Акіян яму імя

- 10:29Людзі адукацыі

Вы ведаеце, які камень з’яўляецца сімвалам Беларусі? Вучні Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна ўпэўнена адкажуць: крэмень. Ды яшчэ і раскажуць пра яго ўтварэнне і незвычайныя якасці. Ім можна пазайздросціць: у іх жа геаграфію і гісторыю выкладае Леанід Раманавіч Калеснік — чалавек неверагоднай эрудыцыі, спалучанай з чуйнай душой паэта, пільным позіркам мастака, аналітычнымі здольнасцямі навукоўца, незвычайнай працаздольнасцю і адказнасцю, упрыгожанымі прыроднай сціпласцю і інтэлігентнасцю. За плячыма ў настаўніка — 30 гадоў творчага гарэння, бесперастаннага пошуку, бездакорнай адданасці справе. А параўнаць духоўны свет гэтага чалавека можна хіба толькі з невымернымі і неспазнанымі глыбінямі акіяна.

Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ Леаніду Раманавічу давялося папрацаваць у некалькіх навучальных уста­новах, аднак клікалі-вабілі баць­кава хата, дзедава поле, незабыўныя мясціны дзяцінства. Леанід Раманавіч прызнаецца, што, калі пад’язджае да сваёй роднай хаты, душа спявае: “Мой родны кут, як ты мне мілы…” А коласаўская “Новая зямля” і сёння яго любімы твор. Ды і сам ён нібы ўвасабленне дзядзькі Антося: клапатлівы сем’янін, умелы садавод, дбайны гаспадар, у якога “ўсё чыста так прыбрана, так гладка ўсё дапасавана…”. На падворку вас прыветна сустрэне драўляны кот-баюн, што падносіць госцю ахапак кветак у драўляным цабэрку. А вось плыве паміж прысад сядзібы карабель-альтанка. А побач заўзята цягае важкія гарбузы з агарода кракадзіл-лаўка. Пазваніце ў хату — і ўстрапянецца на адмысловым званку гарласты певень. Леанід Раманавіч — штукар, выдумшчык, якіх мала, а яшчэ і майстар — залатыя рукі. Мала хто з калег ведае, што рэдкія вольныя га­дзіны настаўнік прысвячае высакароднай біблейскай справе — сталярству. Яго вырабы, зробленыя з выдумкай і густам, аздабляюць хату і падворак.

Леанід Раманавіч вядомы ў вобласці і краіне як стваральнік адзінага на Беларусі сельскага школьнага музея землязнаўства “Каменны летапіс Зямлі”, гордасцю якога з’яўляецца найбагацейшая айчынная калекцыя фантазійных форм крэменю, здабытых настаўнікам і яго вучнямі.  Кіраўнік музея адзначае, што геаграфія экспанатаў ахоплівае тэрыторыю ад Урала да Афрыкі, прычым сціпла замоўчвае, што сам аб’ехаў усю Беларусь для пошуку патрэбных матэрыялаў, наведаў многія радовішчы карысных выкапняў і пазнаёміўся з экспазіцыяй падобных музеяў. Сёння музей землязнаўства, дзе налічваецца больш за 600 арыгінальных экспанатаў, вядзе актыўную адукацыйную, экскурсійную і пошукавую работу, развіваючы ўяўленне і пазнавальныя цікавасці школьнікаў. Частымі гасцямі бываюць тут не толькі школьнікі Бераставіцкага і суседніх раёнаў, але і дарослыя госці Бераставіччыны.

