месяцы, прычым часта робіць адначасова дзве ці нават тры работы.

Майстар, натхнёны Маргарытай

Хоць гадзіннікі сталі галоўнай справай у жыцці Андрэя, ён яшчэ і заўзяты меламан. Часта ціканне гадзіннікаў майстар заглушае рокам — як сам прызнаецца, пад яго асабліва прыемна займацца справай. Яго музычныя перавагі падтрымлівае ўся сям’я: муза і жонка Маргарыта і абодва сыны Аляксандр і Антон. Маргарыта Станіславаўна выкладае скрыпку ў дзіцячай музычнай школе, там жа вучыць дзяцей ігры на гітары старэйшы Аляксандр, прафесійны музыкант і кампазітар. Яны некалькі гадоў назад стварылі аматарскі музычны ансамбль “Пілігрымы”. У яго ўваходзіць і Антон, і вучні Маргарыты Станіславаўны. Хоць ансамбль і аматарскі, слухачоў радуе творчасцю часта. Гэта своеасаблівая альтэрнатыва класічнай музыцы: у іх рэпертуары пераважна рок, метал і джаз. Усе інструменты — электравіяланчэль, электраскрыпкі, электрагітары, а таксама калонкі, гукаўзмацняльнікі для калектыву зрабіў Андрэй. І, вядома, выключна з дрэва: так бы мовіць, для “металу” без металу. Дарэчы, на рахунку майстра ёсць нават грамафоны, але Андрэй не выстаяў перад сяброўскімі просьбамі, і ўсе яны адправіліся разам з сябрамі ў Расію. Увогуле, музычныя інструменты ў сям’і Мартынюк выключна для сябе.
На продаж разьбяр робіць гадзіннікі. Трэба сказаць, што я была шчыра здзіўлена іх коштам: ён не пераўзыходзіць 500 долараў, зрэдку дасягае 700. З тым, што праца, якую майстар прыкладае для іх стварэння, не акупляецца, згаджаецца і Андрэй Міхайлавіч. Але для мастака галоўнае, што яго работы становяцца часткай жыцця іншых людзей. Рады быў бы Андрэй і перадаваць сваё майстэрства моладзі, але гэта вельмі складаная работа, знайсці сярод дзяцей сапраўды натхнёных вырабам гадзіннікаў складана. Напрыклад, малодшы сын Антон заканчвае 11 клас і, хоць і ўмее абыходзіцца з разцамі, марыць ста ць дызайнерам. Разам з бацькам ён набіраецца вопыту менавіта ў гэтым кірунку. Па яго эскізах Андрэй ужо зрабіў адзін гадзіннік.
Сваім вопытам Андрэй дзеліцца ў Дзяржынскім доме майстроў у Станькаве, дзе працуе майстрам-метадыстам. У яго ёсць некалькі анлайн-студэнтаў, але ўсе яны — прафесійныя разьбяры.
“Займацца такой карпатлівай працай, як выраб гадзіннікаў, дзеці не хочуць, — шкадуе Андрэй. — Гэта для дэкору выразаць яшчэ можна, а калі прыходзіцца дзясяткі разоў выразаць адну і тую ж дэталь, улічваючы ўласныя памылкі, дапушчаныя ў папярэдніх дэталях, — іншая справа. Таму дзеці хутка астываюць. Сярод маіх пераймальнікаў тыя, хто ўжо ўмее працаваць з дрэвам. Я з задавальненнем дзялюся з імі чарцяжамі, распрацоўкамі, ідэямі і малюнкамі і радуюся, што на іх ёсць попыт. У Беларусі гэтай справай, акрамя мяне, ніхто не займаецца, а ў свеце ёсць усяго некалькі чалавек. І калі людзі падзяляюць мае інтарэсы, дапамагчы ім — святая справа”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.