Акрыленыя поспехам

- 6:00Сацыяльны ракурс
В.А.Малашка віншуе з перамогай Кірыла Марозава
В.А.Малашка віншуе з перамогай Кірыла Марозава
В.А.Малашка віншуе з перамогай Кірыла Марозава

Напярэдадні дня горада, 29 чэрвеня, у Магілёве адбылося ганаровае ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд і іх педагогаў вобласці. Не першы год Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт прысуджае прэміі вучням, пераможцам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, і педагогам, якія падрыхтавалі гэтых пераможцаў.

У апошнія гады Магілёўская вобласць зрабіла значны крок у развіцці алімпіяднага руху. Па выніках апошняй рэспубліканскай алімпіяды яна ўвай­шла ў тройку лідараў, а 86 школьнікаў былі адзначаны дыпломамі рознай вартасці. Ва ўрачыстай атмасферы ім былі ўручаны дыпломы Магілёўскага аблвыканкама і прэміі.
Так, вучні, якія заваявалі дыпломы I ступені, атрымалі прэмію ў памеры 30 базавых велічынь, вучні, якія атрымалі дыпломы II ступені, — 20 базавых велічынь, а ўладальнікам дыпломаў III ступені было ўручана па 10 базавых велічынь. 74 педагогі, якія падрыхтавалі пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, адзначаны прэміяй у памеры 10 базавых велічынь за падрыхтоўку кожнага пераможцы алімпіяды. А 12 педагогаў, якія з’яўляліся трэнерамі абласных каманд па падрыхтоўцы да заключнага этапу алімпіяды, атрымалі прэмію ў залежнасці ад колькасці дыпломаў у камандзе (ад 25 да 60 базавых велічынь).

Ушанаванне лепшых вучняў і іх педагогаў прайшло ў Палацы культуры вобласці, дзе таксама разгарнулася выстава, на якой установы адукацыі прадстаўлялі сваіх сёлетніх алімпіядных зорак. Ганаровае месца на той выставе займалі дзве ўстановы — Ліцэй Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і Магілёўскі абласны ліцэй № 3, выхаванцы якіх у гэтым годзе па выніках рэспубліканскай прадметнай алімпіяды атрымалі па 8 дыпломаў. На другім месцы па колькасці дыпламантаў рэспубліканскай алімпіяды (па 7 дыпломаў) — гімназія № 1 Магілёва і гімназія № 2 Бабруйска. Трэцяе ганаровае месца займае Магілёўскі абласны ліцэй № 1, вучні якога сёлета заваявалі пяць дыпломаў, тры з якіх — па фізіцы (настаўнік Ула­дзімір Іванавіч Грабцэвіч).

А.У.Вянглінская разам са сваімі алімпіяднікамі Д.Салаўёвым і А.Васілеўскім
А.У.Вянглінская разам са сваімі алімпіяднікамі Д.Салаўёвым і А.Васілеўскім

Як заўважылі педагогі Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, калі б яшчэ адзначаліся выхаванцы, якія атрымалі дыпломы на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах, то гэта была б амаль палова вучняў ліцэя. Сёння для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў у ліцэі ёсць усё неабходнае, а самае галоўнае — адораныя дзеці, якія штогод змагаюцца на ўступных іспытах за званне ліцэіста, і педагагічныя кадры, якія гатовы займацца з гэтымі дзецьмі, не шкадуючы свайго асабістага часу. Менавіта таму ёсць вынік. У прыватнасці, паспяховым год быў для настаўніка матэматыкі Ліцэя БРУ Вадзіма Анатольевіча Лабанка: двое яго вучняў сталі пераможцамі алімпіяды, а каманда юных матэматыкаў вобласці, трэнерам якой ён з’яўляўся, атрымала 7 дыпломаў і 4 пахвальныя водзывы. Тры дыпломы прывезлі з рэспубліканскай алімпіяды вучні настаўніцы інфарматыкі ліцэя Надзеі Міхайлаўны Бараноўскай, і двума дыпломамі адзначаны вучні Аляксандра Георгіевіча Сугакевіча, настаўніка астраноміі ліцэя.

Праца абавязкова прынясе жаданы станоўчы вынік, перакананы ў Магілёўскім абласным ліцэі № 3. Усе васьмёра пераможцаў алімпіяд адзначаюцца працавітасцю. Бронзавым медалём на міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе быў адзначаны Цімафей Навалаеў. (У мінулым годзе хлопец нават не ўдзельнічаў у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.) Толькі дзякуючы сваёй настойлівасці, Цімафей атрымаў такую высокую ўзнагароду. Іван Буякаў паспеў у гэтым годзе не толькі ў алімпіядзе па геаграфіі прыняць удзел і заваяваць дыплом ІІ ступені, а яшчэ за праект “Лясная казка” па стварэнні экалагічнага парку ў Магілёве атрымаць дыплом ІІІ ступені. Аліну Вайцянкову як пераможцу рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі (дыплом ІІ ступені) запрашалі для ўдзелу ў адборачных зборах па падрыхтоўцы да міжнароднай біялагічнай алімпіяды. У гэтым годзе дзяўчына не ўвайшла ў міжнародную каманду, але наперадзе ёсць яшчэ адзін навучальны год для таго, каб павысіць свой вынік. Тым больш што Аліна займаецца ў таленавітага педагога Наталлі Сяргееўны Колчынай. Наталля Сяргееўна ў гэтым го­дзе падрыхтавала двух пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, а яшчэ працуе над дысертацыяй.

Стабільна высокія вынікі на рэспубліканскай алімпіядзе дэманструюць выхаванцы гімназіі № 2 Бабруйска. У гэтым годзе ў іх 7 дыпломаў, 2 з іх заваявалі выхаванцы настаўніцы хіміі Алены Уладзіміраўны Вянглінскай. Алена Уладзіміраўна — вопытны настаўнік-алімпіяднік. На яе рахунку ўжо 10 пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды і адзін міжнароднай. Якраз на апошняй міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе яе вучань Дзмітрый Салаўёў быў адзначаны бронзавым медалём. Дасягаць такіх высокіх вынікаў у падрыхтоўцы алімпіяднікаў Алене Уладзіміраўне дапамагае асабісты вопыт удзелу ў алімпіядах. Школьніцай яна тройчы станавілася пераможцай абласнога этапу алімпіяды па біялогіі. Рыхтаваць дзяцей да інтэлектуальных спаборніцтваў пачала з першага года работы ў школе пасля заканчэння хімічнага факультэта БДУ. Па меркаванні настаўніцы, ёсць тры складнікі поспеху ў рабоце. Гэта выдатнае веданне прадмета, любоў да дзяцей і пастаяннае самаўдасканаленне. Калі з’яўляецца першы паспяховы вучань, то абавязкова з’явяцца новыя. Гэта як ланцуговая рэакцыя.

“Поспех акрыляе, — гаворыць А.У.Вян­глінская. — Калі вучань займаецца, трэба, каб ён перамагаў, у такім выпадку ён будзе рухацца наперад. У прыватнасці, вучачыся ў 8 класе, Аляксей Васілеўскі выступаў за 9 клас і атрымаў дыплом І ступені на вобласці і пахвальны водзыў на рэспубліцы. У мінулым годзе Аляксей атрымаў дыплом ІІІ ступені на рэспубліцы, а ў гэтым годзе — дыплом ІІ ступені. Ёсць патэнцыял у хлопца і вялікае жаданне, значыць, на наступны год вынікі будуць яшчэ вышэйшымі”.

Як адзначае Дзмітрый Салаўёў, дзякуючы прадмету “Хімія”, Алене Уладзіміраўне і гімназіі, ён змог раскрыць свае здольнасці, рэалізаваць сябе. Паступаць у ВНУ па выніках ЦТ для Дзмітрыя зусім не цікава. ЦТ — гэта толькі праверка ведаў, а алімпіяды — гэта яшчэ і інтэлектуальнае спаборніцтва, якое раскрывае асабістыя якасці, гэта зносіны з цікавымі людзьмі і набыццё новых сяброў.

Перамога школьнікаў на алімпіядах — гэта значны паказчык работы ўсёй сістэмы адукацыі вобласці, адзначыў у сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Анатольевіч Малашка. Ушанаванне пераможцаў алімпіяды па вучэбных прадметах стала на Магілёўшчыне добрай традыцыяй. У вобласці ўдзяляецца вялікая ўвага ўдасканаленню адукацыйнага працэсу, стварэнню ўмоў для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў, алімпіяднага руху. І як вынік — паспяховы ўдзел школьнікаў вобласці ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Сёлета заваявана 86 дыпломаў. 23 вучні сталі ўладальнікамі дыпломаў І ступені, абсалютным пераможцам алімпіяды па гісторыі стаў вучань Шклоўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Кірыл Марозаў. Магілёўшчына таксама ганарыцца бронзавым прызёрам V Міжнароднай алімпіяды навук аб Зямлі вучнем гімназіі № 2 Бабруйска Максімам Гуцакі, пераможцамі міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды (бронзавыя медалі) — вучнем Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Цімафеем Навалаевым і вучнем гімназіі № 2 Бабруйска Дзмітрыем Салаўёвым, а таксама камандай юных філолагаў, якая заняла першае каманднае месца на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

Асаблівую ўдзячнасць Валерый Анатольевіч Малашка выказаў педагогам, чый высокі прафесіяналізм, кампетэнтнасць, адданасць сваёй справе, любоў да дзяцей дазваляюць годна прадстаўляць Магілёўскую вобласць на інтэлектуальных спаборніцтвах самага высокага ўзроўню.

Святлана КІРСАНАВА.
kirsanava@ng-press.by
Фота аўтара.