Акіян і прыстойнасці, і чалавечнасці

- 10:44Людзі адукацыі

Кожны яе ўрок — гэта твор мастацтва, на якім умелай рукой майстра ствараецца нябачная натхнёнасць, уласцівая толькі па-сапраўднаму таленавітым педагогам; гэта гарманічна складзены букет, у якім сабраны кветкі адказнасці, мудрасці, працавітасці, імкнення да пазнання і любові. Усе гэтыя словы — пра Жанну Мечыславаўну Лапотка, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі. Няпроста даць аб’ектыўную характарыстыку гэтаму чалавеку.  Нестандартнасць, ініцыятыўнасць, любоў да роднай мовы, да сваіх вучняў, незвычайнае пачуццё слова і стылю — гэта толькі нямногае з таго, што адрознівае настаўніцу.

Творчае станаўленне Жанны Мечыславаўны пачалося яшчэ ў гады вучобы ў сярэдняй школе № 2 Капыля, дзе яна была ўдзельніцай алімпіяд па беларускай мове і літаратуры. Яркая зорка ведаў указала шлях да наступнага этапу — БДПУ імя Максіма Танка. Навучанне на спецыяльнасці “Беларуская філалогія і культура” дапамаг-ло пераканацца ў правільнасці выбару будучай прафесіі і зразумець: прага творчасці бязмежная!

У 1998 годзе малады педагог прый­шла працаваць у сярэднюю школу № 1 Капыля, якая з 2001 года была рэарганізавана ў гімназію № 1. У цэнтры ўвагі педагогаў гімназіі была выніковасць навучання, таму галоўнай задачай была распрацоўка і ўкараненне ў адукацыйны працэс новых педагагічных тэхналогій. Жанна Мечыславаўна стала адным з тых педагогаў, якія смела сталі ўкараняць у сваю прафесійную дзейнасць эфектыўныя інавацыйныя методыкі, арыентуючыся на актыўныя навуковыя і метадычныя тэндэнцыі.

У 2015 годзе настаўніца павысіла кваліфікацыю па адукацыйнай праграме “Інтэрактыўная дошка: тэорыя і практыка прымянення”. Вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць: актыўнае выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі на ўроках беларускай мовы і літаратуры, на факультатыўных занятках, адкрытыя ўрокі і майстар-класы для педагогаў гімназіі, раёна, маладых спецыялістаў, абагульненне вопыту педагагічнай дзейнасці па тэме “Магчымасці выкарыстання інтэрактыўнай дошкі на ўроках беларускай мовы для фарміравання моўнай кампетэнцыі” ў МАІРА і прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Атрыманыя на ўроках і факультатыўных занятках веды далі навучэнцам магчымасць на практыцы замацоўваць тэарэтычныя веды, спрыялі павышэнню матывацыі да вывучэння беларускай мовы. Распрацаваная сістэма работы дазволіла павялічыць колькасць навучэнцаў, якія выбралі ў якасці выпускнога экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання беларускую мову. У 2015 годзе на ЦТ па беларускай мове сярэдні бал быў 45,6, а ў 2019-м — 69,2.

Золатам азораны шлях да дасягненняў: у 2019 годзе выпускніца гімназіі Юліяна Конанчык атрымала 100 балаў на ЦТ па беларускай мове, у 2020 годзе на 100 балаў здала тэсціраванне яшчэ адна вучаніца Жанны Мечыславаўны — Алена Круглік. Выпадковасць? Не, заканамернасць! Вынік штодзённай, мэтанакіраванай, карпатлівай працы настаўніка і вучня.

Перад кожным творчым настаўнікам, дзе б і з якой катэгорыяй навучэнцаў ён ні працаваў, абавязкова паўстае мноства пытанняў, над вырашэннем якіх ён часам працуе ўсё сваё педагагічнае жыццё. Жанна Мечыславаўна ніколі не спыняецца на дася­гнутым. З 2016 года яна з’яўляецца ўдзельніцай педагагічнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў у працэсе сеткавага ўзаемадзеяння”. І тут выявілася сме­ласць і зацікаўленасць Жанны Мечыславаўны ў пошуку новых ідэй і падыходаў. У прыватнасці, гаворка пра яе ўдзел у чытацкай анлайн-алімпіядзе “PROчытай”, міжнародных квілтах “Панядзелак пачынаецца ў суботу” і “Калядныя гісторыі”, абласным конкурсе “Педагагічная ІТ-мазаіка”, рэспубліканскай алімпіядзе “Чытач+”. Важнае месца ў жыцці педагога займаюць алімпіяды і конкурсы па прадмеце, выставы, пазакласныя мерапрыемствы: вусны часопіс “Пася­джэнне рэдкалегіі “Дзве мовы сталі роднымі мне змалку”, конкурс чытальнікаў “Жывая класіка”, тэатральная пастаноўка п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”, канцэрт, прысвечаны Дню Перамогі, і многія іншыя.

За час педагагічнай дзейнасці ў Жанны Мечыславаўны былі тры выпускі. Хочацца адзначыць яе ўменне адчуваць кожнае дзіця, заўважаць яго індывідуальныя магчымасці і асаблівасці, клопат пра ўсебаковае развіццё дзяцей, імкненне прывіць ім мастацкі густ, любоў да творчасці, да прыгожага, даць магчымасць праявіць сябе. Жанна Мечыславаўна шмат робіць для таго, каб жыццё яе выхаванцаў было цікавым і насычаным: арганізоўвае для іх паездкі ў тэатры, музеі, праводзіць пазакласныя мерапрыемствы. Яна звяртае ўвагу і на тое, каб усе вучні ўдзельнічалі ў іх, займаліся ў калектывах мастацкай творчасці і выступалі на канцэртах, у агітбрыгадах, конкурсах. Таму без перабольшання можна сказаць, што дзеці і бацькі лічаць свайго класнага кіраўніка першым і самым блізкім чалавекам у гімназіі. “Класны” — значыць лепшы, дзіўны, выдатны; значыць надзейны, які разумее; зна­чыць узор ва ўсім. І ў той жа час — кіраўнік! Менавіта ён той магніт, які прыцягвае да сябе дзяцей, натхняе іх на яскравыя, цікавыя справы, захапляе, падказвае, кліча за сабой!

Творчы патэнцыял настаўніцы ацанілі і калегі: Жанну Мечыславаўну пава­жаюць, да яе звяртаюцца за парадай, а часам дзеляцца і самым патаемным. І пры гэтым яна — неабсяжны акіян сціпласці, прыстойнасці і чалавечнасці. 

Многае з жыцця Жанны Мечыславаўны, на жаль, застанецца за рамкамі гэтага артыкула. Упэўненыя перамогі, заслужаныя ўзнагароды, высокія дасягненні… Але колькі б іх ні было — не гэта педагог лі­чыць галоўным у сваім прафесійным жыцці. Самая галоўная падзея — гэта ўрок, звычайны ўрок, дзе яна сустракаецца са сваімі любімымі вучнямі.

Жанна ПРОХАРАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі.