Акругі без прэтэндэнта на мандат не засталося ні адной

Кампанія па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы 28-га склікання праходзіць спакойна і арганізавана. Пра гэта паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што выбарчая кампанія ў Беларусі “праходзіць нядрэнна, спакойна і арганізавана”. Пры гэтым яна звярнула ўвагу на змяншэнне колькасці кандыдатаў у дэпутаты. Некаторыя зняліся з перадвыбарнай гонкі, але гэта з’ява не мае масавага характару. Мінска гэта датычыцца ў меншай ступені, у сталіцы па-ранейшаму захоўваецца высокая канкурэнцыя паміж кандыдатамі ў дэпутаты.

Старшыня ЦВК растлумачыла змяншэнне колькасці прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. “Вельмі многія кандыдаты ідуць як дубліруючыя, у іх аднолькавыя праграмы. Ідзе аб’яднанне намаганняў”, — сказала яна, дадаўшы, што гэта распаўсюджаная практыка.

Нягледзячы на змяншэнне колькасці кандыдатаў, у Беларусі няма ніводнай акругі, дзе б не засталося ні аднаго прэтэндэнта на дэпутацкі мандат.

У безальтэрнатыўных акругах аб актыўнай агітацыі гаварыць складана. Але, напрыклад, у Мінску, дзе канкурэнцыя высокая і кандыдаты ствараюць выбарчыя фонды, за свае грошы заказваюць рэкламную прадукцыю, сітуацыя складваецца інакш. “У параўнанні з тым, што было раней, магу сказаць, што працэс мадэрнізуецца, кандыдаты становяцца больш актыўнымі”, — адзначыла Лідзія Ярмошына. Яна таксама звярнула ўвагу на даволі вялікую колькасць пікетаў.

Што датычыцца скаргаў, то яны ад удзельнікаў перадвыбарнай гонкі паступаюць, але практычна ўсе пасля разгляду прызнаюцца неабгрунтаванымі, сказала кіраўнік ЦВК.

Лідзія Ярмошына сустрэлася з прадстаўнікамі ўчастковых камісій Цэнтральнага раёна сталіцы, прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнцкім актывам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, што датычацца арганізацыі правядзення выбараў. Адбылася прэзентацыя абсталявання ўчасткаў для галасавання. Удзельнікі сустрэчы змаглі задаць найбольш актуальныя пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе выбарчай кампаніі.

Мясцовыя выбары ў Беларусі назначаны на 18 лютага. Датэрміновае галасаванне адбудзецца з 13 па 17 лютага ўключна.

Кандыдатамі ў дэпутаты, паводле апошніх даных, было зарэгістравана больш як 22,2 тыс. чалавек. У агульнай колькасці паміж удзельнікамі кампаніі будзе размеркавана крыху больш за 18 тыс. мандатаў.