Акцэнт на адукацыю і здароўе

- 14:27Выхаванне

Летняя аздараўленчая кампанія выйшла на фінішную прамую. Нягледзячы на тое, што ў многіх лагерах яшчэ працягваюцца чацвёртая і пятая змены адпачынку, папярэднія вынікі можна падвесці. На сёння аздароўлена ўжо каля 340 тысяч беларускіх дзяцей, што складае больш за 95 працэнтаў ад запланаванай колькасці. Адшліфаваная сістэма летняга аздараўлення дазваляе дзецям не толькі адпачыць, але і раскрыць свой творчы патэнцыял.

Асаблівасцю сёлетняй аздараўленчай кампаніі, якая праходзіць пад дэвізам “Лета — час адкрыццяў”, стаў перанос акцэнтаў на адукацыйную і сацыяльна значную дзейнасць. У цэнтры ўвагі — старэйшая ўзроставая катэгорыя дзяцей (14—18 гадоў). Каб ахапіць большую колькасць падлеткаў, павялічваецца колькасць профільных аздараўленчых устаноў, дзе дзеці не толькі папраўляюць здароўе, але і атрымліваюць пэўную дадатковую адукацыю, спартыўнае ці працоўнае выхаванне. Запатрабаваны палатачныя лагеры, профільныя лагеры для адораных і высокаматываваных дзяцей, лінгвістычныя, экалагічныя і археалагічныя летнікі. Выклікаюць цікавасць маладога пакалення і абаронна-спартыўныя лагеры.

На працягу апошніх пяці гадоў папулярнасць набываюць летнія лагеры працы і адпачынку. Па выніках першых двух летніх месяцаў працавала 940 такіх устаноў з дзённым і кругласутачным знаходжаннем. Іх запаўняльнасць заўсёды знаходзіцца на высокім узроўні. “У лагерах працы і адпачынку дзеці зарабляюць ад 100 да 220 беларускіх рублёў за змену. Згадзіцеся, гэта істотная падтрымка сямейнага бюджэту. Сёлета ў лагерах гэтай катэгорыі адпачывалі, працавалі і аздараўляліся каля 15 тысяч дзяцей — 92 працэнты ад запланаванай колькасці. Але апошнія змены ў многіх установах яшчэ толькі пачаліся, таму выніковыя лічбы будуць вышэйшымі, — расказвае кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Беларусі Ларыса Емяльянчык. — Не забываем мы і пра дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівай педагагічнай увазе. На гэты момант прайшлі аздараўленне больш за 10 тысяч такіх дзяцей”.

У апошнія гады расце колькасць дзяцей-інвалідаў, якія, дзякуючы стварэнню безбар’ернага асяроддзя, адпачываюць у лагерах з кругласутачным знаходжаннем не толькі самастойна, але і з бацькамі. Сумесны адпачынак дазваляе выехаць у такія ўстановы і дзецям-калясачнікам. У прыватнасці, аздараўленчы цэнтр “Зорны” пад Радашковічамі на працягу 10 гадоў прымае на сумеснае знаходжанне з бацькамі дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. У лагераў Мінскага раёна ёсць вопыт аздараўлення дзяцей, хворых на сахарны дыябет, і дзяцей з паталогіямі сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Яшчэ адной асаблівасцю сёлетняй аздараўленчай кампаніі стала тое, што ўпершыню была праведзена змена летняга аздараўлення для хворых на гемафілію дзяцей. “Гэтае захворванне заўсёды было супрацьпаказаннем для адпачынку ў летніх лагерах. Аднак пры ўзаемадзеянні Міністэрства аховы здароўя, Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва і супрацоўнікаў санаторыя “Пралеска” ўдалося арганізаваць адпачынак і аздараўленне 26 дзяцей з цяжкім захворваннем крыві”, — расказаў начальнік аддзела па ўзаемадзеянні з органамі дзяржкіравання і метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксей Жалянкоў. — Такім новым для нас вопытам засталіся задаволеныя і арганізатары, і самі адпачывальнікі. У планах — працягнуць удалы праект у будучым аздараўленчым сезоне”.

Дарэчы, падчас падрыхтоўкі да гэтага аздараўленчага сезона была праведзена сур’ёзная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы лагераў. На гэта пайшло 28,2 млн рублёў, у тым ліку 24,7 млн рублёў сродкаў уласнікаў лагераў. Гэта ў тры разы больш, чым у мінулым годзе. “У цэлым на правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі было выдзелена 38 млн рублёў дзяржаўных сродкаў. З іх ужо выкарыстана каля 35 млн. Сярэдні кошт пуцёвак у кругласутачныя лагеры ў гэтым годзе складае 380 беларускіх рублёў, у дзённыя лагеры — 90 беларускіх рублёў. Але шырокія катэгорыі сем’яў маюць права скарыстацца патанненнем кошту дзіцячых пуцёвак на 50 працэнтаў, а некаторыя і на 100 працэнтаў”, — расказаў Аляксей Жалянкоў.

Сярод асаблівасцей гэтай аздараўленчай кампаніі варта адзначыць і тое, што беларускія лагеры актыўна запрашаюць на адпачынак дзяцей з іншых краін. Так, па запрашэнні кіраўніка дзяржавы ў Беларусі праходзяць аздараўленне 80 дзяцей з Сірыі. Госці прыбылі ў Беларусь 14 жніўня. Іх адпачынак працягнецца да 28 жніўня. 40 дзяцей і чацвёра суправаджаючых дарослых будуць праходзіць аздараўленне ў Нацыянальным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, яшчэ столькі ж адпачне ў лагеры “Крынічка”.

Трэба адзначыць, што ў нашай краіны ёсць багаты вопыт работы з дзецьмі з крызісных рэгіёнаў свету. Калі адбылося землетрасенне ў Спітаку (Арменія), “Зубраня” цэлы год прымала дзяцей, якія пацярпелі ад стыхійнага бедства. Адпачывалі тут пасля цунамі, якое адбылося ў Японіі, і маленькія жыхары гэтай краіны. Таксама Беларусь прымала дзетак з Палесціны і іншых краін з неспакойным становішчам.

Супрацоўнікі лагераў “Крынічка” і “Зубраня” падышлі да прыёму сірыйскай дэлегацыі ўважліва. Загадзя былі вырашаны ўсе бытавыя пытанні: вывучаны асаблівасці харчавання гасцей і складзена адпаведнае меню, асаблівасці іх адзення, паводзін, улічаны гігіенічныя патрабаванні. Падрыхтавана не толькі камфортная матэрыяльна-тэхнічная база, але і знойдзены перакладчыкі, складзена праграма аздараўлення і адпачынку замежных гасцей.

“Сярод сірыйскіх гасцей ёсць сіроты, дзеці, якія разам з бацькамі перажылі палон, выхаванцы прытулкаў, дзеці, якія падтрымліваюцца дабрачыннымі фондамі. Вельмі прыемна, што, як толькі яны былі запрошаны на адпачынак у Беларусь, беларускія дабрачынныя фонды сталі актыўна прапаноўваць нам сваю падтрымку і дапамогу. Гэта сведчыць аб чуласці і добразычлівасці беларусаў”, — падкрэсліла дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Ануфрыева.

Улічваючы тое, што дзеці на радзіме перанеслі эмацыянальныя і фізічныя траўмы, упор у рабоце з імі зроблены на аздараўленне. Дзеці праходзяць абследаванне ў Мінскай абласной дзіцячай бальніцы ў Бараўлянах, дзе наведваюць усіх вузкіх спецыялістаў. У адпаведнасці са станам здароўя ім прадастаўлена неабходнае санаторна-курортнае лячэнне. Таксама на базе НДЦ “Зубраня” другі год дзейнічае сучасны медыцынскі цэнтр, дзе можна атрымаць бальнеалагічнае і фізіатэрапеўтычнае лячэнне, стаматалагічную дапамогу і многае іншае.

Арганізатары аздараўлення плануюць не толькі ўмацаваць здароўе замежных гасцей, але і пазнаёміць бліжэй з нашай краінай. Для дзяцей запланавана серыя экскурсій па знакамітых мясцінах Беларусі: Мірскі і Нясвіжскі замкі, Нарачанскае кальцо, агратурыстычны комплекс “Наносы-Наваселле”, экскурсія ў Мінск. “Вядома, яшчэ адна немалаважная задача — забяспечыць дзецям кантакт, узаемадзеянне. Іх чакае вясёлая праграма — з конкурсамі, гульнямі і атракцыёнамі. Таксама плануем наладзіць дзень знаёмства сірыйскіх дзяцей з беларускай кухняй, а нашых — з сірыйскай, — дадала Надзея Ануфрыева. — Але асабіста хачу падкрэсліць, што незалежна ад нацыянальнасці ўвага да дзяцей павінна быць аднолькавай. Мы стараемся стварыць усе магчымыя ўмовы для таго, каб было камфортна кожнаму дзіцяці”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.