Аказалі дапамогу медыкам

Калектыў Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі аказаў рэальную дапамогу ўрачам і медсёстрам гарадской інфекцыйнай бальніцы.

—Інфекцыйная бальніца знаходзіцца насупраць будынка МДАІРА. Мы бачым, якую цяжкую працу сёння выконваюць урачы і медсёстры гэтай установы аховы здароўя ў барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Яны штодня працуюць у рэжыме шматгадзінных дзяжурстваў у ахоўных масках і камбінезонах. Калектыў нашага інстытута аднагалосным меркаваннем вырашыў аказаць маральную і матэрыяльную дапамогу медыкам, — расказала начальнік Цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай работы і педагагічных інавацый МДАІРА Н.Р. Афанасьева.

На добраахвотныя ахвяраванні работнікаў былі набыты сродкі дэзынфекцыі, папяровыя ручнікі, ахоўныя пальчаткі, офісная папера. Супрацоўнікі інстытута на чале з рэктарам Міхаілам Міхайлавічам Жудро перадалі ўсё пералічанае галоўнаму ўрачу інфекцыйнай бальніцы Юрыю Аляксеевічу Ярмоленку і пачулі шчырыя словы падзякі. Калектыў МДАІРА пажадаў медыкам мужнасці і цярпення, а яшчэ — выстаяць, вытрымаць, перамагчы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.