Акцэнт — на базавых каштоўнасцях

- 9:00Адукацыйная прастора

Грунтоўная размова аб базавых каштоўнасцях адбылася падчас круглага стала “Моцная сям’я — моцная дзяржава: адзінства ў краіне пачынаецца з яднання ў сем’ях”. Мерапрыемства, якое па традыцыі было прымеркавана да Дня маці, прайшло ў прэс-цэнтры Дома прэсы. 

Арганізатарамі выступілі Міністэрства інфармацыі, ГА “Беларускі саюз жанчын” і РУП “Дом прэсы”. Падобная сустрэча напярэдадні Дня маці паспела стаць добрай традыцыяй. Тэма мацярынства, сям’і і іх непарыўнай сувязі з дзяржавай сёлета была рагледжана ўсебакова. Гаварылі пра тое, што сёння робіцца ў гэтай важнай сферы, якія праблемы турбуюць, якія назіраюцца змяненні і новаўвядзенні.

— Як паказаў час, тэма мерапрыемства асабліва актуальная: адзінства ў грамадстве пачынаецца з яднання ў сям’і, — адзначыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі член прэзідыума ГА “Беларускі саюз жанчын” Лілія Станіславаўна Ананіч. — Сёння нам усім важна асэнсоўваць, што інстытут сям’і — самы галоўны базавы інстытут у развіцці нашага грамадства і дзяржавы. Усё пачынаецца менавіта адтуль. І тое, што закладзена ў сям’і, пасля суправаджае чалавека па жыцці.

Сацыяльная палітыка нашай дзяржавы накіравана якраз на падтрымку сям’і. Выклікаюць гордасць і самы вялікі дэкрэтны адпачынак, і 11 відаў дапамогі для дзяцей, і іншыя дасягненні сямейнай палітыкі. І такая пазіцыя прыносіць плён! Колькасць мнагадзетных сямей ужо дасягае 114 тысяч. Толькі за апошнія 10 гадоў да іх дабавілася амаль 45 тысяч. Усяго ж па выніках апошняга перапісу насельніцтва ў Беларусі 2 млн 691 тысяч сямей. У іх расце 1 млн 767 тысяч дзяцей. У 57% сямей выхоўваецца адно дзіця, у 33,5% — двое, а астатнія — мнагадзетныя. 

У сваім выступленні Лілія Станіславаўна звярнула ўвагу на тое, што важна, каб працэс дапамогі і падтрымкі не быў аднабаковым. Неабходна, каб сям’я таксама была сапраўднай апорай дзяржавы. Яе важкі ўклад — гэта, безумоўна,  выхаванне гарманічных асоб, якія любяць сваю малую радзіму і краіну. 

— Калі мы гаворым, што дзяржава моцная, калі моцная сям’я, гэта не пустыя словы, а неад’емная частка жыццеўладкавання грамадскасці. Нам неабходна разам з абмеркаваннем гэтай праблематыкі трансліраваць грамадзянскую пазіцыю праз сродкі масавай інфармацыі, праз крыніцы, якія выступаюць камунікацыйнымі рэсурсамі паміж грамадствам і органамі ўлады для атрымання зваротнай сувязі, — працягнуў размову намеснік міністра інфармацыі Ігар Іванавіч Бузоўскі. — Такая работа мае адзіную мэту — умацаванне сям’і і сямейных каштоўнасцей. Гэта асабліва важна сёння, калі ідзе трансфармацыя грамадства. 

У якасці яркага прыкладу Ігар Іванавіч прывёў рэспубліканскі творчы конкурс “Моцная сям’я — моцная дзяржава”, вынікі якога былі падведзены падчас круглага стала. Конкурс ладзіцца ўжо 14 гадоў менавіта дзеля рэалізацыі задач дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі, умацавання прэстыжу інстытута сям’і ў грамадстве як асновы дабрабыту грамадства і дзяржавы, папулярызацыі сямейных каштоўнасцей і традыцый. 

На важных пытаннях выхавання ў сям’і і школе спыніла ўвагу галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Фёдараўна Сімакова. Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што ў пытаннях выхавання падрастаючага пакалення задзейнічаны ўсе ўзроўні адукацыі. У любой навучальнай установе, пачынаючы з дашкольнай ўстановы і заканчваючы ўніверсітэтам, праз увесь адукацыйны працэс праходзіць тэма выхавання. Яна змяшчаецца ў вучэбных прадметах, факультатывах і пазаўрочнай дзейнасці, у сістэме дадатковай адукацыі. А ў бягучым навучальным годзе выхаваўчы складнік адукацыйнага працэсу ўзмоцнены. Распачата рэалізацыя Праграмы бесперапыннай адукацыі дзяцей і вучнёўскай моладзі. Гэта робіцца менавіта сумесна з сям’ёй, бо сямейнае выхаванне стала адным з блокаў гэтай праграмы. 

— Безумоўна, мы бачым праблемы, якія ёсць у нашым грамадстве: гэта і нестабільнасць сямейных адносін, і вялікая колькасць разводаў, і спрэчкі бацькоў па выхаванні дзяцей, — сказала А.Ф.Сімакова.  — Таму мы разумеем, што падрыхтоўка дзяцей і моладзі да сямейнага жыцця — задача, якая таксама павінна быць у прыярытэце. Гэта ўлічана пры распрацоўцы дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека”. Была пастаўлена задача пашырэння сеткі факультатываў, якія рыхтуюць дзяцей да сямейнага жыцця. Акрамя таго, атрымала актыўнае развіццё такая форма ўзаемадзеяння, як “бацькоўскія ўніверсітэты”.

Сёння перад педагогамі стаіць задача не толькі прыцягваць бацькоў да выхаваўчага працэсу, але і павышаць іх адукацыйны ўзровень у пытаннях выхавання. Татаў і мам будуць знаёміць з лепшымі выхаваўчымі практыкамі, даваць ім веды па псіхалогіі развіцця дзіцяці. Таксама важна пастаянна абменьвацца ўласным станоўчым вопытам па выхаванні сыноў і дачок.

У ліку спікераў былі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Людміла Яўгеньеўна Здорыкава і Наталля Эдуардаўна Тарасенка. Парламентарыі падкрэслілі: ёсць неабходнасць прапагандаваць у грамадстве традыцыйнае сямейнае выхаванне, каштоўнасць сям’і. Так, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Наталля Эдуардаўна Тарасенка падзялілася ўласным цікавым вопытам. Калі яна была дырэктарам школы, то старалася навучыць дзяцей ганарыцца сваімі бацькамі. Гэтаму выдатна спрыяла гульня “Горад майстроў”. На кожнай станцыі быў прадстаўлены нехта з татаў ці мам: пекар, педагог, медработнік… Для дзяцей гэта было вельмі значна — часам яны абсалютна па-новаму глядзелі на сваіх родных, пачыналі па-сапраўднаму ганарыцца імі. 

Выдатным вопытам падтрымкі сямей сваіх супрацоўнікаў і свайго ўкладу ў дабрачыннасць падзяліліся прадстаўнікі ААТ “Белаграпрамбанк”. Адметна, што вядзецца вялікая сістэматычная работа, дзякуючы якой удаецца рабіць шмат карыснага людзям. Аб сваім унікальным шляху дабрыні расказала старшыня цэнтра падтрымкі дзяцей і мацярынства “Матуля” кавалер ордэна Маці Вераніка Уладзіміраўна Сярдзюк. Запушчаны і паспяхова працуе  шэраг выдатных праектаў, якія накіраваны на   хуткую  дапамогу жанчыне ў любой крызіснай сітуацыі, псіхалагічную падрыхтоўку цяжарных да мацярынства, захаванне гендарнага здароўя дзяўчынак і іншыя найважнейшыя кірункі.

Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.