 Пры знаёмстве гісторык па адукацыі Леанід Раманавіч уражвае глыбокай дасведчанасцю ў геаграфіі, астраноміі, мінералогіі. Кола інтарэсаў настаўніка ахоплівае архітэктуру і мастацтва, анамастыку, археалогію, арніталогію, геральдыку, мастацкую літаратуру і ўсё, што тычыцца роднага краю. Чалавек неабыякавы і захоплены, “закаханы ў жыццё і ў кожную мушку”, ён творча і грунтоўна падыходзіць да любой справы: дабіўся, каб на месцы могільніка культуры шарападобных амфар каля в.Малыя Ёдкавічы ўстанавілі памятны камень-валун, сабраў багатую калекцыю фота помнікаў архітэктуры Бераставіччыны, многія з якіх сёння ўжо разбураны. Каб зацікавіць вучняў прыродазнаўчымі навукамі, настаўнік у свой час прыдумаў гурток “Тапаграфічны акіян”, дзе вучыў вучняў 7—9 класаў складанню плана мясцовасці, прыёмам работы з тапаграфічнай картай і вызначэнню мінералаў. Упэўнены ў тым, што лепшым сродкам пазнання роднага краю з’яўляюцца экскурсіі і назіранні, арганізаваў пошукавы лагер “Мерыдыян”, дзе даследаванні аб’ектаў прыроды і гісторыі былі спалучаны з экскурсіямі і прадуманым актыўным адпачынкам дзяцей. Імі даследаваны гарадзішчы і свяцілішчы, вывучаны і прасочаны ад вытокаў да вусця мясцовыя рэкі, знойдзены камяні-следавікі, камяні з рунамі, культавыя камяні, гіганцкія валуны, вызначана самая высокая вяршыня Бераставіцкага раёна, створаны навуковыя пашпарты валуноў Магілянскай грады. Акрамя пастаянных планавых экскурсій на шматлікія турыстычныя аб’екты Беларусі, настаўнікам арганізаваны паездкі ў польскія гарады, звязаныя з гісторыяй ВКЛ.

Адным з напрамкаў работы Леаніда Раманавіча з’яўляецца актыўная навукова-даследчая дзейнасць. Больш за 10 гадоў назад у школе пад яго кіраўніцтвам было створана першае ў раёне навуковае таварыства “Янус”. З таго часу вучні школы — пастаянныя ўдзельнікі і штогадовыя пераможцы раённых і абласных канферэнцый, краязнаўчых конкурсаў і форумаў. Заняткі даследчай дзейнасцю, на думку настаўніка, развіваюць камунікатыўныя кампетэнцыі, уменне знахо­дзіць і аналізаваць інфармацыю, вучаць мысліць аб’ектыўна і аб’ёмна. Для фарміравання даследчых кампетэнцый дзяцей настаўнік шырока выкарыстоўвае гістарычныя дакументы і на ўроках гісторыі Беларусі. Леанід Раманавіч — пастаянны ўдзельнік абласной творчай групы настаўнікаў-гісторыкаў. Вось і нядаўна ён дзяліўся сваім вопытам на чарговым абласным семінары, што прайшоў у Вялікаэйсмантаўскай школе па тэме “Даследчая дзейнасць як сродак рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні”.

Усебаковая адукаванасць і прафесійная кампетэнтнасц­ь настаўніка дапаўняюцца прыроджаным педагагічным талентам, які выражаецца ў тонкім веданні дзіцячай псіхалогіі, ва ўменні зацікавіць навучэнцаў, знайсці падыход да кожнага. На ўроках у Леаніда Раманавіча працуюць усе, тут не бывае сіндрому “пустых вачэй”. Відэаролік, карціна, помнік, карыкатура, музычны фрагмент — і ўжо ўсе захоплена разгадваюць чарговую гістарычную ці прыродную загадку. Вучні плацяц­ь любоўю свайму настаўніку за далікатны гумар, цярплівасць, бязмежную дабрыню, а калегі паважаюць за шырокую эрудыцыю, стрыманасць і карэкт­насць.

 Метадычныя распрацоўкі Леаніда Раманавіча публікаваліся ў “Настаўніцкай газеце”, часопісах “Народная асвета”, “Геаграфія”, ён двойчы ўдастоены дыпломаў рэспубліканскіх выстаў навукова-метадычнай літаратуры, шматразова ўзнагароджаны ганаровымі граматамі райвыканкама, тройчы — аблвыканкама.

Леанід Раманавіч паказвае фатаграфіі сваіх любімых вучняў… Адухоўленыя, засяроджаныя, высакародныя, асвечаныя работай думкі твары. Такія ж, як твар Леаніда Раманавіча, сціплага сельскага настаўніка, імя якому — АКІЯН.

Галіна РУМАК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.
Фота з архіва Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы.